Мастацкі пленэр у Глыбокім: юбілею Язэпа Драздовіча прысвячаецца!

Пра пленэр піша яго арганізатар і ўдзельніца Галіна Флікоп-Світа.

Сёлета з 29 ліпеня па 3 жніўня ў Глыбокім праходзіў мастацкі пленэр, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння выбітнага і самабытнага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Удзельнікамі і арганізатарамі гэтай мастацкай падзеі выступілі выпускнікі 2007 года кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вера Каўзановіч, Ніна Маргаева, Кацярына Малама, Таццяна Анушка і аўтар гэтых радкоў – Галіна Флікоп-Світа.

Шаноўнага чытача хачу пазнаёміць бліжэй з сябрамі нашай творчай суполкі іх некаторымі працамі.

Вера Каўзановіч – графік-акварэліст, куратар Міжнароднай супольнасці акварэлі ў Беларусі “International Watercolor Society” (з 2016 г.); арганізатар мастацкага пленэру нашай суполкі ў в. Нароча Вілейскага р-на ў 2014 г. Нарадзілася ў 1984 г. у г. Вілейка Мінскай вобласці. З 2004 г. удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, конкурсаў і праектаў у Беларусі, Расіі, Албаніі, Славакіі, Італіі і інш. У 2005 – 2008 гг. – сябра Моладзевага творчага аб’яднання мастакоў-акварэлістаў “ПраСвет”. У 2008 г. у мінскай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылася персанальная выстава сумесна з Нінай Маргаевай “Дыярыуш”. У 2018 атрымала I месца на Міжнародным фестывалі «MiniWatercolor»  (Кіеў, Украіна). Яе творы знаходзяцца ў Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны (г. Орша), Міжнародным музеі акварэлі (International Watercolor Museum) (г.Фабрыяна, Італія). Удзельнік мастацкіх пленэраў нашай суполкі ў 2007 – 2012 гг., 2014 – 2018 гг. Жыве ў Вілейцы.

Ніна Маргаева – жывапісец-акварэліст, педагог, арт-тэрапеўт; аўтар праграм, курсаў і майстар-класаў па выяўленчым мастацтве з выкарыстаннем сучасных методык выкладання; мастацкі кіраўнік прыватнай майстэрні “PLOT” у Мінску, арганізатар выніковых выстаў студыі, мастацкіх летнікаў і пленэраў. Нарадзілася ў 1984 г. у Мінску. З 2004 г. – удзельнік рэспубліканскіх выстаў. У 2005 – 2008 гг. – сябра Моладзевага творчага аб’яднання мастакоў-акварэлістаў “ПраСвет”. У 2007 г. у філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Доме-музеі Ваньковічаў адбылася персанальная выстава “Мегаполіс”. У 2008 г. у мінскай галерэі “Універсітэт культуры” прайшла выстава сумесна з Верай Каўзановіч “Дыярыуш”. У 2016 г. – мастак метафарычнай псіхалагічнай калоды “Вытокі”. Удзельнік усіх мастацкіх пленэраў з 2007 г. Жыве ў Мінску.

Таццяна Анушка – мастак выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганізатар пленэраў нашай суполкі ў 2011 г. у в. Дзягілі Мядзельскага р-на Мінскай вобласці, у 2012, 2016 і 2017 гг. у в. Казлы Вілейскага р-на, у 2015 г. у в. Сакалы Вілейскага р-на. Нарадзілася ў 1984 г. у в. Дзягілі Мядзельскага р-на. У 2007 г. удзельнічала ва ўніверсітэцкіх выставах, у 2014 – 2017 гг. Прымала ўдзел у выставах-кірмашах “Млын”, “Веснавы букет”, “Свята Рыбы”. Аўтар твораў у тэхніках мастацкага роспісу, саломапляцення, лепкі з пластыку; займаецца вырабам інтэр’ерных рэчаў з джуту і лёну. Удзельнік усіх мастацкіх пленэраў нашай суполкі з 2010 г. Жыве ў Мінску.

Кацярына Малама – фотамастак, акварэліст, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганізатар пленэра нашай суполкі ў 2013 г. у в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобласці. Нарадзілася ў 1984 г. у г. Бяроза Брэсцкай вобласці. У 2007 г. удзельнічала ва ўніверсітэцкіх выставах, у 2008 – у выставах у в. Дабраўляны і г. Смаргоні. У 2009 г. у Палацы дружбы народаў у Мінску ў межах праекту «У пошуках сваіх каранёў і сябе сучаснай» адбылася персанальная фотавыстава “Я – сапраўдная”, на якой былі прадстаўлены жаночыя партрэчы. Аўтар шэрагу твораў мастацкага тэкстылю і пэчварку, стваральнік аўтарскіх лялек для лялечнага тэатра г. Бярозы і аўтар сувеніраў для вытворчасці ў Дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры ў г. Бярозе ў 2010 – 2011 гг. Удзельнік мастацкіх пленэраў нашай суполкі ў 2008, 2011 – 2014, 2016, 2018 гг. Жыве ў Мінску.

Галіна Флікоп-Світа – кандыдат мастацтвазнаўства, даследчык сакральнага беларускага мастацтва, мастак-графік; аўтар больш як 80 навуковых публікацый па гісторыі беларускага мастацтва ў выданнях Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы, Туркменістана. Арганізатар пленэра-вандроўкі “Шляхамі Напалеона Орды” ў 2007 г. і мастацкага пленэра з удзелам сябраў Беларускага саюза мастакоў “Успамін пра Дабраўляны” ў 2008 г., арганізатар пленэраў у в. Беражное Столінскага р-на Брэсцкай вобласці ў 2010 г. і пленэра ў г. Глыбокае ў 2018 г. Нарадзілася ў 1984 г. у г. Ліда Гродзенскай вобласці. У 2007 – 2008 гг. удзельнічала ў мастацкіх выставах у Пінску, Варацэвічах (Іванаўскі р-н), Дабраўлянах (Смаргонскі р-н) і Смаргоні. Удзельнік мастацкіх пленэраў 2007, 2008, 2010 – 2012 гг., 2014 – 2018 гг. Жыве ў Мінску.

Пералічаныя творцы, а таксама яшчэ адзін сябар нашай суполкі – Уладзімір Матораў, які гэтым разам далучыўся ў канцы ў якасці гледача выніковай выставы, ужо на працягу адзінаццаці гадоў ладзяць такога кшталту мастацкія праекты. Традыцыя штогод праводзіць тыднёвыя пленэры вядзецца намі з часу заканчэння ВНУ. Разам з тым, сёлетняя мастацкая падзея з’яўляецца для нас знакавай, бо пленэр прайшоў на новым арганізацыйным узроўні і ў крыху новым фармаце. Аднак перш чым перайсці да расповеду пра яго, трэба колькі словаў сказаць пра нашыя папярэднія праекты, што заклалі падмурак да гэтай дзесяцігадовай традыцыі, якую мы пастараемся працягваць і надалей.

Так, у 2007 г. адбыўся першы пленэр, які быў прысвечаны 200-гадоваму юбілею з дня нараджэння вядомага беларускага графіка Напалеона Орды. Пленэр праходзіў у фармаце вандроўкі па некаторых з мясцінаў, некалі наведаных названым творцам ХІХ ст. Мы пабывалі ў Слоніме, Ружанах, Косаве і Пінску. У апошнім з гарадоў у Доме культуры была зладжана аднадзённая выстава – прамежкавая прэзентацыя нашых творчых вынікаў. Там жа да нас далучыўся жыхар Пінска, выбітны графік Яўген Шатохін, а таксама прыехаў з Мінска загадчык кафедры, на якой мы навучаліся, вядомы акварэліст Уладзімір Рынкевіч. У такім складзе мы накіраваліся на радзіму Напалеона Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобласці, дзе ў мастацкай галерэі на месяц размясцілі для эскпанавання свае эцюды і замалёўкі. Вынікам усяго праекту стала выстава ў Мінску ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, дзе ўжо былі прадстаўлены творы, выкананыя на аснове пленэрных работ.

