У дабрачынным каталіцкім таварыстве “Карытас” у вёсцы Ляскоўка пад Мінскам дзейнічае першы і адзіны ў краіне “Клуб майстроў”. “Каталіцкі Веснік” патрапіў на адзін з майстар-класаў па кераміцы і больш падрабязна пазнаёміўся з працай, што ладзіцца ў майстэрні.
Дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі
Ідэя стварэння “Клуба майстроў” належыць Вадзіму і Алесі Козічам. На дадзены момант Алеся праводзіць майстар-класы, а Вадзім актыўна займаецца інтэрнэт прасоўваннем, а таксама дамаўляецца з калегамі пра супрацоўніцтва.
Дырэктар “Карытас” айцец Андрэй Жылевіч OFMCap з радасцю падтрымаў ідэю стварэння такога праекта. Святар распавядае: “Калі маладыя людзі заканчваюць навучальную ўстанову, яны не маюць нейкіх прыладаў або абсталявання, каб распачаць пэўную справу. Гэта своеасаблівая дапамога для іх. Пазней таксама ўзнікла ідэя, каб пры падтрымцы гэтых жа маладых спецыялістаў даваць нейкія прафесійныя навыкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і навучыць іх канкрэтнай справе. Дзейнасць “Клуба майстроў” – гэта ў першую чаргу стварэнне магчымасцей для маладых інвалідаў”.
Айцец Андрэй лічыць, што гэты праект мае будучыню, бо, навучыўшыся ў майстэрні пэўнай працы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць такім чынам зарабіць сабе на жыццё. Святар мяркуе, што падобная ідэя знойдзе падтрымку ў грамадстве і спадзяецца на ўвагу тых, хто нейкім чынам можа дапамагчы ў развіцці гэтага праекта.
Майстэрня для ўсёй краіны
У лістападзе 2016 года, пасля таго, як у “Карытас” было выдзелена памяшканне, адбылося адкрыццё майстэрні. Тут можна знайсці ўсё неабходнае абсталяванне, прылады для працы з дрэвам, глінай, скурай і іншымі матэрыяламі. Ёсць печы для абпалу керамікі, ганчарныя станкі, лобзікі, такарны станок і многае іншае.
Дарэчы, на майстар-класе па кераміцы прысутнічалі не толькі дарослыя, але і дзеці. Варта адзначыць, што акрамя мясцовых жыхароў і мінчукоў займацца творчасцю сюды прыязджаюць з розных куткоў краіны. Ужо ў чацвёрты раз на курс па кераміцы патрапіла дзяўчына з Брэста, бо ў родным горадзе няма такой магчымасці для самаразвіцця.
У майстэрні таксама рэалізуюцца праекты, накіраваныя на дабрачыннасць. Нядаўна адбываўся роспіс пернікаў, якія потым прадавалі каля Чырвонага Касцёла ў Мінску.
Наведаць майстар-клас і замовіць выраб
У “Клубе майстроў” праводзіцца шмат майстар-класаў па кераміцы, упрыгожаннях з металу, шкла, скуры, дрэва і іншых матэрыялаў. Ёсць пяць пастаянных майстроў, што праводзяць заняткі. Але і іншыя людзі маюць магчымасць прыходзіць сюды і карыстацца патрэбным абсталяваннем.
Пакуль удзельнікі майстар-класа наносілі з дапамогай інструментаў індывідуальны малюнак на свае талеркі, спадарыня Алеся распавяла, хто можа наведаць майстэрню: “Прыходзіць можа той, хто пажадае. Ёсць магчымасць наведаць як адны заняткі, так і некалькі. Напрыклад, па аздабленні ў тэхніцы ціфані заняткі разлічаныя на тры гадзіны. Тут можна атрымаць неабходны вопыт, пэўныя веды і гатовы вынік.
Дарэчы, у “Клубе майстроў” ёсць магчымасць замовіць пэўны выраб у адмыслоўцаў па індывідуальным заказе. Таму калі чытачы “Каталіцкага Весніка” захочуць наведаць майстар-клас або замовіць выраб, можна патэлефанаваць па нумары +375 29 346-89-10 або зрабіць гэта праз сайт klub-masterov.by.
Ірына Радзевіч
