Як правільна ўжываць назвы пэўных населеных пунктаў ва ўскосных склонах

Я знаёмы з Андрэем Барысавым. І ганаруся родным горадам Барысавам: як правільна ўжываць назвы пэўных населеных пунктаў ва ўскосных склонах

Раней мы гаварылі пра асаблівасці скланення некаторых беларускіх прозвішчаў, якія часта выклікаюць праблемы. Аўтар таго матэрыялу атрымаў шэраг водгукаў на публікацыю, а таксама некалькі пытанняў, якія гэтым разам датычаць ужывання ў нашай мове назваў розных населеных пунктаў – і гарадоў, і вёсак. Так, у прыватнасці, наш чытач з Гродна Андрэй Б. звяртае ўвагу на рознае выкарыстанне ва ўскосных склонах назваў шэрагу гарадоў нашай краіны. Ён піша: “Уважліва перачытаў матэрыял пра ўжыванне ў беларускай мове пэўных прозвішчаў. Яснасці ў гэтым пытанні стала істотна больш. Але вось у мяне ёсць сумненні, як правільна выкарыстоўваць назву горада Гродна ў іншых склонах? А таксама, напрыклад, Жодзіна ці Сянно. Яны ўсё ж павінны скланяцца або мы пакідаем іх у пачатковай форме? Ці можна было б прысвяціць гэтай праблеме асобны матэрыял?”

Мы дзякуем нашаму чытачу за надзённае пытанне, за неабыякавасць да нашай мовы і цалкам пагаджаемся са спадаром Андрэем у тым, што праблема тут ёсць. І сапраўды, у розных крыніцах мы можам убачыць канструкцыі кшталту Ён жыве ў Гродна і Я быў у Гродне. Але правільны варыянт тут толькі адзін. Таму паспрабуем разабрацца.

Пры скланенні тапонімаў (уласных геаграфічных назваў) трэба мець на ўвазе род агульных назоўнікаў, ад якіх яны ўтварыліся, і тып асновы (цвёрдая, мяккая). Геаграфічныя назвы ніякага роду скланяюцца паводле мадэлі агульных назоўнікаў з адпаведнай асновай. Таму павінна быць так:

Н. Гродна, Жодзіна, Сянно
Р. Гродна, Жодзіна, Сянна
Д. Гродну, Жодзіну, Сянну
В. Гродна, Жодзіна, Сянно
Т. Гроднам, Жодзінам, Сянном
М. у Гродне, Жодзіне, Сянне.

Назоўнікі мужчынскага роду, якія з’яўляюцца геаграфічнымі назвамі і заканчваюцца на зычны, скланяюцца, як агульныя назоўнікі другога скланення:

Н. Барысаў, Магілёў, Валожын
Р. Барысава, Магілёва, Валожына
Д. Барысаву, Магілёву, Валожыну
В. Барысаў, Магілёў, Валожын
Т. Барысавам, Магілёвам, Валожынам
М. у Барысаве, Магілёве, Валожыне.

Тут варта звярнуць увагу, што ў Беларусі дастаткова частотнае і прозвішча Барысаў. Але калі мы гаворым менавіта пра прозвішча, то тады ў творным склоне будзе Барысавым. Напрыклад: Я знаёмы з Андрэем Барысавым, але Я ганаруся родным горадам Барысавам. Паводле такой жа схемы будуць змяняцца мужчынскія прозвішчы і адпаведныя назвы населеных пунктаў кшталту Рагачоў, Брагін, Жлобін. Гэта варта памятаць, бо памылкі пры выкарыстанні падобных прозвішчаў і тапонімаў у творным склоне назіраюцца надзвычай часта.

Геаграфічныя назвы жаночага роду з канчаткам –а (-я) змяняюцца як назоўнікі першага скланення:

Н. Рэчыца, Бераставіца, Крыніца
Р. Рэчыцы, Бераставіцы, Крыніцы
Д. Рэчыцы, Бераставіцы, Крыніцы
В. Рэчыцу, Бераставіцу, Крыніцу
Т. Рэчыцай, Бераставіцай, Крыніцай
М. у Рэчыцы, Бераставіцы, Крыніцы.

Тапонімы жаночага роду кшталту Свіслач, Случ, Нарач скланяюцца, як назоўнікі жаночага роду трэцяга скланення:

Н. Свіслач, Случ, Нарач
Р. Свіслачы, Случы, Нарачы
Д. Свіслачы, Случы, Нарачы
В. Свіслач, Случ, Нарач
Т. Свіслаччу, Случчу, Нараччу
М. у Свіслачы, Случы, Нарачы.

Акрамя таго, дададзім яшчэ, што множналікавыя назвы кшталту Паставы, Бялынічы, Ашмяны ў родным склоне могуць мець варыянтныя канчаткі: Паставаў і Пастаў, Бялынічаў і Бялыніч, Ашмянаў і Ашмян. Але з пункту гледжання культуры маўлення перавагу тут варта аддаваць усё ж першаму варыянту. Гэта значыць, што лепш сказаць Я прыехаў з Паставаў чым Я прыехаў з Пастаў.

Такім чынам, адказваючы непасрэдна на пытанне нашага чытача спадара Андрэя, яшчэ раз падкрэслім, што назвы нашых гарадоў Гродна, Жодзіна, Сянно скланяюцца. Бо назвы гэтыя славянскія, таму і змяняюцца згодна з правіламі беларускай граматыкі.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі