Юбілей прысутнасці ў Беларусі сясцёр адараторак адзначылі ў Докшыцах

5 кастрычніка ў Докшыцах адбылося свята ў гонар 25-гадовага юбілею прысутнасці сясцёр Адараторак Крыві Хрыста ў Беларусі.

Адараторкі Крыві Хрыста прыбылі ў Беларусь з Польшчы 26 жніўня 1999 года. Першым і адзіным месцам іх працы ў нашай краіне стала парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах. На пастаянна прыехалі першыя сёстры Адараторкі Крыві Хрыста: с. Эва Півоньска і с. Маргарыта Аўгустын. Раней у Докшыцы прыязджала с. Іна Бальцэвіч, якая першая з Беларусі ўступіла ў кангрэгацыю. Супольнасць заснавана ў Італіі св. Марыяй дэ Маціяс.

4 жніўня 2001 года распачалася будова новага дома сясцёр. Такім чынам акрамя душпастырскай працы, дадаліся яшчэ будаўнічыя клопаты. Але сёстры паспяхова спраўляліся, нягледзячы на цяжкасці. Дапамагалі таксама ім у гэтым браты капуцыны.

Харызмат Адараторак Крыві Хрыста глыбока закаранелы ў таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса, у радасці і надзеі сёстры сведчаць перад светам аб жывой прысутнасці любові Хрыста, якая надае сэнс людскому цярпенню і робіць яго вызваляючым і ажыўляючым. Місія адараторак у Касцеле – гэта супрацоўніцтва з Хрыстом у справе збаўлення.

Само святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. На літургіі прысутнічалі айцы капуцыны на чале з кусташам Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Алегам Шэндам OFMCap, сёстры з іншых манаскіх кангрэгацый, а таксама вернікі і госці парафіі.

“Якім бы пакручыстым не быў чалавечы лёс, кожны з нас мае шмат нагодаў, каб быць удзячным. Удзячным Богу, іншым людзям, акалічнасцям. Хрысціянскія звычаі ўдзельнічаць у таямніцы Хрыста, Ягонай смерці і ўваскрасення — гэта годны спосаб выказваць удзячнасць Богу. Асаблівай нагодай з’яўляецца тое, што збіраемся ў гэтай святыні, каб скласці падзяку Усемагутнаму за тое, што адносна невялікая, але вельмі працавітая супольнасць сясцёр адараторак святкуе 25-цігоддзе сваёй дзейнасці ў Беларусі” – прамовіў на самым пачатку ўрачыстасці а. Алег Шэнда і прывітаў сясцёр-гасцей з замежжа: радных Маці Генеральнай кангрэгацыі сясцёр адараторак і Маці Правінцыяльную.

Біскуп Алег у прамоўленай гаміліі падкрэсліў, што менавіта “Божая прадбачнасць і Яго ласка вяла сясцёр праз гэты няпросты час, бо гэта быў час адраджэння, вяртання таго жывога касцёла, які быў спрагнёны Божай ласкі і спрагнёны паслугі сясцёр, навучання, апекі духоўнай і пастырскай”. Пастыр дыяцэзіі падзякаваў Богу за гэты эксклюзіў на Віцебшчыне – адзіную супольнасць сясцёр Адараторак Крыві Хрыста ў Беларусі, якая знаходзіцца ў Докшыцах.

У працэсіі з дарамі да алтара манахіні прынеслі свае 25 гадоў паслугі і працы, як знак удзячнасці за ўсе ласкі, якія атрымалі на працягу гэтага часу, удзячнасць за ўсіх сясцёр, якія неслі тут сваё служэнне дзеля хвалы Найдаражэйшай Крыві і збаўлення душаў.

Айцец Алег Шэнда OFMCap ад імя ўсіх сабратоў падзякаваў сёстрам за супольную працу і руплівасць на Беларускай зямлі. “Для Беларусі важным з’яўляецца тое, што адараторкі — гэта саўдзельнікі адраджэння, будавання, аднаўлення касцёла ў Беларусі, у Докшыцах. Першыя крокі сясцёр былі звязаны з простымі, бытавымі складанасцямі. Прыехаўшы ў практычна пустое месца, у першы вечар магчыма трэба было проста знайсці лыжку, каб размяшаць цукар у гарбаце. І такіх дробязей было шмат, але сёстры прыйшлі не займацца дробязямі, а каб быць побач з людзьмі. Я думаю, у Докшыцах няшмат тых людзей, якія не ведаюць сясцёр, — сказаў кусташ капуцынаў і з усмешкай дадаў: — Магчыма пробашча не ведаюць, бо часцей змяняюцца, а сёстры ёсць заўсёды, для ўсіх і ўсюды, і заўсёды, працавітыя, радасныя і з усмешкай.”

Дзеці і моладзь, парафіяне і запрошаныя госці выказвалі шчырыя словы віншаванняў і падзякі сёстрам за іх адданую працу і прысутнасць у Докшыцах.

Пасля ўрачыстага бласлаўлення наймалодшыя парафіяне пад кіраўніцтвам сясцёр паказалі сцэнку пра пакліканне і служэнне заснавальніцы адараторак св. Марыі дэ Маціяс, а пасля ўвазе гасцей было прапанавана відэапрэзентацыя пра дзейнасць адараторак у докшыцкай парафіі за апошнія 25 год.

Працяг святкавання адбыўся на прыкасцельнай тэрыторыі. Усіх запрошаных чакаў пачастунак, гульні і танцы, а таксама можна было набыць памятныя падарункі з урачыстасці.

Сястра Маргарыта Аўгустын, адна з першых прыехала ў Докшыцы і вось на працягу 25 год нясе служэнне ў гэтай парафіі і вырасціла духоўна не адно пакаленне дзяцей і моладзі. “Каталіцкі Веснік” паразмаўляў з сястрой Маргарытай як было тады, калі ехала ў невядомае, што змянілася і як зараз сябе адчувае сярод беларускіх людзей.

Сястра Маргарыта Аўгустын

“Калі Бог накіраваў мяне ў Беларусь, канешне, першы раз было хваляванне, як гэта будзе, але тым не менш, глыбока ў сэрцы было тое, што Бог мяне вядзе і што гэта менавіта Ён хоча, каб мы былі на беларускай зямлі. Калі мы прыехалі, парафія нас сустрэла з вельмі адкрытым сэрцам. Вернікі запэўнілі сясцёр, каб не думалі, што яны так проста прыехалі, а іх вымалілі ў Бога: “Мы два гады маліліся, каб у нас былі сёстры”. Цяпер, праз 25 год, я бачу, што гэта парафія сапраўды такая цёплая і добрая. Не скажу, што ніколі не было цяжкасцяў. Былі. Мы не здарма адараторкі Хрыста, мы павінны яднацца з Езусам, Які на крыжы, пераносіць цяжкасці дзеля збаўлення другога чалавека”.

Адзначаючы 25 гадоў сваёй прысутнасці ў нашай краіне, сёстры адараторкі вельмі ўдзячныя Богу за самае найменшае дабро, якое ім учынілі, што падалі руку ў патрэбе і дапамагалі ў служэнні.

Кляштар для парафіі ў Докшыцах з’яўляецца сапраўдным скарбам. Тут праводзяцца шматлікія сустрэчы, рэкалекцыі, канікулы з Богам для дзяцей. Сёстры сваёй прысутнасцю ўзбагачаюць докшыцкую парафію.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота

для друку для друку