Капілья-дэ-Гвадалупе — невялікае мястэчка з насельніцтвам менш чым 16 тысяч чалавек. Адносна колькасці людзей, якія там жывуць, напэўна, адтуль паходзіць большасць святарскіх пакліканняў у свеце — на сённяшні дзень гэта больш за 120 святароў, якія жывуць тут. Гэта горад, размешчаны ў рэгіёне Лос-Альтас-дэ-Халіска, самым каталіцкім рэгіёне Мексікі.
Лос-Альтас-дэ-Халіска — даволі спецыфічны рэгіён не толькі ў штаце, але і ва ўсёй Мексіцы. Размешчаны на вялікай вышыні (адсюль і назва los altos) ва ўсходняй частцы Халіска, ён адрозніваецца сваёй рэлігійнасцю, характэрнай архітэктурай і «неіспанамоўным» выглядам многіх яго жыхароў. Шматлікія турысты могуць заўважыць «іншасць» гэтага рэгіёну, таксама з пункту гледжання рэлігійнасці, якая здаецца нашмат больш глыбокай і засяроджанай на сакрамантах, чым стэрэатыпны «лацінакаталіцызм».
Край, багаты на пакліканні
Пра Капілья-дэ-Гвадалупе я пачуў ад аднаго са святароў, якога спытаў аб прычынах, чаму каталіцызм усё яшчэ такі моцны ў Халіска, і асабліва ў рэгіёне Лос-Альтас. Сёння горад належыць да дыяцэзіі Сан-Хуан-дэ-лос-Лагос. Горад, які з’яўляецца рэзідэнцыяй біскупства, таксама з’яўляецца адным з найважнейшых рэлігійных і паломніцкіх цэнтраў на карце Мексікі. У штаце Халіска іх шмат.
Укаранёны ў веры
У цэнтры горада знаходзіцца касцёл, прысвечаны Маці Божай Гвадэлупскай. Айцец Чуй, святар, які працуе ў парафіі, запэўнівае, што Капілья-дэ-Гвадэлупе — гэта горад людзей з вялікай верай, якія не толькі практыкуюць, але і займаюцца ёю ад усяго сэрца. Кожную нядзелю ў Св.Імшы ўдзельнічае каля 70% насельніцтва, і кожны дзень каля 30%. У парафіі існуе шмат суполак як для сем’яў, так і для моладзі.
На думку кс. Аўгусціна Асевес Эрнандэса, які паходзіць з гэтага горада і з’яўляецца адным з фарматараў у семінарыі ў Сан-Хуан-дэ-лос-Лагос, найбольш важнымі прычынамі шматлікіх пакліканняў з гэтага невялікага мястэчка застаюцца гістарычныя.
– Па-першае, людзі, якія пасяліліся на гэтых землях, былі людзьмі вялікай пабожнасці, вялікай любові да Бога, імкнуліся да сакрамантаў. Пасяленцы, якія прыехалі сюды з Іспаніі, мелі вельмі глыбокія карані веры. Так яны перанеслі гэтую веру са сваіх родных краін у Мексіку. Акрамя таго, парафіяльныя святары і святары, якія некалькі дзесяцігоддзяў таму працавалі тут, у Капілья-дэ-Гвадэлупэ, аддана служылі людзям і Касцёлу. Я ведаў пробашча парафіі, які таксама займаўся і людскімі патрэбамі — каб у насельніцтва было святло, пітная вада, пабудаваў школу для мясцовых дзяцей. Такім чынам, гэтыя святары стварылі рэлігійную культуру, вельмі моцна ўкаранёную ў веры і любові да Бога. Дзякуючы іх прыкладу з гэтага мястэчка пачало з’яўляцца шмат пакліканняў. Лічу, што гэта асноўныя прычыны», — тлумачыць кс. Аўгустын.
Святар адзначае, што адной з праяў гэтай глыбокай і моцна ўкаранёнай веры былі мучанікі Крыстыяды — свецкія і духоўныя. – Гэта вельмі важныя знакі веры, якія прывялі да яе далейшага ўмацавання, – дадае ён.
Моладзь ужо не тая
У парафіяльнай канцылярыі працуюць тры маладыя жанчыны, якія падкрэсліваюць, што вера ў Капілья-дэ-Гвадэлупэ ўсё яшчэ жывая і вельмі моцная, як і ў Лос-Альтас-дэ-Халіска ўвогуле. Мясцовая культура ўсё яшчэ моцна прасякнута каталіцтвам. Тут жывуць змалку. Аднак у новым пакаленні ўжо бачныя некаторыя змены. Жанчыны адзначаюць, што — як і ўсюды ў свеце — сярод моладзі старыя каштоўнасці замяняюцца новымі, якія прыходзяць звонку.
– У часы вялікіх перамен, якія мы зараз перажываем, з новымі ідэямі, новымі тэхналогіямі і навуковым прагрэсам, маладыя людзі выязджаюць на вучобу ў іншыя гарады і пачынаюць сумнявацца ў сваёй веры, – кажа кс. Аўгустын. – На мой погляд, ужо ёсць вялікая частка моладзі, якая адмовілася ад старой культуры веры і мае новую рэлігійную культуру, заснаваную пераважна на традыцыі, але не на абавязку. Некаторыя з іх усё яшчэ жывуць адданым рэлігійным жыццём, але многія жывуць пераважна з рэлігійнымі традыцыямі вёскі. Апошнія ўжо не жывуць па-сапраўднаму верай, не адданыя Богу,- кажа святар.
Некалькі больш аптымістычны погляд мае сакрыстыян у парафіі Маці Божай Гвадэлупскай. Па яго словах, ён назірае за рэлігійным жыццём парафіі ўжо 36 гадоў. – Сапраўды, некаторы час таму з’явіліся прыкметы заняпаду веры ў маладога пакалення. Але на працягу некаторага часу рэлігійнасць сярод іх зноў узрастае. Я магу назіраць гэта, працуючы ў парафіі кожны дзень. Гэта звязана са шматлікімі моладзевымі групамі і рухамі, якія тут з’явіліся, — кажа сакрыстыян.
Дык ці захаваецца гэтая легендарная рэлігійнасць у Лос-Альтас-дэ-Халіска, а адпаведна і шматлікія пакліканні, нягледзячы на антыхрысціянскі наступ у сацыяльных сетках і новы лад жыцця сярод моладзі?
Сёлета яшчэ некалькі маладых людзей пачалі шлях падрыхтоўкі да святарства. Аднак сёння немагчыма пазбегнуць моцнага ўплыву свецкай культуры. Яна дасягае кожнага з нас праз смартфоны і камп’ютары.
– Цяперашнія праблемы духавенства – гэта праблемы сучаснай культуры, – тлумачыць кс. Аўгустын. – Маладыя людзі клапоцяцца пра знешнасць, каб добра выглядаць. Часта гэта праяўляецца і ў падыходзе да літургіі. Адчуваецца пэўны недахоп унутранага жыцця, містыкі. Яны прывыклі да шуму, гучнай музыцы, экстэрналізацыі. Тое, што мы назіраем і над чым спрабуем працаваць у семінарыі, — гэта цэласная фармацыя — чалавечая, духоўная, пастырская, інтэлектуальная. Гэта ўсё павінна быць інтэгравана. Гэта характэрная рыса фармацыі, якую патрабуе Касцёл, тлумачыць фарматар семінарыі ў Сан-Хуан-дэ-Лос-Лагос.
— Тым не менш, я ўпэўнены, што нават у Лос-Альтас-дэ-Халіска нейкі крызіс наступіць, а можа, ён ужо прыйшоў, але гэта яшчэ не бачна на першы погляд. У той жа час я лічу, што яна не будзе такой разбуральнай, як у многіх іншых рэгіёнах свету. Я спадзяюся, што моцны каталіцызм там захаваецца, бо — навошта?, — дадае кс. Аўгустын.
Паводле misyjne.pl
пераклад Марыны Ткач