Амаль у такім жа фармаце быў зладжаны і другі наш пленэр, які праходзіў у 2008 г. на радзіме графіка Казіміра Бахматовіча ў в. Дабраўляны Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і быў прысвечаны 200-годдзю з дня яго нараджэння. Праўда, гэтым разам удзельнікі, сярод якіх былі і пералічаныя на пачатку артыкула творцы, і студэнты-мастакі, і сябры Беларускага саюза мастакоў не пераязджалі з месца на месца, а малявалі ў адной вёсачцы. Сярод апошніх – згаданыя вышэй Уладзімір Рынкевіч і Яўген Шатохін, а таксама акварэлісты Вячаслаў Паўлавец, Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў. Прэзентацыя вынікаў была прадстаўлена на свяце вёскі Дабраўляны, пасля чаго эцюды і замалёўкі накіраваліся ў раённы цэнтр, дзе ў гарадскім Доме культуры экспанаваліся каля двух месяцаў. Гэтым разам, як і ў 2007 г., заключным этапам стала выстава ў Мінску ў галерэі “Універсітэт культуры”, дзе былі прадстаўлены творчыя работы, напісаныя на аснове натурных замалёвак. Арганізатарам гэтых двух пленэраў выступіў аўтар гэтых радкоў.

У 2009 г., паводле прыкладу папярэдніх праектаў, на Аршаншчыне – радзіме гравёра Міхала Падалінскага – быў зладжаны Рэспубліканскі пленэр “Нашчадкі Міхала Падалінскага”, арганізатарам якога выступіў Уладзімір Рынкевіч пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Сярод удзельнікаў былі і прадстаўнікі нашай творчай суполкі Вера Каўзановіч, Ніна Маргаева, Уладзімір Матораў. Вынікі пленэру былі прадстаўлены ў мінскім Палацы мастацтваў. Разам з тым для нас гэты праект паказаў неабходнасць пераходу да больш камернага фармату пленэраў.

З 2010 года нашыя пленэры пачалі праходзіць у складзе адных і тых жа ўдзельнікаў, імёны якіх ужо прыведзены на пачатку артыкула. У мастацкім плане такія творчыя выезды ў новыя мясціны далі нам вельмі шмат, бо гэта не толькі чарговы досвед працы на натуры, але і незабыўныя ўражанні, якія натхняюць і садзейнічаюць узнікненню мастацкіх вобразаў. Гэта размовы пра мастацтва і мастакоў, пра кампазіцыю і каларыт, пра фарбы і пэндзлікі, пра жыццё і мары. Для нас гэта не толькі магчымасць памаляваць, але і нагода сустрэцца з аднадумцамі, некаторыя з якіх цяпер жывуць у іншых гарадах. Цяжка сказаць, што ў дадзеным выпадку больш садзейнічала творчаму развіццю: праца над эцюдамі і замалёўкамі ці размовы пра мастацтва з сябрамі, з якімі разам прайшлі цудоўныя студэнцкія гады ў вышэйшай мастацкай навучальнай установе? Бо для творцы важным з’яўляецца не толькі працэс малявання, але і шлях асэнсавання, які праходзіць праз абмеркаванне і аналіз сваіх і чужых твораў.

Пленэры, якія мы ладзілі з 2010 і па 2017 гг. уключна, не былі прымеркаваныя да пэўных дат і падзей з нашай гісторыі мастацтва і не завяршаліся выніковымі выставамі. Мэтай гэтых творчых вандровак было найперш назапашванне матэрыялу, паглыбленне навыкаў працы на натуры, атрыманне новага досведу і новых уражанняў, знаёмства з рознымі мясцінамі Беларусі. У 2010 г. мы малявалі ў в. Беражное Столінскага р-на Брэсцкай вобласці; у 2011 г. – у в. Дзягілі Мядзельскага р-на Мінскай вобласці; у 2012 г. – у в. Казлы Вілейкага р-на Мінскай вобласці, у 2013 г. – у в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобласці; у 2014 – 2017 гг. – у вв. Нароча,  Сакалы і двойчы ў в. Казлы Вілейcкага р-на Мінскай вобласці.

На некаторыя з гэтых мастацкіх выездаў да нас далучаліся нашыя сем’і: мужы і дзеці. Прычым дзеці таксама захапляліся творчым працэсам і станавіліся паўнавартаснымі ўдзельнікамі пленэру. А нашыя мужчыны звычайна ўскладалі на сябе вырашэнне побытавых пытанняў, каб мы мелі больш часу непасрэдна на мастацкую працу. Сёлета ў якасці падтрымкі з намі знаходзіўся Іван Світа, які выступіў фотакарэспандэнтам і зафіксаваў на здымках наш творчы працэс.

А вось у 2018 г. мы вярнуліся да вытокаў нашай пленэрнай дзейнасці: прымеркавалі пленэр да юбілею з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, зладзіўшы яго ў Глыбокім, дзе ён быў ахрышчаны ў касцёле Св. Тройцы. Сімвалічна, што мы – удзельнікі пленэру – і жылі пры гэтым храме – у былой плябані. Карыстаючыся магчымасцю, хочацца падзякаваць ксяндзу Мікалаю, які падтрымаў нашую творчую ініцыятыву і пасяліў нас ва ўтульным будыначку пры касцёле.

Наш пленэр пачаўся са знаёмства з Глыбокім. Дзякуючы выдатнаму знаўцу гэтых мясцінаў, настаўніку Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча Юрыю Калбасічу нам удалося пабываць усюды: ад храмавых сутарэнняў да вежы-званіцы, зазірнуць ва ўтульныя старыя дворыкі і палюбавацца іканапісам у саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, абысці возера Кагальнае і пашпацыраваць па беразе ракі Бярэзвіцы, наведаць архітэктурныя ўзоры польскага канструктывізму і пагуляць ля хат у закапанскім стылі. З такой глыбокай экскурсіі па Глыбокім мы даведаліся і пра гісторыю паселішча, і пра выбітных людзей, і пра найбольш значныя культурныя помнікі. Гэта дазволіла нам лепш адчуць горад, прасякнуцца яго атмасферай, зразумець тутэйшых жыхароў. Акрамя таго, гэта дапамагло нам у пошуку матываў для эцюдаў і замалёвак.

У сваіх натурных работах мы імкнуліся перадаць і цікавы рэльеф мясцін, дзе на ўзгорках узвышаюцца храмы і праглядаюцца з усіх бакоў і кірункаў; і рытмы стрэх хатаў, якія добра бачныя з вышыні, і гульню святла і ценю, што выразна назіралася ў гэтыя спякотныя дні, і маляўнічыя заходы сонца над возерам Кагальным, а таксама адлюстраванні дрэваў у вадзе сажалкі мясцовага дэндрапарку. Разнастайнасць матываў і вобразаў, якая нас напаткала ў Глыбокім, пасадзейнічала нашай надзвычай плённай працы і прывяла да добрых вынікаў.

Заключны прагляд быў зладжаны ва ўтульным будыначку пры касцёле, і на ім акрамя нас – удзельнікаў пленэру – у якасці гледачоў прысутнічалі настаўнікі Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, а таксама прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Фактычна закрыццё пленэру прайшло ў фармаце выставы-прэзентацыі. Мы хочам выказаць шчырую падзяку ўсім, хто праявіў цікавасць да нашай творчасці!

Наступны этап, над якім мы ўжо пачалі інтэнсіўна працаваць, – напісанне творчых работ на аснове натурных замалёвак. Гэтыя працы разам з пленэрнымі эцюдамі і накідамі мяркуецца выставіць у Глыбокім сёлета восенню.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі