Як у Глыбокім 95 гадоў таму сустракалі віленскага арцыбіскупа

Артыкул пра гэта змешчаны ў №256 газецы “Кур’ер Віленскі” за 1926 год.

Нататка мае назву “Візіт арцыбіскупа”, яе аўтар – жыхар Глыбокага Шукевіч. Прапануем яе вашай увазе ў перакладзе на беларускую мову.

Візіт арцыбіскупа

Дзень 28 кастрычніка надоўга захаваўся ў памяці жыхароў Глыбокага. У гэты дзень наш горад наведаў ксёндз арцыбіскуп Ялбжыкоўскі, які прыехаў з візітацыяй у Глыбоцкі дэканат.

Пры атрыманні весткі аб прыбыцці такога высокага госця прадстаўнікі Кансерватыўнай Арганізацыі па дзяржаўнай працы правялі нараду, каб вызначыць праграму прыняцця іерарха. Жыхары ўпрыгожылі свае дамы нацыянальнымі сцягамі і сталі чакаць пастыра, які павінен быў прыехаць конным экіпажам са станцыі Крулеўшчына.

А 8-й гадзіне іерарх быў сустрэты ўрачыстым шэсцем уланаў 4-га палка, што дыслакаваўся ў Беразвеччы, на чале з ганаровай вартай. У пачатку горада высокі госць быў сустрэты духавенствам, мясцовай уладай і прадстаўнікамі габрэйскай супольнасці на чале з рабінам Кацам.

Пасля таго, як арцыпастар прыбыў у касцёл і адслужыў там Імшу, ён сустрэўся з прадстаўнікамі жыхароў Глыбокага, дзяржаўнай улады і габрэйскай дэлегацыяй, з якой размаўляў на іх мове.

Потым арцыбіскуп наведаў касцёл у Беразвеччы, які быў пабудаваны трыста гадоў таму дзякуючы фундацыі роду Корсакаў.

А дзевятай гадзіне вечара арцыбіскуп развітаўся са  шматлікамі жыхарамі мястэчка, якія прыйшлі яго праводзіць, і ярка асветленымі вуліцамі Глыбокага паехаў на чыгуначны вакзал, каб назаўтра наведаць з візітацыяй Свянцянскі дэканат.

Шукевіч. “Кур’ер Віленскі”, №256 за 1926 год.

Пераклад Змітра Лупача

Заўвага. Кансерватыўная Арганізацыя па дзяржаўнай працы (Organizacja Zachowawcza Pracy Państwowej) – польская палітычная партыя, якая дзейнічала з ліпеня па снежань 1926 года.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі