Калі кліча Бог. Гісторыі святара, законнай сястры і семінарыста

Вярнуўшыся з працы, я часта бяру ў рукі гітару, дастаю каталіцкі спеўнік і пачынаю невялікі вечаровы канцэрт, які дапамагае зняць напружанне, адпачыць, адчуць душэўную гармонію. З першых акордаў сэрца напаўняецца дзіўным спакоем, адчуваннем святла і радасці. Адной з маіх любімых песень з’яўляецца “Barka”, менавіта з яе заўсёды і пачынаю. Калісьці гэту песню вельмі любіў святы Ян Павел ІІ. Гэта зразумела: кожны радок музычнай кампазіцыі напоўнены глыбокім сэнсам, шчымлівасцю і шчырасцю, а прысвечаная гэтая песня галоўнай            таямніцы – пакліканню.

Пакліканне – гэта незвычайны дар і асаблівы шлях да Бога. Гледзячы на святароў і законных сясцёр, часта задумваюся, што стала прычынай выбару кансэкраванага жыцця, чаму гэтыя людзі, адмовіўшыся ад зямных выгодаў, абралі іншую сцяжыну. Адказаць на гэтае пытанне, напэўна, немагчыма. У кожнага быў свой шлях да Бога, святарскага і манаскага жыцця. Гэтыя людзі знайшлі ў сабе адвагу і сілы прыняць неацэнны дар і пайсці за голасам Хрыста, адказалі цвёрдае “так”, адкінулі сумненні і страхі. Хтосьці ўжо шмат гадоў крочыць абранай сцяжынай, а для кагосьці такі шлях толькі пачынаецца.

“Бог – скала майго сэрца і мая доля навекі”

Нядзеля. Я, як заўсёды, прыйшла на святую Імшу, размясцілася на апошніх лаўках акурат насупраць фігуры Езуса Хрыста. Прыгожы твар, бялюткая вопратка, выразныя рысы – я глядзела на фігуру, а ў гэты час у маёй свядомасці ўзнікалі фрагменты з Евангелля. Раптам маё ўяўленне намалявала Хрыста ў атачэнні апосталаў… Вось яны ідуць па беразе. Настаўнік расказвае ім прытчы, а яны з замілаваннем слухаюць. Цікава, якімі былі апосталы? Пра што марылі? Як здолелі адрачыся ад звыклага і камфортнага жыцця? Розныя пытанні раіліся ў маёй галаве.

Пачалася святая Імша. Арганістка зайграла традыцыйную мелодыю, а думкі мяне ўсё не адпускалі. Шкада, што мы жывём у іншы час, калі не можам убачыць апосталаў, паслухаць тыя павучальныя гісторыі, якія Езус ім распавядаў. Падчас літургіі слова прагучаў фрагмент з Евангелля, а пасля святар прамовіў палымянае казанне. Ксёндз Павел Раманоўскі разважаў над праблемай цялеснай і духоўнай чысціні. Яго словы гучалі пераканаўча і аргументавана, прымушалі задумацца над уласным жыццём, пераасэнсаваць розныя рэчы. Гамілія, здаецца, кранала сэрца кожнага, хто ў гэты час знаходзіўся на святой Імшы. Менавіта тады прыйшло разуменне: апосталы і сёння побач. Яны пераканаўча прамаўляюць з амбоны, удзяляюць Святыя Сакраманты, атуляюць малітвай тых, хто мае патрэбу, клапоцяцца пра духоўнае выхаванне сваіх парафіян. І зараз ёсць магчымасць задаць тыя самыя важныя і набалелыя пытанні, даведацца пра тое, як і калі Езус паклікаў кожнага з іх.

Ксёндз Павел Раманоўскі з’яўляецца пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат). Сціплы і інтэлігентны, ён палюбіўся сваім парафіянам, стаў сапраўдным прыкладам прыгожага хрысціянскага жыцця, самаадданага служэння Богу і людзям. Некалі Мар’ян і Галіна Раманоўскія, бацькі ксяндза, і падумаць не маглі, што іх сын абярэ святарскі шлях. Гаваркі і дапытлівы хлопчык цікавіўся ўсім на свеце, як і ўсе дзеці яго ўзросту гуляў у спартыўныя гульні, катаўся на ровары, праводзіў час з сябрамі. У Смаргоні ён атрымаў не толькі сярэднюю адукацыю, але і грунтоўнае выхаванне. Разам з бацькамі ён наведваў касцёл святога Міхала Арханёла. Атмасфера, што панавала ў храме, прываблівала. У 1993 годзе юнак прыняў Першую Святую Камунію, а ў 1999-ым – сакрамант канфірмацыі. Абедзве гэтыя падзеі аказалі ўплыў на свядомасць будучага святара. Ужо тады з’явіліся першыя нясмелыя думкі пра паступленне ў Вышэйшую духоўную семінарыю.

Калі Павел вучыўся ў старэйшых класах, настаўніца аднойчы запытала ў яго, кім ён марыць стаць у будучым. Юнак адказаў, што збіраецца стаць каталіцкім святаром. Такі адказ здзівіў і нават спалохаў педагога. Занепакоіўшыся, настаўніца патэлефанавала бацькам свайго вучня і перадала змест дыялогу. Бацькі былі ўражаныя нечаканымі намерамі адзінага сына. Яны па-іншаму бачылі далейшы лёс свайго хлопчыка. Потым падлетка чакала складаная размова з бацькамі, якія заклікалі яго не спяшацца, спачатку паступіць ва ўніверсітэт, атрымаць свецкую адукацыю. Павел паслухаў бацькоў, аднак ад свайго намеру не адмовіўся. Па-ранейшаму ў сваім сэрцы ён адчуваў ціхі, але ўпэўнены голас. Голас паклікання.

Старанны і адказны малады чалавек з лёгкасцю паступіў на эканамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Бацькі радаваліся поспехам сына і шчыра спадзяваліся, што новая сфера дапаможа пераадолець юнацкія трызненні. Аднак яны вельмі памыляліся. Вучоба ва ўніверсітэце толькі ўмацавала рашучасць юнака. Падчас студэнцтва Павел стаў міністрантам. Пасля заняткаў ён прыходзіў у касцёл, каб у цішыні даверыць таямніцы свайго сэрца Нябеснаму Айцу, пабыць побач з Тым, Хто калісьці даў яму жыццё. Трапляліся на жыццёвым шляху будучага святара і тыя людзі, якія ўмацоўвалі яго рашэнне. Адным з іх стаў ксёндз Тадэвуш – духоўны апякун супольнасці, на сустрэчы якой студэнт сістэматычна прыходзіў. Зараз з цеплынёй і ўдзячнасцю ксёндз Павел прыгадвае і іншых святароў, якія аказалі ўплыў на яго светапогляд, дапамаглі стаць на крок бліжэй да Бога. Сярод іх – айцец Генрых і айцец Здзіслаў. У свой час гэтыя святары-манахі служылі ў роднай парафіі будучага ксяндза.

Два гады пасля заканчэння названага вышэй універсітэта малады спецыяліст працаваў выкладчыкам на родным факультэце, ён паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю. Многім падавалася, што хлопец рэалізаваўся ў прафесійным плане, знайшоў сваё месца. Малады выкладчык у гэты час ужо думкамі і сэрцам быў з Богам, збіраўся паступаць у духоўную семінарыю. І зараз ксёндз Павел з настальгіяй прыгадвае гады навучання ў семінарыі, сваіх аднакурснікаў і выкладчыкаў. Асабліва хвалюючым стаў дзень прыняцця дыяканскага пасвячэння. Тады навучэнец зразумеў, што цяпер ён належыць Богу назаўжды. Хоць новы статус першапачаткова быў нязвыклым, але дыякан адчуваў сапраўднае шчасце і Божую любоў.

8 лістапада 2014 года збылася мара ўсяго жыцця Паўла Раманоўскага: ва ўрачыстай абстаноўцы ён прыняў святарскае пасвячэнне. Ніхто не ведае, пра што выпускнік семінарыі думаў, лежачы крыжам перад алтаром Усемагутнага, аднак зразумела адно: у гэты момант яго залівала бясконцая Божая любоў. Побач з ім у найважнейшы дзень былі самыя родныя і блізкія людзі.

Першапачаткова новапрэзбітар быў накіраваны вікарыем у парафію Маці Божай Ружанцовай. У Радуні пачалося новае жыццё, напоўненае традыцыйнымі святарскімі абавязкамі. Другім месцам служэння з 2019 года стала парафія ў Граўжышках. У гэтым годзе ксёндз Павел адзначыць дзясятую гадавіну святарства. За гэты час былі розныя моманты. Разам са сваімі парафіянамі ксёндз Раманоўскі раздзяляў радасць хросту і шлюбу, смуткаваў у моманты пахавання, дапамагаў развязваць складаныя жыццёвыя вузлы, служыў у канфесіянале. Парафіяне сталі сапраўднай сям’ёй для святара, бо менавіта дзеля іх ён аддана працуе на неабсяжным Божым жніве.

У дзень пасвячэння. Ксёндз Павел апошні справа

Як дзіўна ўсё складваецца ў жыцці!.. Часам трэба прайсці праз розныя выпрабаванні і перэпетыі, каб дасягнуць сваёй мэты. Шлях да абсалютнай Любові заўсёды вузкі і цярністы, поўны спакусаў, непрыняцця і іншых негатыўных момантаў. Толькі адзінкі, надзеленыя духоўным стрыжнем, могуць дайсці да канчатковай мэты і з упэўненсцю сказаць: “Бог – скала майго сэрца і мая доля навекі”.

Аддаць сына на Божую службу

Мастакі і скульптары часта звяртаюцца да біблейскай гісторыі пра Абрагама і яго сына Ісаака. На карцінах выяўляецца здарэнне, калі бацька, паклаўшы сына на ахвярнік, узносіць над ім нож. Гэтая сітуацыя падаецца дзіўнай і незразумелай для многіх, бо ўсё сваё жыццё Абрагам і яго жонка Сара марылі пра хлопчыка. Сужэнцы ўжо і не спадзяваліся стаць бацькамі. Аднак Бог вырашыў па-іншаму і падарыў ім першынца на схіле жыцця. Чаму ж тады Абрагам не шкадуе свайго сына і кладзе яго на ахвярнік? Адказ на гэтае пытанне ляжыць на паверхні: Абрагам любіў Бога і быў паслухмяным Яго волі. Нават у тых выпадках, калі яна супярэчыла ўласным жаданням. Мы памятаем, што тая гісторыя мае шчаслівы канец. Бог ацаніў ахвярны ўчынак мужчыны, а Ісаак застаўся жывым. Аднак і сёння Стваральнік неба і зямлі звяртаецца да бацькоў, жадаючы ахвяры і клічучы іх дзяцей да кансэкраванага жыцця. Многія бацькі падобна да Абрагама ахвяруюць сваіх дзяцей Усемагутнаму, згаджаюцца з іх выбарам, але ёсць і тыя, якія адмаўляюцца аддаваць свайго сына ці дачку, бо загадзя распланавалі далейшы лёс нашчадкаў. Такая эгаістычная пазіцыя прыводзіць да трагічных наступстваў і ламае лёсы маладых людзей.

Марыя Давідовіч з сынамі

Марыя Давідовіч і сёння памятае той дзень, калі яе старэйшы сын сказаў, што плануе паступаць у Вышэйшую духоўную семінарыю. Тады хлопец вучыўся ў дзясятым класе. Аляксандр прэтэндаваў на залаты медаль, быў дысцыплінаваным і засяроджаным хлопчыкам. Перад ім адкрывалася вялікая колькасць шляхоў, а многія навучальныя ўстановы былі б рады бачыць юнака ў шэрагу сваіх студэнтаў. Падлетка ж прыцягваў духоўны пачатак, бо менавіта ў Богу ён бачыў сапраўдны сэнс жыцця. Тая размова з сынам аказала моцнае ўражанне на жанчыну, аднак маці вырашыла, што не будзе перашкаджаць яму ў рэалізацыі намераў. Адзіная рэч, пра якую папрасіла жанчына, – заставацца верным свайму рашэнню заўсёды.

Марыя ўспамінае, што з дзяцінства яе старэйшага сына вабіў касцёл. Хлопец быў міністрантам, падчас святой Імшы выконваў абавязкі лектара. З малых гадоў Саша праяўляў стараннасць і адказнасць, быў апорай для матулі. Прыйшоўшы з працы пасля змены, стомленая матуля ніколі не правярала выканання хатніх заданняў. Яна давярала сынам, а яны яе не падводзілі і сумленна вучыліся. Жанчына зазначае, што жыццё ў той час было даволі складаным. Сур’ёзна хварэў яе муж, таму сынам Дзмітрыю і Аляксандру давялося рана пасталець, узяць на свае плечы шэраг мужчынскіх абавязкаў і ў раннім узросце сутыкнуцца з жыццёвымі складанасцямі. Хлопчыкі-падлеткі навучыліся клапаціцца пра бацьку, аказваць яму дапамогу. Аляксандр, гледзячы на пакуты таты, усё больш умацоўваўся ў сваім рашэнні і жаданні дапамагаць людзям. Тыя складанасці не зламалі школьнікаў, а наадварот, загартавалі, дапамаглі паглядзець на жыццё іншымі вачыма. Вачыма веры.

Пасля той лёсавызначальнай размовы Марыя вырашыла, што яна як маці павінна даць сыну дзве рэчы: малітоўную дапамогу і маральную падтрымку. З таго часу жанчына пачала нястомна маліцца за сына, выпрошваючы для яго трываласць і мужнасць. Мама разумее, што сучасны свет поўны выклікаў і спакусаў, якія могуць забрудзіць чыстыя сэрцы маладых людзей, таму нястомна просіць у Божай Маці пра ласку трываласці для свайго сына. На сённяшні дзень Аляксандр перайшоў на чацвёрты курс Вышэйшай духоўнай семінарыі. Абраны шлях прыносіць яму задавальненне, а адносіны з матуляй застаюцца такімі ж цёплымі.

“Спадзявайся на Госпада і Ён падыме цябе”

“Дакуль Я буду цярпець цябе і дакуль ты Мяне падманваць будзеш?” – гэтыя словы сястра Фаўстына Кавальская калісьці пачула ад самога Езуса Хрыста. Тады для яе перастаў існаваць гэты свет, застаўся толькі Хрыстос – крыніца радасці і любові. Менавіта ў той момант дзяўчына цвёрда вырашыла, што стане законнай сястрой і прысвяціць сваё жыццё Богу і бліжняму. Вобраз Хрыста і тыя словы назаўсёды ўзрушылі сэрца, дапамаглі прыняць адзінае правільнае рашэнне. Але не кожная пакліканая Богам асоба можа ўбачыць Хрыста на свае вочы, зразумець Яго волю. Бсспрэчна, узнікаюць сумненні, ваганні і страхі. Выбар паміж свецкім і духоўным жыццём – гэта цяжкая барацьба. Маладой дзяўчыне складана адмовіцца ад свайго мацярынскага пачатку, жадання стварыць сям’ю, складана назаўсёды забыцца пра жаноцкую вопратку і касметыку. Кансэкраванае жыццё вымагае ахвяры і адрачэння. Аднак многія дзяўчаты, не пабаяўшыся наступстваў, выбіраюць гэты шлях.

Усмешлівая і далікатная сястра-эўхарыстка Наталля Далівайла адразу выклікае сімпатыю. Яна ўмее знайсці падыход і да дзяцей, і да людзей сталага веку. Яе дабрыня і шчырасць з’яўляюцца своеасаблівым ключом, здольным адкрыць любое сэрца. Сястра Наташа шчыра прызнаецца, што ў дзяцінстве не марыла і не планавала стаць законнай сястрой. У касцёл дзяўчына хадзіла “з-пад палкі”, як і большасць дзяцей. Тата Казімір сачыў за тым, каб дачка з маленства была далучаная да касцёла і веры. Наташа з нецярпеннем чакала заканчэння святой Імшы, а казанні святара падаваліся бясконца доўгімі і незразумелымі. У пачатковых класах дзяўчына прыняла Першую Святую Камунію. Лёсавызначальная падзея змяніла яе падыход да веры. А веды, атрыманыя падчас падрыхтоўкі да сакраманту, прымусілі задумацца над многімі рэчамі. Няўжо Бог і сапраўды так моцна любіць кожнага з нас? Такое пытанне школьніца не раз задавала сабе, калі прыходзіла на святую Імшу. Яна глядзела на алтар, малілася і спявала разам з парафіянамі і ўсё больш адчувала, што касцёл – гэта тое месца, дзе ўтульна і цёпла, акурат як дома. Вялікі ўплыў аказалі і сёстры-эўхарысткі, якія ў той час служылі ў Барысаўскай парафіі. Разам з імі школьніца праводзіла вольны час, дапамагала ў працы, гутарыла на розныя тэмы. А дома разам з татам Казімірам малілася на ружанцы. Менавіта бацька стаў прыкладам сапраўднай веры і жывых адносін з Богам. Мама ў той час знаходзілася далёка ад веры. Аднак не была супраць таго, каб дачка малілася і наведвала касцёл. У старэйшых класах Наташа адчула ў сваім сэрцы голас паклікання. Яна зразумела, што манаства – адзіны шлях, які можа прынесці сапраўднае шчасце. Менавіта тады выпускніца вырашыла пайсці ў кляштар. Тата падтрымаў намеры дачкі, але заклікаў добра падумаць. Мама была супраць. У той час яна не разумела глыбокага сэнсу манаскага жыцця і прапаноўвала дачцэ абраць свецкі шлях. Аднак Наташа стаяла на сваім. Тады дзяўчына пайшла супраць волі маці. Канешне, гэтая акалічнасць моцна раніла яе дзявочае сэрца. Праз некалькі гадоў, бачачы вялікае прагненне дачкі, мама зацікавілася касцёлам, пачала наведваць святыя Імшы, маліцца на ружанцы. І ўжо на першых шлюбах Наташы мама была каталічкай-практыкам.

Шлюбы сястры Наталлі

Наталля добра памятае дзень першых шлюбаў. Гэта падзея адбылася ў 2002 годзе ў Вільні. Вечныя шлюбы законная сятра склала на шэсць гадоў пазней – у 2008 годзе. У браслаўскім касцёле ва ўрачыстай абстаноўцы яна абяцала быць вернай і адданай Богу назаўсёды. Сястра Наталля прызнаецца, што на вечных шлюбах моцна хвалявалася, прасіла Бога ўмацаваць яе веру. За плячыма сястры цяпер безліч парафій. Астравец, Слабодка, Барысаў, Браслаў – кожная парафія аказала на яе ўплыў, а парафіяне сталі сапраўднай сям’ёй. Сёння Наталля Далівайла служыць у парафіі святога Андрэя Баболі ў Полацку. Яна адзначае, што па-сапраўднаму шчаслівая на абраным шляху і дзякуе Богу за магчымасць быць побач з Ім.

25 чэрвеня 2024 года адышоў у вечнасць Казімір Далівайла, тата Наталлі. Менавіта ён стаў правадніком да веры, навучыў першым хрысціянскім ісцінам, а магчыма, і вымаліў пакліканне для сваёй дачкі. Разам з татам дзяўчынка малілася на ружанцы, наведвала касцёл, вучылася бачыць чужыя цярпенні і боль. Сёння, узгадваючы тыя акалічнасці, сястра-эўхарыстка шчыра дзякуе Богу за свайго тату і выпрошвае для яго дар вечнага жыцця.

Парады для моладзі, якая выбірае святарскі і манаскі шлях

Ксёндз Павел Раманоўскі:

– Дарагая моладзь! Паглыбляйце сваё сяброўства з Богам праз малітву і частае прыняцце святых сакрамантаў. Абараняйце сваё сэрца ад зла, няпраўды і брыдоты. Узрастайце ў цнотах праз вернае выкананне сваіх абавязкаў і ўчынкі міласэрнасці. Папрасіце дасведчанага святара Касцёла спадарожнічаць вам у пілігрымцы да неба праз рэалізацыю распазнанага паклікання. А Пан Бог усё іншае ўчыніць.

Сястра Наталля Далівайла:

– Выбіраць свой далейшы шлях неабходна, кіруючыся ўласнымі перакананнямі і жаданнямі. Калі ёсць у сэрцы вялікае жаданне звязаць свой далейшы лёс з кансэкраваным жыццём, то неабходна маліцца ў гэтай інтэнцыі, просячы Бога распазнаць правільнасць свайго рашэння, бо немагчыма прыйсці да Бога без Яго згоды і бласлаўлення. Таму маліцеся, наведвайце моладзевыя рэкалекцыі, удзельнічайце ў жыцці касцёла, ахвяруючы свае таленты і здольнасці.

Парады для бацькоў, чые дзеці адчулі голас паклікання

Марыя Давідовіч, мама семінарыста:

– Зразумела, што ў сямнаццаць гадоў маладыя людзі могуць памыляцца з выбарам шляху. Задача бацькоў – падтрымаць іх маральна і малітоўна. Асабіста я хачу, каб мой сын быў шчаслівым. І не так важна, якім шляхам ён будзе ісці да гэтага шчасця. Мы прызвычаіліся да адзінага сцэнарыю – жаніцьба, нараджэнне дзяцей. Аднак гэты шлях падыходзіць не ўсім. Чалавек павінен самастойна зрабіць жыццёвы выбар, і ўплываць тут на дзіця нельга, бо гэта можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. Лічу, што для кожнай маці вялікім гонарам з’яўляецца выхаванне будучага святара або манахіні. Таму варта падтрымліваць шчырыя і чыстыя намеры сваіх дзяцей.

Падрыхтавала Марта Венславовіч

для друку для друку