“Хвала Хрысту! Я хачу ўступіць у кляштар і адчуваю вялікую прыхільнасць да духоўнасці Кармелю. Але я не ўпэўнена, што ўступлю менавіта ў кармелітанскі ордэн. Ці магу я прыняць шкаплер і ўступіць у які-небудзь іншы ордэн? Ці трэба выбраць штосьці адно? Буду вельмі ўдзячная за адказ”.
Марыя Белая
На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:
– Паважаная Марыя! Выбар жыццёвай дарогі – гэта складанае і важнае пытанне, ад якога залежыць не толькі зямное, але і вечнае шчасце. Манаскае жыццё – гэта адказ на Божае пакліканне. Неабходна заўсёды памятаць, што менавіта Бог ёсць Панам жніва, і Ён сам кліча і выбірае каго захоча, калі захоча і такім чынам, якім захоча. Незалежна ад таго, да якой манаскай супольнасці маладая асоба адчувае пакліканне, яго аўтарам заўсёды з’яўляецца Бог. Пакліканне да манаскага жыцця, падобна як і да святарства, успрымаем як таямніцу сустрэчы двух свабодных асобаў: Бога, Які кліча, і чалавека, які адказвае.
Кармелітанскі шкаплер – гэта адзін з сакраманталіяў Касцёла, роля якога заключаецца ў асвячэнні розных жыццёвых акалічнасцяў чалавека ці падрыхтоўка вернікаў да прыняцця асвячальнай ласкі. Шкаплер звязаны з кармелітанскім ордэнам, аднак прыняцце яго не вядзе да фармальнага далучэння да манаскай супольнасці кармелітак ці кармелітаў. Прыняць шкаплер можа кожны вернік Каталіцкага Касцёла, у тым ліку святары ці кансэкраваныя асобы, якія належаць да розных інстытутаў. Кожны, хто надзявае святы шкаплер, далучаецца да Марыйнай пабожнасці Кармелю, атрымлівае ўдзел ва ўсіх духоўных плёнах малітвы і жыцця кармеліцкай сям’і. Заданні, звязаныя з прыняццем шкаплера – верная малітва, сузіранне Бога, служэнне братам па прыкладзе Марыі ды іншыя – можна рэалізаваць рознымі спосабамі, згодна са станам свайго жыцця.
Прыняцце кармеліцкага шкаплера ніяк не перашкаджае ў свабодным выбары жыццёвай дарогі, а наадварот, можа дапамагчы прыняць правільнае рашэнне. Удзел у духоўных дабротах шкаплернай сям’і, асабістая малітва, падтрымка мясцовай супольнасці, духоўнае кіраўніцтва ці дапамога з боку аўтарытэтных людзей паспрыяюць адкрыццю асабістага паклікання і вернаму выкананню Божай волі. Калі Вы, паважаная Марыя, адчуваеце прыхільнасць да кармеліцкай духоўнасці, то пазнавайце яе яшчэ глыбей, уваходзячы ў спадчыну яе класікаў – Тэрэзы ад Езуса, 500-годдзе народзінаў якой адзначаем сёлета, ды Яна ад Крыжа, не адмаўляючыся ў сваіх пошуках ад іншых духоўнасцяў. Жадаю Вам, каб Дух Святы дапамог у выбары! Падтрымліваю малітваю!
для друку