Любоў павінна быць цвёрдай

jeza“Нядаўна прачытала артыкул пра тое, як місіянеркі з Гомеля раздавалі бясплатныя абеды для бяздомных. Безумоўна, пра такія справы трэба пісаць, каб той, хто пабачыць артыкул, задумаўся, як дапамагчы людзям, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны. Але нешта неспакойна стала пасля таго, як дачытала. Потым зразумела чаму. Мяне здзівіла, што ежу раздавалі толькі тым, хто прыйдзе ў цвярозым стане. А як жа ў гэтай сітуацыі дзейнічае запаведзь аб любові да бліжняга?”

Вольга

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель:

– «Любі бліжняга свайго, як сябе самога» (Мц. 22, 39). Так гучыць другая частка галоўнай запаведзі любові. Гэтую любоў да бліжняга трэба разумець правільна, не ідучы за хлуслівымі, спрошчанымі ўяўленнямі. Апостал Павел вучыць: «Хай кожны з нас рупіцца дагаджаць бліжняму на дабро і на збудаванне» (Рым. 15, ). Вось жа, нашая дабрадзейнасць павінна выходзіць на дабро і на збудаванне. Дабро, пра якое нам трэба дбаць, павінна быць сапраўдным, а не адносным. Калі алкаголік хоча выпіць, то што павінен зрабіць той, хто яго любіць? Купіць яму бутэльку ці адмовіць? Безумоўна, адмовіць! Трэба дбаць пра сапраўднае дабро для чалавека, а не даваць тое, што ён хоча.

«Любоў павінна быць цвёрдай». Нашая дапамога бліжняму павінна быць скіраваная на асновы яго жыцця, а не проста на задавальненне яго патрэбаў у ежы і жыллі. Кінуць жабраку паперку грошай – гэта зусім не дапамога. Сапраўдная дапамога, якую хрысціянін павінен быў бы аказаць, – гэта пацікавіцца яго жыццём і дапамагчы вырашыць тую сітуацыю, якая выставіла яго на вуліцу, або, прынамсі, падбаць пра тое, каб ахвяраваныя грошы не былі выкарыстаныя на дрэнныя мэты.

Адпаведна сёстры, аказваючы канкрэтную дапамогу, адмаўляюць у ежы тым, хто знаходзіцца ў п’яным стане, каб прадэманстраваць прынцыповасць і цвёрдасць сваёй любові да іх. Яны дапамагаюць і тым, каму даюць ежу, і тым, каму адмаўляюць. Тых, каму адмаўляюць, яны пабуджаюць стаць адказнымі за свае паводзіны і адносіны да жыцця. Ніхто не аспрэчыць факт, што п’янства з’яўляецца вялікім злом. Хрысціянін не можа талераваць зло. Таму гэта добры стымул, каб быць цвярозым.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі