Любіць Бога ў сустрэчных людзях. Сведчанне астравецкага мастака

Дзяніс Юцкевіч

У свеце ёсць вялікая колькасць прыгожых людзей. Яскравыя, усмешлівыя, светлыя, яны прыцягваюць да сябе ўвагу. Здаецца, што гэтыя асобы з’яўляюцца праваднікамі шчасця і любові. Аднак дастаткова часта за прыгожымі светлымі ўсмешкамі хаваюцца глыбокія раны, а за прыветлівасцю – моцны боль. Мы не ведаем пра тое, што адбываецца ў душы чалавека, пра што ён марыць і што адчувае. Астравецкаму мастаку Дзянісу Юцкевічу заўсёды хацелася разгадаць гэтую таямніцу, зазірнуць за шырму чалавечай душы. Пішучы чарговы партрэт, ён не раз аналізаваў рысы твару, дробныя зморшчынкі, незаўважныя шнары. Хлопец ведаў, што за кожнай дробнай дэталькай хаваецца маленькая гісторыя. Гэтыя моманты зачароўвалі мастака.

Калісьці юнак не мог сабе ўявіць, што яго жыццё будзе звязанае з выяўленчым мастацтвам. Хлопец нарадзіўся і вырас у вялікай каталіцкай сям’і, дзе заўсёды панавалі гармонія і радасць. Змалку Дзяніс пачаў наведваць храм. Сёстры-эўхарысткі сталі для яго сапраўднымі сяброўкамі, з якімі ён мог падзяліцца сваімі думкамі або задаць важныя пытанні. Маленькім хлопчыкам будучы мастак наведваў каталіцкія летнікі, чытаў духоўную літаратуру, глядзеў хрысціянскія фільмы. Гэтыя акалічнасці паўплывалі на рэлігійнае станаўленне маладога чалавека. Вучачыся ў старэйшых класах, юнак пачаў задумвацца над прафесійным самавызначэннем. Яго прываблівалі розныя сферы дзейнасці, аднак аддаць перавагу адной канкрэтнай Дзяніс ніяк не мог.

Тады ён пачаў маліцца, просячы Бога знайсці правільны жыццёвы шлях. Аднойчы яго запрасілі на свята, дзе прысутнічала шмат гасцей. Сярод іх была дзяўчына, якая вучылася ў мастацкім каледжы. Яна цікава распавядала пра навучанне, дзялілася ўражаннямі. Юнак, захоплены тымі аповедамі, цвёрда вырашыў, што звяжа сваё жыццё з выяўленчым мастацтвам. Хлопец упэўнены, што сам Бог паставіў на яго шляху гэту дзяўчыну і вырашыў яго прафесійны лёс.

Яшчэ да паступлення ў мастацкі каледж Дзяніс спрабаваў рабіць малюнкі. У той час мастака-пачаткоўца захаплялі рэлігійныя сюжэты. Ён часта звяртаўся да вобразаў Хрыста і Багародзіцы. Тыя самыя першыя малюнкі ўражваюць і сёння. Цярновы вянец, напружаны твар і неверагодна лагодны позірк – такім мастак убачыў Езуса Хрыста перад момантам укрыжавання. Працуючы над малюнкам, хлопец спрабаваў уявіць, што адчуваў Збаўца свету ў апошнія і самыя складаныя хвіліны, прыгадваў моманты з Евангелля.

Некалькі прац мастак прысвяціў Багародзіцы. Яе далікатнасць, шчырасць і паслухмянасць з’яўляюцца прыкладам для многіх дзяўчат і жанчын. І зараз Дзяніс час ад часу дастае свае першыя працы. Зразумела, што яны не вельмі дасканалыя з мастацкага боку, але жывыя, напоўненыя глыбокім зместам. Крыху пазней малады мастак стаў звяртацца да вобразаў каталіцкіх святароў. Многія з іх у свой час служылі ў астравецкіх касцёлах. Гледзячы на самаахвярнасць служэння кожнага з іх, хлопец хацеў разгадаць таямніцу паклікання душпастыраў, убачыць жывую сувязь з Богам.

Мастак упэўнены: не маючы веры ў душы, нельга зрабіць дасканалы малюнак. А вера нараджаецца ў сэрцы пакрысе, яна будуецца праз канкрэтныя сітуацыі, вырастае з болю і цяжкасцей, ствараецца з дапамогай людзей, што побач. Былі ў жыцці юнака акалічнасці, якія загартавалі яго веру. Бацька Дзяніса меў сур’ёзныя цяжкасці са здароўем. Мужчына пакутаваў ад праблем са страўнікам, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Некаторы час бацька Дзяніса нават знаходзіўся ў коме. Пасля мужчыну чакала вельмі сур’ёзная аперацыя. Урачы сцвярджалі, што шанцаў на папраўку амаль няма. Але сын верыў, што ў Бога ўсё магчыма.

Перад аперацыяй ён сказаў бацьку, што будзе за яго маліцца і выпрошваць цуд аздараўлення. Тата скептычна ўсклікнуў: “Што гэтыя малітвы?!” У яго голасе тады Дзяніс пачуў безнадзейнасць і расчараванне. Гэта пабудзіла хлопца маліцца яшчэ больш, выпрошваючы не толькі фізічныя сілы для хворага, але і духоўныя.

Аперацыя прайшла паспяхова, тата пайшоў на папраўку. Да гэтага ён холадна ставіўся да веры і Касцёла. Але з цягам часу яго меркаванне змянілася. У пэўную нядзелю Дзяніс заўважыў бацьку ў касцёле. Той сціпла сядзеў на апошняй лаўцы. Сэрца маладога чалавека ў той момант заліла бясконцая радасць і ўдзячнасць. Ён зразумеў, што Нябесны Айцец можа зрабіць любы цуд! Варта толькі прасіць пра гэта і шчыра верыць.

Сёння малады чалавек упэўнены: кожнаму, хто стукае, Езус адчыніць дзверы, супакоіць у трывозе, дапаможа знайсці выйсце з любой сітуацыі. Чалавеку застаецца толькі верыць і праслаўляць Усемагутнага сваімі здольнасцямі і талентамі.

Марта Венславовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі