Маладыя людзі заўжды знаходзяцца ў асаблівым фокусе Касцёла. Клопат пра іх без сумневаў успрымаецца як дбайнасць пра будучыню. Сёлета ў Лісабоне адбудзецца Сусветная сустрэча моладзі. З гэтай нагоды я паразмаўляў з кс. Алегам Хмылко, адказным за душпастырства моладзі ў Віцебскай дыяцэзіі. Мы гаворым пра сучасную фармацыю маладзёнаў, перспектывы і выклікі ды чаканні ад сустрэчы ў Партугаліі, на якую паедуць каля дзвюх сотняў чалавек з Беларусі.
– Сучасная моладзь – якая яна?
– Я б сказаў, што школьнікі і студэнты сёння больш занятыя, чым раней. З рэпетытарамі часта пачынаюць працаваць ужо з пятага класа. Таму нярэдка іх складана зматываваць, актывізаваць.
Моладзь у меншых мясцовасцях крыху больш сталая ў наведванні катэхезаў ці нейкіх сустрэч пры Касцёле, у горадзе з гэтым складаней. Гэта звязана з тым, што ў вялікіх гарадах школьнікі больш загружаныя рознымі заняткамі, там болей магчымасцяў бавіць вольны час. Агулам бачна, што моладзь прыходзіць у касцёл на св. Імшу, але на нейкіх сустрэчах ці катэхезах іх мала.
– А што з гаджэтамі?
– Калі бацькі мне жаляцца на тое, што дзеці сядзяць у тэлефонах, я заўжды пытаюся: а якая ў іх альтэрнатыва? Школьнік зрабіў урокі, выканаў усе абавязкі – і мае вольны час. Калі не было гаджэтаў, то раней ішлі на двор. А сёння сядаюць на канапу і бясконца гартаюць Tik Tok. Таму павінна быць альтэрнатыва.
На катэхезах я стараюся распавядаць пра цікавыя кнігі і заахвочваць іх чытаць. Каб яны дома адкладалі тэлефон і неяк развіваліся. Калі мы ладзім сустрэчы для моладзі, то стараемся напаўняць праграму рознымі актыўнасцямі максімальна. Каб быў нейкі “варушняк”. Нават паміж пунктамі праграмы, каб гэта не было проста 20 хвілін перапынку і цішыні, бо зразумела, што ўсе ў гэты час залезуць у тэлефоны. Калі мы ладзім Дні Моладзі ў Браславе, то заўжды ёсць мячыкі, калонка, праз якую можна ўключыць музыку, настолкі, і частка людзей гэтым карыстаецца. Таму трэба прапаноўваць альтэрнатыву.
Разам з гэтым хачу падкрэсліць, што гаджэт у руцэ – гэта далёка не заўсёды штосьці кепскае. Моладзь карыстацца і мабільным малітоўнікам, спеўнікам, Бібліяй. Таму калі нават у касцёле маладая асоба сядзіць з тэлефонам, то, напэўна, не глядзіць Tik Tok.
– На што б Вы яшчэ звярнулі ўвагу пры арганізацыі вялікіх моладзевых сустрэч?
– Важна, каб быў вольны час. Я бачыў такія сустрэчы, дзе былі чатыры канферэнцыі ў дзень. На мой погляд, гэта зашмат. Нават даросламу такі аб’ём інфармацыі складана засвоіць. Моладзі таксама патрэбны час, каб проста пасядзець і пагутарыць, пафоткацца.
Яшчэ на нашых днях моладзі стараемся рабіць т.зв. воркшопы, то бок, запрашаем свецкіх спецыялістыў у нейкіх галінах – псіхолагаў, блогераў, журналістаў і г.д. Прынцып такіх воркшопаў – гэта не проста канферэнцыя, а інтэрактыў. На гэта адводжу тры гадзіны. Некаторыя казалі, што зашмат, што там можна рабіць столькі часу? Аднак практыка паказвае: нярэдка гэтага часу нават недастаткова. Гэта ўсё праз інтэрактыў, бо падчас воркшопаў ёсць гульні, сцэнкі і г.д. Пры гэтым усе воркшопы адбываюцца паралельна, і кожна павінен выбраць адно і што яму больш цікава.
– То бок без “варушняку” складана ўбачыць моладзь у Касцёле?
– Неабавязкова. Я казаў больш пра працу ў плане стварэння альтэрнатывы сядзенню ў тэлефоне. Моладзь хоча маліцца, спяваць рэлігійныя песні, прыходзіць на адарацыю, старэйшыя любяць цікавыя канферэнцыі.
Агулам я б не сказаў, што гаджэты з’яўляюцца асноўнай прычынай, чаму моладзь не наведвае катэхезы ці сустрэчы пры Касцёле. У выпадку школьнікаў гэта, хутчэй, нейкі сорам, адсутнасць кампаніі. Найчасцей у іх дзейнічае прынцып сарафаннага радыё: хтосьці быў на нейкай сустрэчы, яму спадабалася і яны адно аднаго запрашаюць. Школьнікі, якія проста прачыталі ці пачулі аб’яву ў Касцёле, мала прыходзяць, бо зноў жа: “ай, не ведаю”, “баюся”, “саромеюся”.
– Сёлета ўсе рыхтуюцца да Сусветнай сустрэчы моладзі ў Лісабоне. Наколькі важныя такія вялікія сустрэчы?
– Канешне, важныя, бо моладзь бачыць такіх жа, як яны – маладых людзей, каторыя шукаюць Бога, моляцца. Такія сустрэчы працуюць па прынцыпе “моладзь да моладзі” і маюць інтэграцыйна-евангелізацыйныя мэты. Па гэтай прычыне на такіх сустрэчах вельмі карысная праца ў групах: моладзь любіць размаўляць і дзяліцца між сабой. Пры гэтым я стараюся ставіць маладых аніматараў, а не духавенства адказнымі за працоўныя групы ў такіх выпадках. Гэта лепш працуе.
Ці іншы прыклад. Калі я пачаў працаваць з маладымі людзьмі, то сабраў групу аніматараў, якія дапамагаюць арганізоўваць нашыя дыяцэзіяльныя мерапрыемствы. У сваю чаргу, маладзёны каторыя прыязджалі на гэтыя сустрэчы, пыталіся пазней, як патрапіць у групу аніматараў, бо ім спадабалася, як яны працуюць.
Інтэграцыйныя элементы – танцы, канцэрты, забавы – вельмі важныя на такіх сустрэчах. Трэба, каб моладзь камунікавала паміж сабой. Тады яны знаёмяцца, пачынаюць сябраваць. Часам нават цэлымі парафіямі.
– Колькі людзей збіраецца з Вашай дыяцэзіі і ўвогуле з Беларусі на сустрэчу ў Лісабон?
– Агулам з Віцебшчыны будзе каля 50-ці асобаў. А колькі будзе з усёй Беларусі, цяжка сказаць, але думаю 150-200 чалавек збярэцца.
– Чаго Вы як душпастыр моладзі чакаеце ад гэтага выезду?
– Такія сустрэчы ўражваюць колькасцю. Ужо вядома, што ў Партугаліі чакаюць 1,5 мільёна маладых удзельнікаў. Думаю, што маладыя людзі змогуць перажыць захапленне верай, прыналежнасцю да Каталіцкага Касцёла. Гэта можа падштурхнуць іх да развіцця духоўнага жыцця, удзелу ў моладзевым душпастырстве.
– Ці ёсць справы, якімі Вы ганарыцеся ў плане працы з моладдзю?
– Маё душпастырства дастаткова шырокае. Гэта арганізацыя сустрэч на дыяцэзіяльным узроўні. Таму моладзь на іх прыязджае і з’язджае, а плады з’яўляюцца там, дзе яны жывуць. Мы часамі просім аб зваротнай сувязі пасля сустрэч і, канешне, многія водгукі натхняюць. Кожны фідбэк, што хтосьці натхніўся ці змяніўся, несумненна, прыемны. Як гэта ўжо ў чалавеку далей развіваецца, цяжка сказаць…
Адна дзяўчына калісьці напісала мне, што некалькі гадоў таму падчас сустрэчы ў мяне была з ёй размова і што яна нядаўна да яе вярнулася і пачала змяняць жыццё. Таму тут не ўгадаеш, бо акцыя можа задзейнічаць у чалавеку і праз пяць гадоў.
У нашым душпастырстве не бывае такіх вялікіх і яскравых падзей, як, напрыклад, св. Пётр некалі навярнуў адразу тысячы (смяецца – аўт.). Таму абапіраемся на сталую і рэгулярную працу.
– Ці ёсць у Вас мары адносна душпастырства моладзі ў Вашай дыяцэзіі?
– Ужо шмат гадоў думаю пра нейкі моладзевы рух. Я цяпер займаюся агульным душпастырствам, і гэта базуецца на арганізацыі інтэграцыйна-евангелізацыйных сустрэч, якія час ад часу адбываюцца. Хацелася б рухацца ў бок моладзевага руху са сваім фармацыйным планам, апекуном, рэгулярнымі сустрэчамі. Штосьці накшталт Асацыяцыі Каталіцкай Моладзі ў Польшчы (Katolickie Stowarzyszenie Młodzieży). Пакуль што малюся і думаю пра гэта.
Гутарыў Арцём Ткачук
для друку