Манахіня з Віцебска ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы: размова з сястрой Дам’янай Д’якону

Беларуская сястра Дам’яна Д’якону з Кангрэгацыi Сясцёр Езуса Мiласэрнага зараз працуе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.  Манахіня распавядае чытачам “Каталіцкага Весніка” пра сваю веру і дапамогу тым, хто ў патрэбе, а таксама дзеліцца праявамі Божай Міласэрнасці ў сваім жыцці.

– Сястра Дам’яна, раскажыце крыху пра сябе.

– Я нарадзілася ў Мёрах. У мёрскім касцёле мяне хрысцілі, але не запісалі ў актах хросту. Мой бацька быў вайскоўцам і некаторы час нават не ведаў пра мой хрост. Ксёндз Грабоўскі, тагачасны пробашч парафіі, папярэдзіў маму з бабуляй: калі хтосьці нешта спытае, каб мы сказалі, што толькі хацелі паглядзець касцёл.

Такія былі часы. Наш тата не верыў у Бога і не хацеў, каб яго дзеці верылі. Ён пераконваў мяне, што вера не мае нічога агульнага з рэальным жыццём. Я пачала ўзвышацца над маімі сваякамі-вернікамі. Задавала ім розныя пытанні пра Бога, а яны часта не мелі адказу. Толькі проста верылі і маліліся. Калі мне было дванаццаць гадоў, я дакучала сваёй цётцы, спрабуючы яе пераканаць, што Бога няма. Яна ж мне адказвала: “Каму Бог не патрэбны, той няхай не верыць”. Я адчула, што мая балбатня параніла жанчыну. Тады паабяцала сабе, што больш ніколі не буду так размаўляць з вернікамі. Я параўнала веру з інваліднасцю майго дзядзькі: мне нічога не перашкаджае яго любіць толькі праз тое, што ён кульгае.

Пасля заканчэння школы мае бацькі пераехалі ў Віцебск. Мая стрыечная сястра трапіла ў абласную бальніцу. Ужо некалькі гадоў у яе быў рак. Калі я прыйшла яе наведаць, то зразумела, што яна памірае. Мама папрасіла айца Януша, каб яе падрыхтаваў да смерці. Сястра памірала ў мяне на руках, яе муж запаліў грамніцу. “Дзякуй”, – такімі былі яе апошнія словы. Гэтая смерць стала пераломным момантам у маім жыцці. “Навошта любіць, калі гэта так балюча?”– пыталася я сама ў сябе. Сэнс жыцця выцякаў з маіх рук. Я думала: “Што ад тых надпісаў пра вечную памяць на могілках, калі чалавека ўжо не вярнуць?..”

– Якім урэшце быў Ваш прыход да Бога? І як з’явілася вера?

– Мне на вочы трапіла кніга “Божая Міласэрнасць у маёй душы» – духоўны “Дзённік” святой сястры Фаўстыны. Яе калісьці падарыла мне мама Я дала сабе слова, што прачытаю гэтую кнігу. У той перыяд для мяне, калі ўжо і быў Бог, то справядлівы. Я лічыла, што для тых, хто ходзіць у касцёл, – неба, а для астатніх – пекла. А там нехта піша пра Міласэрнасць Бога. У гэтым моманце ўва мне пасеялася зерне веры. Неўзабаве я паспавядалася і прыняла

Першую Камунію ў касцёле св. Барбары ў Віцебску, а пазней з рук святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка прыняла сакрамант Бежмавання. У той дзень была арганізаваная сустрэча моладзі з кардыналам. Тады я ўпершыню пачула сведчанне яго веры. Потым яно было надрукаванае, і з таго часу гэтая выразка з газеты заўсёды са мной. Я хацела як мага глыбей уключыцца ў жыццё Касцёла. Чытала Евангелле і толькі адно бачыла, што Бог кліча мяне. Шмат малілася, была ў паломніцтве.

Я пастаянна дзякую Богу за парафіян з Віцебска, за іх асаблівае сведчанне веры і малітвы! Яны заўсёды ў маім сэрцы, і я вельмі ўдзячная ім!

– Як Вы сталі манахіняй?

– Мне здавалася, што Богу ўсё адно, у які манастыр я пайду. Я ведала толькі сясцёр Дэмбіцкіх і папрасіла іх прыняць мяне да сябе. Але ўжо адразу адна сястра заўважыла, што ў мяне ёсць пакліканне, але не да іх. Пасля некалькіх гадоў я сапраўды вярнулася дадому, шукаючы адказу, што далей. Стала зразумела, што гэта не я выбіраю, а Бог выбірае мяне. Было некалькі прапаноў ад розных кангрэгацый, але я ўжо ведала, што калі не Сёстры Езуса Міласэрнага, то я больш не спрабую. Так я адкрыла шлях майго паклікання. Потым была падрыхтоўка да вечных манаскіх абяцанняў. Склала я іх у Чэнстахове.

– Вы працавалі дзесьці да таго, як Вас накіравалі ў Афрыку?

– Спачатку чатыры гады я служыла ў Расіі, у Варонежы. Там, дарэчы, упершыню ў парафіі сустрэлася са студэнтамі з Афрыкі. Затым дзевяць гадоў служыла ў санктуарыі Маці Божай у Ракітне, што ў Польшчы. А потым мне прапанавалі паехаць у Афрыку – і я згадзілася.

– Колькі часу вы ўжо там служыце?

– Шэсць гадоў таму я прыляцела ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Нашы сёстры тут ужо дзесяць гадоў пры парафіі Божай Міласэрнасці, недалёка ад Ёханэсбурга. Зараз мы тут удваіх з сястрой, якая родам з Польшчы.

– Раскажыце пра пачатак свайго служэння ў Афрыцы…

– Спачатку я ўвогуле не разумела англійскую мову і дапамагала аднаму паляку, які тут даўно жыве і займаецца дабрачыннасцю, кормячы дзяцей з інтэрната. Аднойчы, калі мы разлівалі суп па талерках, падышоў суседскі хлопчык і сказаў: “Я таксама хачу быць католікам”. Тады я зразумела, што, нават калі я не ведаю мовы, Бог і так можа мяне выкарыстоўваць для сваіх спраў. Сястрычка гэтага хлопчыка ад нараджэння мела праблему з дыханнем. Мы называлі яе “паравозік”. Праз яе вельмі гучнае сапенне ўсе ведалі, што гэта менавіта яна ўваходзіць у касцёл. Часта дзеці не хацелі з ёй гуляць, думаючы што гэта сухоты. Нам усё ж удалося паказаць дзіця прыватнаму лекару. Маці ў клініцы сказалі, што падчас цяжарнасці яна ела шмат марозіва… Аказалася, што патрэбна была вельмі простая аперацыя. Ужо на наступны дзень усё было ў парадку. Пяць гадоў дзяўчынка мучылася…

– Як рэагуюць на Вас як на “белую” манахіню мясцовыя жыхары?

– Католікаў тут каля сямі адсоткаў. Нягледзячы на тое, што апартэід скончыўся ў 1994 годзе, ёсць розніца паміж расамі. У некаторыя месцы “белыя” не ходзяць, а ў некаторыя не ходзяць “чорныя”. Але мы неяк не адчуваем нядобразычлівасці. Часцей павагу або цікаўнасць. Часам мясцовыя людзі чакаюць блаславення ад Бога. Тут вельмі шмат нацыянальнасцей, таму, мне падаецца, тут шмат талерантнасці.

– Як выглядае сёння Ваша місія?

– Мы з сёстрамі пачалі карміць каля васьмідзесяці дзяцей, але праз каронавірус давялося зрабіць паўзу: нельга было збірацца. Цяпер дапамагаем нашым бліжнім, камусьці ежай, камусьці транспартам, таксама дапамагаем хворым, збіраючы сродкі на аперацыі.
І наша галоўная задача, наша харызма – прасіць аб Божай Міласэрнасці, а таксама абвяшчаць і праслаўляць Божую Міласэрнасць. Яшчэ да нашага прыезду сюды адзін свецкі чалавек ужо пачаў тут гэтую місію. У яго жонкі быў рак грудзей. Ён маліўся і абяцаў Богу, што, калі яго жонка паправіцца, ён пойдзе да ўсіх суседзяў і раскажа ім пра Божую Міласэрнасць.

– Цікава, чым скончылася гэтая гісторыя?

– Хвароба жонкі сапраўды адышла. З тых часоў ён не пераставаў несці вестку пра Божую Міласэрнасць людзям. Сабраў таксама групу людзей, якія падтрымлівалі яго місію. Разам з намі падчас каронавіруса ездзіў да сем’яў. Арганізоўваў сустрэчы, каб мы маглі дзяліцца з людзьмі верай у Божую Міласэрнасць. Два месяцы таму ён памёр ад кавіда. І адбыўся яшчэ адзін цуд. Ад дня пахавання з намі кантактуюць людзі, у тым ліку маладыя, з просьбай працягваць місію Юзафа – так звалі таго чалавека. Арганізавалі малітвы ў інтэрнэце, збіраюцца ў групах таксама праз інтэрнэт, запрашаюць на сустрэчы. Так што місія развіваецца і сёння.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку