Якім быў фэст у Будславе даўней

Фэст. Фота: Мельхіёр Ваньковіч/Галоўны архіў старажытных актаў, Варшава.

Будслаўскі фэст – гэта адначасова і рэлігійная ўрачыстасць, і культурная з’ява. Для людзей, якія жылі ў блізкіх і далёкіх ваколіцах Будслава, фэст быў падзеяй абавязковай. Да цудоўнага абраза Маці Божай ішлі пешшу і ехалі на фурманках, прыходзілі і каталікі, і праваслаўныя. Мы пашукалі на старонках старых газет і часопісаў апісанні фэстаў у Будславе ў даўно мінулыя гады.

Нейкі І. Станоўскі апублікаваў у праваслаўным “Вестникe Виленского Свято-Духовского братства” (№13-14 за 1912 год) даволі вялікае апісанне ўрачыстасці: “Штогод 21 чэрвеня [дата пададзеная паводле юліянскага календара – заўв. аўт.] м[ястэчка] Будслаў набывае незвычайна святочны выгляд. У гэты дзень усё каталіцкае насельніцтва, на сотню вёрст у акружнасці, спяшаецца ў будслаўскі касцёл на пакланенне мясцова шанаванаму абразу Божай Маці. У ліку багамольцаў вялікая большасць беларусаў-каталікоў і праваслаўных з суседніх паветаў Віленскай і памежнай Мінскай губерні. У мінулыя гады на “фэст” прыбывала ад 3 да 4 тысяч беларусаў, у гэтым годзе з’ехалася да 8 тысяч”.

І. Станоўскі піша, што цудоўны абраз Маці Божай звычайна быў заслонены іншым абразом. Паводле мясцовай традыцыі, абраз адсланялі толькі ў дзень фэсту, а таксама ў “маладзіковую нядзелю” – першую нядзелю пасля маладзіка. Абраз маглі адсланіць за адмысловае ахвяраванне падчас цырымоніі шлюбу. Аўтар апісвае і традыцыю продажу на фэсце ватыўных фігурак з воску: “Звяртае на сябе ўвагу асаблівы, мала каму вядомы від гандлю рэлігійнымі ўпрыгожаннямі, якія ўяўляюць сабой васковыя фігуры мужчыны, жанчыны, дзіцяці, органаў чалавечага цела, буйной і дробнай жывёлы. Мужчыны і жанчыны, якія пакутуюць ад тых ці іншых хваробаў, у якіх паміраюць дзеці, не вядзецца скаціна, з ахвотай набываюць гэтыя сімвалы і з малітвай на вуснах прыносяць як дар да абраза Божай Маці. Сюды ж складаюць усе плёны сялянскай працы ў выглядзе палатна, ільну, авечай воўны і інш. у такой вялікай колькасці, што прыслужнікі не паспяваюць прыбіраць гэтае дабро ў закрыстыю”. Сучасны будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік, калі даведаўся пра гэтую традыцыю, вырашыў яе часткова аднавіць і ў 2019 годзе вырабіў свечкі з чыстага воску ў выглядзе сэрца.

На фэст, піша І. Станоўскі, прыязджалі да трох соцень жабракоў, якія пад касцёлам збіралі ахвяры: “Гэтая публіка, якая спявае, грае, дэкламуе на мясцовых мовах, праводзіць дзень на падворку касцёла, ноч – пад будамі сваіх вазоў. Большасць з іх – жабракі-прафесіяналы, якія вандруюць “ад фэста да фэста, ад кірмаша да кірмаша” па парафіях Віленскай і Мінскай губерній. Сярод іх пераважаюць глыбокія старцы, старухі, бязрукія і бязногія калекі, вырадкі, хранічна хворыя людзі – усё народ, які сапраўды ў патрэбе. І пабожны беларус, што пакланіўся абразу і прынёс ахвяру па сваіх сілах да алтара, лічыць за свой абавязак абдарыць усю жабрачую браццю… Рэдка ўдаецца бачыць такую колькасць шэрага люду, назіраць тыповых беларусаў, чуць іх некранутую ў гэтым куце родную мову”, – падсумоўвае ўражанні аўтар.

Жабракі. Фота: Мельхіёр Ваньковіч/Галоўны архіў старажытных актаў, Варшава.

Да 1990-х гадоў, калі ў незалежнай Беларусі Будслаў стаў Нацыянальным Санктуарыем, Будслаўскі фэст быў хоць важнай, але мясцовай урачыстасцю. Біскупы з Вільні ніколі не прыязджалі ў Будслаў на фэст, бо ў тыя самыя дні адбываліся марыйныя ўрачыстасці ў віленскай Вострай Браме.

Будслаўскі фэст зноў трапіў на старонкі газет у 1937 годзе. Тады грамадская арганізацыя “Таварыства развіцця ўсходніх земляў” разам з “Корпусам аховы памежжа”, які размяшчаўся ў Будславе, зладзілі ў дні фэсту народны кірмаш. Арганізавалі адмысловы цягнік з Маладзечна, на якім можна было праехаць з вялікай зніжкай. З Вільні прыехаў ваявода Людвік Бацяньскі, каторага сустрэлі пры адмыслова збудаванай драўлянай браме каля моста праз Сэрвач. Віленская рэдакцыя Польскага радыё прыбыла з аўтамабілем-студыяй і вяла трансляцыю з Будслава. “Урачыстасці пачаліся днём 1 ліпеня, – паведамляў “Kurjer Wileński” (№ 180 за 1937 год). – Ужо ад сярэдзіны гэтага дня ў Будслаў сыходзіліся пілігрымкі і працэсіі нават з адлеглых парафій (…). Гіганцкі пляц-рынак перад касцёлам, упрыгожаны лесам мачтаў з харугвамі і зеленню, напоўніўся прылаўкамі, кірмашовымі будамі, ваза́мі і натоўпамі жыхароў. Збоку паўсталі выставачныя павільёны, якія змяшчалі выставу народнага рамяства, багатую цікавымі экспанатамі з керамікі, ільняных вырабаў, вырабаў з дрэва і г. д., і часовая драўляная сцэна. На гэтай сцэне ад гадзіны 16 да 18 адбываліся паказы народных аркестраў і конкурсы хораў. (…) Пасля ўрачыстых нешпараў, спалучаных з працэсіяй і адсланеннем цудоўнага абраза Маці Божай у касцёле, для жыхароў арганізаваны пад адкрытым небам шэраг забаў: гукавое кіно, канцэрт аркестраў і хораў і светлавое шоу на лузе над ракой Сэрвач”.

Працэсія 2 ліпеня 1937 г. Кінахроніка Польскага тэлеграфнага агенцтва.

Тым жа вечарам быў асвечаны новы звон на касцельнай вежы, а апоўначы – упершыню за некалькі дзесяцігоддзяў – прабіў гадзіннік, які адрамантавалі за ахвяры, што сабралі афіцэры і падафіцэры-памежнікі. За гэта пробашч дазволіў змясціць на вежы эмблему “Корпуса аховы памежжа”… Другі дзень урачыстасці ў Будславе пачаўся з пабудкі, якую адыгралі фанфарысты з вежы касцёла, – пісаў “Kurjer Wileński”. – У Будслаў з усіх бакоў сцягнуліся натоўпы пілігрымаў і сялянскія фурманкі. Агулам прыбыло ў Будслаў каля 10.000 навакольнага насельніцтва. Перад урачыстай сумай, падчас якой прамовіў казанне вайсковы капелан кс. [Пётр] Следзеўскі, адбылася працэсія з удзелам аркестраў, хораў і пілігрымак у рэгіянальных строях”. Пасля Сумы гулянні працягнуліся: адбыліся конкурс народных танцаў, спаборніцтвы ў плаванні на байдарках па Сэрвачы і конныя паказы на пляцы пры казармах.

У тыя ж дні Будслаў наведаў польскі пісьменнік беларускага паходжання Мельхіёр Ваньковіч, якога цяпер называюць “бацькам польскага рэпартажу”. У часопісе “Antena” (№3 за 1938 год) ён апублікаваў нарыс, дзе звярнуў увагу на гутарку мясцовых жыхароў, у якіх “з плыні мяккіх словаў, спеўных, як размова беларуская, раптоўна з’яўляецца востры контур польскай мовы, каторая з вуснаў гэтых людзей гучыць як словы [вайсковай] каманды, у якой словы ўзрываюцца, як шрапнэль”. Аўтар не абмінуў увагай і жабракоў: “На другі дзень сонца сее незвычайнае святло на рынак і прыгожы барочны касцёл. Каля яго падножжа рояцца, як мурашкі, дзяды. “Piekło cień czeka za twoje grzechi I płacz nezbytny za sprosne smiechi” [“Пекла цябе чакае за твае грахі і плач бясконцы за пустыя смехі” – тут рэпарцёр прыводзіць радкі жабрацкай песні польскімі словамі на беларускі манер – заўв. аўт.] Перакручаныя абрубкі, канвульсіі, выццё сляпых, енк адмыслова навучаных дзяцей – нейкі ўсходні лад, які ўтварыўся здаля ад Польшчы, здаля ад дваццатага стагоддзя”, – падсумоўвае ўражанні аўтар.

Ваньковіч зрабіў падчас фэсту каля двух дзясяткаў здымкаў. Яны цяпер захоўваюцца ў зборах Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве. На іх можна бачыць удзельнікаў свята, тых самых жабракоў і сустрэчу ваяводы. У архівах захавалася і некалькі хвілін кінахронікі, якую 2 ліпеня 1937 года зняло ў Будславе Польскае тэлеграфнае агенцтва.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі