Бярозка, Плотка, Суша… Ці скланяюцца ў беларускай мове падобныя прозвішчы?

Тэму чарговага выпуску нашай моўнай старонкі падказала чытачка “Каталіцкага Весніка” з Докшыччыны спадарыня Антаніна К. У сваім лісце яна звяртае ўвагу на пэўныя цяжкасці, якія ўзнікаюць не толькі ў побыце, але часам і ў афіцыйных зносінах, калі трэба выкарыстаць вынесеныя ў загаловак прозвішчы і іншыя, падобныя да іх, ва ўскосных склонах. У прыватнасці, сп-ня Антаніна піша: “Мая ўнучка нядаўна выйшла замуж. І, як гэта прынята, узяла прозвішча мужа – Бярозка. Прыгожа гучыць, неяк нават ласкава, мне вельмі падабаецца… Але ўжо некалькі разоў пры афармленні розных афіцыйных папер, нейкіх дакументаў унучка сутыкаецца з праблемай. Напрыклад, як правільна запісаць у давальным склоне: Бярозцы Алесі ці Бярозка Алесі? Ды і ў іншых склонах таксама ёсць пытанні, бо розныя чыноўнікі па-рознаму і запісваюць… Вось я і падумала: а можа, на старонках нашай газеты можна атрымаць адказ? Усё ж нейкае правіла павінна быць?”

На наш погляд, узнятая сп-няй Антанінай праблема сапраўды з’яўляецца важнай. Усе, хто так ці інакш звязаны паводле сваёй прафесійнай дзейнасці з афармленнем дакументаў, пэўных афіцыйных папер, увесь час сутыкаюцца з падобнымі цяжкасцямі. Нам гэта добра вядома. Таму паспрабуем асвятліць закранутае пытанне. І дзякуем чытачцы “Каталіцкага Весніка” за агучаную насамрэч актуальную праблему, што сведчыць пра неабыякавасць да нашай мовы, пра жаданне захоўваць належны ўзровень культуры маўлення.

На самай справе ў беларускай мове ўзнікаюць пэўныя складанасці пры скланенні прозвішчаў на –а (-я). Дарэчы, упершыню напісанне склонавых канчаткаў прозвішчаў рэгламентавалася ў “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў 1959 годзе, затым часткова ўдакладнялася ў “Граматыцы беларускай мовы” 1962 года.

Прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду з асновай на г, к, х і маюць ненаціскны канчатак –а (як вынесеныя ў наш загаловак), набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы. Калі прозвішча належыць жанчыне, яно скланяецца, як агульныя назоўнікі жаночага роду з адпаведнай асновай. Калі ж гэта мужчынскае прозвішча, то яно скланяецца, як рознаскланяльныя назоўнікі мужчынскага роду з адпаведнай асновай. Каб было больш зразумела, праскланяем згаданыя раней прозвішчы ў мужчынскім і жаночым родзе.

Мужчынскі род:

Н. Алесь Бярозка, Плотка, Суша
Р. Алеся Бярозкі, Плоткі, Сушы
Д. Алесю Бярозку, Плотку, Сушу
В. Алеся Бярозку, Плотку, Сушу
Т. Алесем Бярозкам, Плоткам, Сушам
М. пры Алесю Бярозку, Плотку, Сушу.

Жаночы род:

Н. Алеся Бярозка, Плотка, Суша
Р. Алесі Бярозкі, Плоткі, Сушы
Д. Алесі Бярозцы, Плотцы, Сушы
В. Алесю Бярозку, Плотку, Сушу
Т. Алесяй Бярозкай, Плоткай, Сушай
М. пры Алесі Бярозцы, Плотцы, Сушы.

Прозвішчы, якія не суадносяцца з назвамі канкрэтных прадметаў, кшталту Глебка, Бядуля, Ворса скланяюцца, як назоўнікі мужчынскага роду на –а (-я), калі належаць асобе мужчынскага полу: Н. Пятро Глебка, Р. Пятра Глебкі, Д. Пятру Глебку, В. Пятра Глебку, Т. Пятром Глебкам, М. пры Пятру Глебку. Звычайна не скланяюцца такія прозвішчы, калі яны належаць жанчыне: Н. Марыя Глебка, Р. Марыі Глебка, Д. Марыі Глебка, В. Марыю Глебка, Т. Марыяй Глебка, М. пры Марыі Глебка.

Адназначна не скланяюцца ў беларускай мове жаночыя прозвішчы з нулявым канчаткам, якія заканчваюцца на зычны: Бародзіч, Радзюк, Кароль, Шупенік і інш.

Разам з тым адзначым, што моўная практыка апошніх гадоў дваццаці сведчыць пра тое, што ўсё часцей змяняюцца жаночыя прозвішчы кшталту Пракапенка, Бандарэнка, Сідарэнка. Гэта значыць, што тады будзе так: Н. Ганна Пракапенка, Р. Ганны Пракапенкі, Д. Ганне Пракапенцы, В. Ганну Пракапенку, Т. Ганнай Пракапенкай, М. пры Ганне Пракапенцы. Таму і згаданае вышэй жаночае прозвішча Глебка таксама можа скланяцца, хоць гэта і не абавязкова. З падобнымі мужчынскімі прозвішчамі праблемы ніколі не было, бо яны, зразумела, скланяліся заўсёды.

І яшчэ адзін важны момант. Прозвішчы жаночага роду з асновай на –х кшталту Муха, Сівуха, Цацоха традыцыйна не скланяюцца (падкрэслім зноў: толькі жаночыя прозвішчы, бо падобныя мужчынскія скланяюцца без цяжкасцяў). Гэта нярэдка дазваляе пазбегнуць элементарнай блытаніны, якая часам закранае і шэраг чыста юрыдычных аспектаў. Бо, напрыклад, калі б мы скланялі прозвішча жанчыны Муха, то ў давальным і месным склонах было б адпаведна Мусе і пры Мусе) А гэта, як няцяжка пераканацца, можа прывесці да страты ідэнтыфікацыі з назоўным склонам, асабліва, калі чалавек не вельмі абазнаны ў беларускай граматыцы.

Такім чынам, адказваючы на пытанне нашай шаноўнай чытачкі сп-ні Антаніны, адзначым, што яе ўнучка – Алеся Бярозка – мае скланяльнае прозвішча, бо ёсць такі ж асобны агульны назоўнік – бярозка.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа нашым чытачам лепш арыентавацца ў граматычных нюансах беларускай мовы, а таксама дазволіць пазбегнуць магчымых непаразуменняў моўнага характару.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі