Італія: злодзеі ўзламалі сейф у кляштары сясцёр. Яны не чакалі ўбачыць… такое

Там не было ні золата, ні срэбра, на якія яны, верагодна, разлічвалі. Быў цёмны і халодны вечар, калі злодзеі праніклі ў кляштар у Кадоньо — маляўнічым мястэчку на поўначы Італіі.

Газета «Corriere della Sera» паведаміла, што няпрошаныя госці ўвайшлі ў кляштар, калі сёстры маліліся, а потым вячэралі. Злодзеі адчынілі манастырскі сейф, шукаючы грашовыя сродкі і, магчыма, срэбны і залаты літургічны посуд, які манаская супольнасць захоўвала для асаблівых выпадкаў, а ўвесь астатні час трымала пад замком.

Замест гэтага яны знайшлі ліст з надпісам: «Змяні сваё жыццё! Час прыйшоў…», абразік Марыі і статуэтку савы. Можна ўявіць, як яны азіраліся, чакаючы, што нехта скажа: «Усміхніцеся! Вас здымае схаваная камера!»

Ці папярэдзілі сясцёр аб планах злодзеяў?

Сястра Габрыэла патлумачыла журналістам з «Corriere della Sera»: «Нас ужо і раней спрабавалі абакрасці. Паколькі мы не карыстаемся сейфам, то вырашылі пакінуць каштоўную параду для няпрошаных гасцей».

Напісанае пасланне і вобраз Марыі зразумелыя. А што значыць сава? Сёстры не даюць тлумачэнняў, хоць гэтай птушцы прыпісваюць розныя значэнні: ад мудрасці (у грэцкай міфалогіі) да сатаны. Магчыма, сястра, якая паклала статуэтку ў сейф, мела на ўвазе адно з іх. Таксама магчыма, што сава сімвалізуе пільнасць. Калі аб’яднаць усе гэтыя элементы ў адно паведамленне, яно магло б гучаць так: «Будзьце разумнымі! Не паддавайцеся сатане! Бог за табой назірае!»

Ці мела сава канкрэтнае значэнне, або была проста выпадковым прадметам, злодзеі, напэўна, нядоўга думалі над гэтай загадкай. І яны, вядома, не засталіся ў кляштары, каб папрасіць ім яе растлумачыць.

Мы не ведаем, ці прыслухаліся злодзеі да парад сясцёр, больш каштоўных, чым золата і срэбра, якія яны спадзяваліся знайсці ў сейфе.

Што яны ўкралі?

Толькі дзве коўдры з пакояў сясцёр. «Відаць, ім таксама было холадна», — сказала журналісту с. Габрыэла.

Можна толькі спадзявацца, што скрадзеныя коўдры абагрэлі тых, хто ў гэтым меў патрэбу і што пачуццё гумару сясцёр, і іх карысныя парады змаглі сагрэць халоднае сэрца, адкрываючы яго на Божую ласку.

pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі