Інаўгурацыйная ўрачыстасць новага 2022-2023 навучальнага года на 1 курсе Вышэйшых Духоўных Семінарый у Гродне і Пінску адбылася 8 кастрычніка ў Мінску. З нагоды ўрачыстасці Эўхарыстыю цэлебраваў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Сярод прысутных быў таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, таксама святары, якія будуць выкладаць на падрыхтоўчым курсе, свецкія выкладчыкі ды блізкія і родныя семінарыстаў.
Удзельнікі распачалі сустрэчу супольным спевам-малітваю за Беларусь.
Пасля ксёндз Павел Эйсмант, куратар першага курса, падвёў вынікі мінулага навучальнага года, дзе падкрэсліў шмат пунктаў не толькі адукацыйнага характару, але і выхаваўчага, і культурнага, і, асабліва, духоўнага.
Інаўгурацыйную лекцыю на тэму “Святарская культура” прачытаў ксёндз Віталій Дабраловіч, які з гэтага года пачынае выкладанне на падрыхтоўчым курсе.
Сваё слова на пачатак навучальнага года меў біскуп Юрый Касабуцкі, які перадаў прывітальнае слова ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага біскупа Юзафа Станеўскага, а таксама зазначыў, што важна, “пакінуўшы свае родныя сем’і, зараз пачаць будаваць новую, семінарыйную сям’ю і рабіць наступныя плённыя крокі разам з духоўным айцом, з куратарам і выкладчыкамі”.
“Мы вас чакаем і пакладаем на вас надзею! Няхай шчасціць!” – такімі словамі біскуп Юрый завяршыў сваё слова.
Біскуп жа Тадэвуш Кандрусевіч падчас сваёй прамовы прыгадаў адкрыццё першага навучальнага семінарыйнага года ў Гродна, якое адбылося ў 1990 годзе, адкрыццё семінарыі ў Маскве ў 1993 годзе, потым у 1995 годзе – у Пецярбургу. Іерарх адзначыў, што варта памятаць пра тое, што святар – гэта найперш той, хто вядзе чалавека да Бога, а потым ужо іншыя абавязкі, якіх у святара шмат.
“Вы – новая кроў, каб ажывіць Касцёл у Беларусі!”, — падкрэсліў арцыбіскуп, пры гэтым з падзякаю прыгадаўшы ўсіх тых святароў, якія ў канцы 80-ых і пачатку 90-ых паклалі сваё жыццё на адраджэнне беларускага касцёла, прыехаўшы з іншых краін на дапамогу.
Таксама арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што варта далей будаваць Касцёл, які будзе своечасова адказваць на выклікі часу. Касцёл, які гэты час разумее і чуйны да яго патрэбаў.
У гэтым годзе на першы падрыхтоўчы курс прыйшло шасцёра кандыдатаў. Кандыдаты з Гродзенскай дыяцэзіі:
- Рычард Адамовіч (парафія Святога Арханёла Міхала, Навагрудак),
- Марк Валасевіч (парафія Маці Божай Ружанцовай, Радунь).
З Віцебскай дыяцэзіі:
- Станіслаў Бервячонак (парафія Святой Тройцы, Глыбокае),
- Уладзіслаў Прыгун (парафія Спаслання Святога Духа, Мікалаева).
Таксама быў залічаны ў шэрагі студэнтаў кандыдат з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:
- Леў Ляховіч (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, Магілёў).
Падчас гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што ў святара ёсць тры важныя задачы: абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей і накіроўваць людзей ў служэнні Богу і іншым людзям.
Адзначыў іерарх таксама, што важна памятаць, што святар – гэта і грэшны чалавек, але адначасна і чалавек, які мае Божую моц і выключнае пакліканне, каб дзейнічаць ад імя і моцаю Езуса Хрыста.
Варта памятаць, як дадаў біскуп, што людзі заўсёды жадалі і жадаюць бачыць у святары таксама і чалавека вельмі адукаванага, чалавека, які размаўляе на іх мове і разумее рэаліі сённяшняга дня.
“Будзьце тымі, хто будзе “асучасніваць” наш Касцёл, дзякуйце за пакліканне і прасіце ў Бога дапамогі вытрымаць”, — такімі былі словы-наказы ад арцыбіскупа Тадэвуша на распачаты шлях семінарыйнага жыцця новых кандыдатаў.
Аксана Ючкавіч, тэкст
Уладзіслаў Прыгун, фота