Інаўгурацыйная Імша Папы Льва XIV адбудзецца 18 мая

Папа Леў XIV падчас святой Імшы

Прэфектура Папскага дому паведаміла, што ўрачыстая святая Імша, якая пазначыць пачатак пантыфікату Папы Льва XIV, будзе адпраўлена 18 мая 2025 года ў 10.00 на плошчы Святога Пятра.

Святы Пасад апублікаваў графік афіцыйных мерапрыемстваў новаабранага Пантыфіка на бліжэйшыя дні. 10 мая 2025 года Леў XIV сустрэнецца з кардыналамі, а 11 мая правядзе першую малітву “Regina Caeli” з лоджыі ватыканскай базілікі.

«Сустрэча з вернікамі падчас “Regina Caeli” стане першай магчымасцю для пілігрымаў атрымаць бласлаўленне новаабранага Папы», — адзначаецца ў камунікаце Прэфектуры Папскага дому.

12 мая 2025 года Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі сусветных СМІ, а 16 мая прыме прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, што падкрэсліць яго ролю не толькі як духоўнага лідара, але і кіраўніка Дзяржавы Ватыкан.

Інаўгурацыйная Імша – глыбокі духоўны момант для ўсяго Касцёл

Пасля інаўгурацыійнай Імшы, 20 мая 2025 года, Папа наведае базіліку Святога Паўла па-за Мурамі, а 21 мая правядзе першую агульную аўдыенцыю. 24 мая адбудзецца сустрэча з супрацоўнікамі Рымскай курыі і Дзяржавы Ватыкан.

Цыкл афіцыйных падзей працягнецца 25 мая 2025 года, калі Папа Леў XIV наведае Латэранскую базіліку і базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, што традыцыйна сімвалізуе яго ўступленне на пасаду Біскупа Рыма і зямнога галавы Каталіцкага Касцёла.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку