Калі Бог прамаўляе праз сны. Сведчанне пані Альфрэды

За вокнамі – мокры снег. У такое надвор’е зусім не хочацца выходзіць з хаты. Яно, здаецца, створана для таго, каб людзі маглі пабыць дома, пачытаць любімыя кнігі, пагутарыць. Гляджу праз акно на вясновы пейзаж і радуюся, што мы з пані Альфрэдай у гэты час знаходзімся ва ўтульным пакоіку. Ад кафлянкі цягне цяплом, а паветра насычана водарам воску – гаспадыня дому нядаўна малілася. На стале роўным радком стаяць абразы святых і Багародзіцы, а ў цэнтры – распяцце. Жанчына ўспамінае пра сваё жыццё, час ад часу ўсміхаецца, прыгадваючы пэўныя моманты. Ад яе вее дабрынёй, шчырасцю і лагодай. Зусім нядаўна пані Альфрэда адзначыла свой юбілей – ёй споўнілася 85 гадоў. Павіншаваць дарагога чалавека прыехалі дзеці, унукі і праўнукі. Разам са сваімі роднымі юбілярка наведала гальшанскі касцёл святога Яна Хрысціцеля, дзе ў яе інтэнцыі адпраўлялася святая Імша.

З самага маленства Альфрэда Трон была далучаная да касцёла. Яе дзень пачынаўся і заканчваўся малітвай. З ранняга ўзросту яна прызвычаілася дзякаваць Богу за ўсё: за станоўчыя моманты, за радасці, а таксама за боль і цяжар. Гэтаму ж імкнулася навучыць сваіх дзяцей і ўнукаў. Жыхары Гальшан ведаюць жанчыну як шчырую і адказную каталічку. Доўгі час яна ўзначальвала францысканскі закон свецкіх, які дзейнічае пры парафіі ў Гальшанах. Адказная і дысцыплінаваная, яна бралася за любую справу, імкнулася выканаць яе якасна і плённа. Замена кветак на алтары, догляд касцельнай тэрыторыі і нават прыгатаванне ежы – у розныя часы даводзілася выконваць розныя абавязкі. У нейкі момант храм стаў другім домам для жанчыны, бо тут яна праводзіла асноўную частку свайго дня.

Пані Альфрэда

Францысканскі касцёл у Гальшанах прываблівае турыстаў і гасцей. Дагледжаная тэрыторыя, адмысловыя фігуры Багародзіцы і незвычайны сакральны будынак у стылі барока – усё гэта з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем аграгарадка. Мясцовыя жыхары разам з дзецьмі кожную нядзелю спяшаюцца сюды, моляцца і спяваюць, удзельнічаюць у парафіяльных справах. Духоўнае жыццё віруе. Аднак пані Альфрэда памятае і той час, калі касцёл быў зачынены. Тады ён меў зусім іншы выгляд. Падавалася, што больш ніколі не загучаць тут гукі аргана, не адбудзецца цэлебрацыя святой Імшы. Ад гэтага жанчыне рабілася сумна, а час ад часу яна прыходзіла пад магутныя сцены, каб памаліцца. У галаве тады ўзнікалі розныя думкі. Не раз яна думала, што добра было б, каб у храме размясціўся завод ці прадпрыемства. Так можна было б выратаваць святыню ад разбурэння. Пасля пані Альфрэда абуджалася ад сваіх думак, перапрашала Бога і выракалася грэшных памкненняў.

Вясной 1981 года з жанчынай здарылася падзея, якая цалкам змяніла кірунак яе думак.

Чарговай ноччу яна ўбачыла незвычайны сон, які ўспрымаўся вельмі жыва і рэальна. Ёй прымроілася, што едзе яна ў касцёл у суседнюю вёску Трабы на рэзурэкцыю. Моцна спазняецца, аднак падыходзіць да крыжа, каб перажагнацца і пацалаваць. Раптоўна каля крыжа ўзнікае вобраз жывога Хрыста, Які пытае ў жанчыны: “Што табе трэба?” Альфрэда не наважылася прасіць пра нешта, бо ўзгадала, што Хрыстос і так вельмі шмат ёй даў. Яна падзякавала Богу і адказала, што ёй асабіста нічога не патрэбна. Пасля гэтага жанчына абудзілася. На наступную ноч ёй прыснілася, што ідзе яна па гальшанскіх могілках. Перад ёй адчынілася старая брама. Вакол – крыжы і магілы. Раптоўна на шляху ўзнікла іншая брама – новая і прыгожая. А за ёй – жывы Хрыстос. Але найбольшы ўплыў аказаў трэці сон. На гэты раз жанчына апынулася акурат ля гальшанскага касцёла. Ля яго рупліва працавалі людзі, а на цвінтары мужчыны ўсталёўвалі фігуру Хрыста. Але фігура не ўтрымалася, упала і разбілася на дробныя часткі. Жанчына гучна закрычала: “Што вы зрабілі?” Людзі раптоўна зніклі, а перад ёй трэці раз паўстаў жывы Хрыстос. Ён быў апрануты ў шэрае адзенне. Езус пільна паглядзеў на пані Альфрэду, а пасля сказаў: “Калі касцёла не будзе, адказваць будзеш ты. Усё, што папросіш, – Я табе дам”. Спалохаўшыся, жанчына ўпала да ног Госпада і пачала цалаваць іх. Яна тлумачыла, што адна нічога не здолее зрабіць.

Абудзілася пані Альфрэда ў слязах з адчуваннем, што сапраўды цалуе ногі Хрыста. З таго моманту ўсе думкі жанчыны займаў апошні сон. Яна ўзгадавала той наказ, які атрымала ад Хрыста. Тыя словы моцна ўвайшлі ў свядомасць, не давалі спакойна дзейнічаць і жыць. Гэта толькі сон.

Што можа зрабіць звычайная вясковая жанчына? Так яна імкнулася супакоіць сябе, аднак перад вачыма зноў і зноў паўставаў Хрыстос, а ў вушах гучаў Яго строгі наказ.

Тады пані Альфрэда пачала размаўляць з аднавяскоўцамі пра аднаўленне касцёла ў Гальшанах. Яны смяяліся ёй у твар, называлі дзівачкай, а справу аднаўлення лічылі немагчымай. Некаторыя падтрымлівалі яе памкненні, аднак канкрэтнай дапамогі ўсё ж ніхто аказаць так і не рашыўся. Аднойчы, едучы ў Трабы на Імшу, жанчына сустрэла пана Казіміра, якога даўно ведала. Ён быў католікам-практыкам і, даведаўшыся пра добрую ініцыятыву, адразу ж падтрымаў яе і абяцаў дапамагчы. Разам з панам Казімірам яны хадзілі па Гальшанах і ваколіцах, шукаючы аднадумцаў, якія згадзіліся б далучыцца да добрай справы. Адначасова шукалі інфармацыю пра тое, якія дакументы неабходна сабраць для вяртання храма. На працягу некалькіх гадоў вялася актыўная работа ў гэтым кірунку. Складаліся спісы парафіян, рыхтаваліся адпаведныя дакументы, збіраліся подпісы. Жанчына сутыкалася з цяжкасцямі і складанасцямі, з якімі па чалавечых меркаваннях немагчыма справіцца. Аднак у час роспачы яна прыгадвала словы Хрыста: “Усё, што папросіш, – Я табе дам”. Тады яна заглыблялася ў малітву, просячы Хрыста пра дапамогу ў няпростай справе.

Ішлі гады. Праца пакрысе прасоўвалася, сталі бачныя першыя вынікі. Актыўна ў гэтую справу ўключылася і дачка пані Альфрэды, якая дапамагала рыхтаваць усе неабходныя дакументы.

Жанчына добра памятае, як ехала на сустрэчу з біскупам Тадвушам Кандрусевічам, каторы цэлебраваў Святую Імшу ў суседніх Жупранах. Яна моцна хвалявалася і непакоілася.

Пасля Імшы адбылася лёсавызначальная сустрэча, у працэсе якой абмеркавалі стан будынка касцёла, настрой вернікаў і іншыя акалічнасці. Біскуп абяцаў, што прышле ў Гальшаны часовага святара, які будзе весці службы. Жанчына выйшла з касцёла, села на лаву і расплакалася. Яна не верыла, што ўсё гэта рэальна. Няўжо і сапраўды ў Гальшанах зноў будуць адбывацца Імшы, а дзверы касцёла будуць адчыненыя? Зноў у падсвядомасці прагучалі словы Хрыста з трэцяга сну. Тады яна зразумела, што для Бога няма нічога немагчымага. А яна стала тым інструментам, дзякуючы якому здзейснілася добрая справа.

29 ліпеня 1990 года а 17-й гадзіне ля муроў касцёла была праведзена першая святая Імша. Сабралася вялікая колькасць людзей, якія супольна маліліся і дзякавалі за вялікі дар. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў ксёндз Іосіф Занеўскі. Многія парафіяне плакалі. Складана было паверыць, што ў касцельных мурах зноў будзе прысутнічаць жывы Хрыстос. Айцы-францысканцы пачалі актыўную працу ў касцёле: аднавілі фасад, паклалі плітку, заняліся рэстаўрацыяй фрэсак. Пані Альфрэда прыходзіла ў касцёл і дзякавала Хрысту за гэты вялікі дар, які вернікі атрымалі дзякуючы бясконцай Божай Міласэрнасці.

Прыгадваючы тыя гады, жанчына адчувальна хвалюецца. Да гэтага дня ва ўласным архіве яна захоўвае дакументы і фотаздымкі таго далёкага часу. Яны даўно сталі часткай гісторыі.

Раптоўна паветра разарваў гук званоў, які заклікаў вернікаў прыйсці на вечаровую святую Імшу. Жанчына на нейкі момант замаўчала, спыніла свой аповед. Яна, як ніхто іншы, ведае кошт гэтага гуку. Знаёмая ёй і невымерная духоўная смага, якую яна адчувала, калі касцёл быў зачынены. Перабіраючы драўляныя пацеркі ружанца, пані Альфрэда не просіць асаблівых ласкаў для сябе. Яна просіць Хрыста і Багародзіцу, каб дзверы гальшанскага храма больш ніколі не зачыняліся.

Марта Венславовіч

для друку для друку