Любоў – якая яна?

Быць чалавекам – значыць быць у адносінах, быць ва ўзаемадзеянні з кім-небудзь. Па-іншаму, больш пранікліва, “узаемадзеянне” – гэта судакрананне, сувязь, узгадненне, зладжаная праца.

Ужо з самай раніцы мы пачынаем судакранацца з іншымі людзьмі: з роднымі, мінакамі, калегамі, сябрамі, – словам, поглядам ці цялесным кантактам, напрыклад, абняўшы кагосьці. Бл. Кардынал Стэфан Вышынскі сказаў: “Чалавек раскрывае сваю асобу ў тым, як ён ставіцца да іншых”.

Мы не можам без адносін, таму што створаны паводле вобразу Бога: “І сказаў Бог: «Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства». […] І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну” (Быц 1, 26–27). Слова “нашаму” паказвае, што Бог не з’яўляецца адзінокай і самадастатковай істотай. Бог ёсць адзін у трох боскіх Асобах: Бог Айцец, Сын Божы і Святы Дух. Ён супольнасць, вечны абмен любові.

І Ён, усемагутны Бог, бясконца дасканалы і шчаслівы, заклікае чалавека да жыцця ў паўнаце, любові і радасці разам з Ім. І ў той жа час Ён так узвысіў нас сярод усяго створанага, што надзяліў свабодай, каб мы з уласнай волі шукалі Яго Твар.

Цяпер модна казаць: “Самы галоўны ў жыцці чалавек – ты сам”. І гэта праўда. Бо мы 24/7 з сабою. На жаль, часта мы грэбуем пазнаннем сябе: сваіх пачуццяў, думак, не разумеем нават, што нам падабаецца, а што – не, чаго жадаем, а чаго – не. Мы цалкам аддаём сябе адносінам з іншымі людзьмі. Але найважнейшыя адносіны ў нашым жыцці – гэта “я” і “Бог”.

Святы Аўгусцін маліўся: “Пане Езу, дай мне спазнаць сябе і спазнаць Цябе, і ні да чаго іншага не імкнуцца, як толькі да Цябе”. Многія навукоўцы, асабліва тыя, якія вывучаюць складаныя нейрапрацэсы ў чалавеку, пачыналі задумвацца аб існаванні кагосьці больш Вялікага, хто б мог усё гэта прыдумаць і ўвасобіць. “Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсведамляе гэта” (Пс 138, 14).

Спазнаваць сябе – значыць судакранацца са сваёй душой, сваім сэрцам. У Бібліі слова “сэрца” часта сустракаецца побач са словам “думкі”: “Ведаючы, аб чым яны думаюць, Езус сказаў: «Чаму ў вас у сэрцы такія злыя думкі?»” (Мц 9, 4). Чаму ў цябе злыя думкі наконт сябе? Чаму не верыш, што Бог любіць цябе такім, які ты ёсць цяпер? “Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім – крыніца жыцця” (Мдр 4, 23).

Так, зазіраючы ўнутр сябе, у гэтую таемную і невядомую глыбіню, дзе можа быць цёмна і холадна, можна сустрэцца з дасканалай і бескарыслівай любоўю, можна сустрэцца з Богам. Ён цярпліва чакае цябе.
Не навязваецца. “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ап 3, 20).

Аб сваёй любові да чалавека Бог, які “шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына” (параўн. Гбр 1, 1–2). Я ўзяла самае кароткае Евангелле – паводле Марка, – каб паглядзець, як жыве Езус, як Ён кантактуе з людзьмі, што гаворыць, як праяўляе любоў. Бо год ад года нам усё цяжэй любіць сябе, навакольных і Бога. Як сказаў адзін вельмі мудры чалавек: “Любоў – гэта занадта крута. Не кожны гэта пацягне”.

Чытаючы Евангелле, я ўбачыла ў Езусе вялікую пакорлівасць, цярплівасць, прыняцце іншага з яго болем, адкрытасць, дабрыню. А ў Яго вачах не было ні кроплі асуджэння. Ён вучыў і вучыць лагоднасці і пакоры. На жаль, у наш час цярплівасць, пакора і міласэрнасць лічацца слабасцю. Гэта не модна. Бо трэба ад чагосьці адмаўляцца, ахвяраваць, а ў свеце столькі ўсяго “смачнага”, столькі ўсякіх забаў. Канешне, гэта ўсё не дрэнна…

Маці Тэрэза казала: “Сапраўдная любоў прычыняе боль. […] Гэта павінна быць балючым – кагосьці любіць, пакутлівым – яго пакідаць, і хочацца за яго памерці”. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).

Дык што ж такое любоў? Я б адказала так: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца” (1 Кар 13, 4). Як Бог цярплівы да цябе, будзь і ты цярплівы не толькі да іншых людзей, але і да сябе.

Бажэна Панасевіч, Слова Жыцця

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі