«Часам у мяне ўсё яшчэ дрыжаць ногі, але ў мяне моцнае сэрца і моцная воля», — кажа адзін з самых папулярных святароў у Італіі.
Жыццё кс. Франчэска Крыстафара — гэта «гісторыя дзіцяці, якое не магло хадзіць і гуляць, як іншыя дзеці. Маленькі хлопчык, які схаваўся ад усіх у малітве, просячы цуду. Гэта гісторыя пра цуд, які адбыўся. І гэтае дзіця, цяпер дарослы мужчына, які стаў святаром».
Кс. Франчэска Крыстафара нарадзіўся ў Катандзаро (Італія) 10 лістапада 1979 года. Ён з’яўляецца пробашчам парафіі Санта-Марыя-Асунта ў Сімеры-Крычы. Вучыўся ў Рыме.
Яго добра ведаюць італьянскія СМІ: ён супрацоўнічае з каталіцкай радыёстанцыяй Radio Mater і тэлеканалам Tv2000. Раней яго можна было ўбачыць і на тэлеканале Padre Pio TV. Ён таксама піша для штотыднёвіка Miracoli.
Пробашч парафіі Катандзаро вельмі актыўны ў сацыяльных сетках, на яго канале YouTube кожнае відэа мае тысячы праглядаў. На дадзены момант у Італіі ён з’яўляецца адным з самых вядомых святароў. У яго таксама ёсць уласны афіцыйны сайт, дзе ён распавядае сваю гісторыю.
«Я нарадзіўся са спастычным парэзам ног, — тлумачыць кс. Франчэска Крыстафара. І дадае: «Няма слова, якое б акрэсліла, колькі дабра было схавана ў сэрцах самых важных для мяне людзей — сэрцах маіх бацькоў, хатняй гаспадыні — маёй маці і цесляра — майго бацькі.
Яны адразу зразумелі, што мая хвароба будзе пакутай. Але яны не здаваліся, здзяйсняючы са мной шмат «падарожжаў надзеі», з поўдня на поўнач, ад лекара да лекара. На жаль, мы таксама сутыкнуліся з ілжэ прадаўцамі надзеі на выздараўленне».
«Я змагаўся за прыняцце»
Хвароба кс. Франчэска была таксама глыбокай унутранай пакутай. «На працягу многіх гадоў я змагаўся за прыняцце сябе і за прыняцце сярод іншых. Мне даводзілася пазбягаць удараў ад быццам бы пабожных людзей, асабліва ад дзяцей майго ўзросту, якія лёгка маглі сказаць:»Ты не можаш прыйсці і пагуляць з намі, таму што тады ты ўпадзеш і нашкодзіш сабе»».
Просьбы да Маці Божай
Малады святар з абмежаванымі магчымасцямі прызнаецца: «(…) Я шмат маліўся да Маці Божай, просячы пра выздараўленне. Гэтага не адбывалася, і тады я сказаў ёй: «Чаму б табе не выслухаць мяне? Я дрэннае дзіця?».
Жаданне вылечыцца было настолькі моцным, што па начах я марыў гуляць, як і ўсе астатнія дзеці, катацца на ровары. Маці Божая з пяшчотай маці ўзяла мяне за руку і дала спазнаць Езуса. Ён адарыў мяне цудам. Гэта было не фізічнае вылячэнне, а вылячэнне сэрца і розуму. А я быў перакананы, што нікому не прынясу ніякай карысці».
Ногі дрыжаць, а сэрца моцнае!
Замест фізічнага аздараўлення быў Божы план, які адкрываўся кс. Франчэска Крыстафара.
«Цяпер я разумею, што я таксама інструмент. Паціху падрастаю, уваходжу ў парафію, я капелан і катэхет. Маё сэрца было чыстым. Я хацеў быць з Езусам, і Ён благаславіў гэтае жаданне. Сёння я святар. У мяне яшчэ часам дрыжаць ногі, але моцнае сэрца і моцная воля. Я хачу быць святаром кожны дзень. Да канца», — прызнаецца ён.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач