Як распазнаць момант, калі яшчэ можна прымаць святую Камунію, і калі ўжо варта ісці да споведзі з прычыны штодзённых грахоў?
Адказвае кс. Дзяніс Бразінскі
Касцёльны наказ, а таксама Кодэкс кананічнага права наказваюць усім вернікам спавядацца прынамсі раз у год (параўн. ККП 920). Падобна і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла заахвочвае, каб вернікі заўсёды прымалі св. Камунію, калі ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, абавязваючы іх да гэтага як мінімум адзін раз на год, асабліва ў Велікодны перыяд. Але, з іншага боку, Касцёл рэкамендуе прымаць святую Камунію ў нядзелю і святочныя дні або часцей, нават штодзённа (параўн. ККК 1389).
Разам з тым трэба памятаць, што кожны хрысціянін пакліканы Богам да дасканаласці і да святасці: «Будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (пар. Мц 5, 48). Таму належыць імкнуцца заўсёды прабываць у стане асвячальнай ласкі і не адкладаць паяднання з Богам і Касцёлам пасля смяротнага граху. Нават калі ўдаецца ўнікаць смяротных грахоў, нельга вельмі доўга трываць у лёгкіх грахах. Пажадана спавядацца не радзей, чым раз у месяц, і асабліва перад вялікімі касцёльнымі святамі. Перад важнымі жыццёвымі падзеямі, напрыклад, па дасягненні паўналецця, перад прыняццем сакрамэнтаў сужэнства, канфірмацыі ці намашчэння хворых, або ў цяжкай хваробе можна здзейсніць генеральную споведзь, гэта значыць зрабіць рахунак сумлення з усяго свайго жыцця або з яго працяглага перыяду і вызнаць усе свае грахі, якія ўдасца ўзгадаць.
З малітвай, кс. Дзяніс.
для друку