Глыбокае: парафіяльная ўрачыстасць і сакрамант канфірмацыі з удзелам біскупа Алега Буткевіча

Вялікая радасць і хваляванне панавалі ўжо ад самай раніцы 26 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. Гэты дзень быў асаблівым не толькі таму, што кожны вернік перажываў адпустовую ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў сваёй святыні, але шматлікія з нецярпеннем чакалі хвіліны, калі з’явіцца доўгачаканы госць – біскуп Алег Буткевіч, бо пэўная частка парафіян была гатова адкрыць сваё сэрца на ўмацаванне дарамі Святога Духа.

У сваім прывітальным слове Віцебскі ардынарый падкрэсліў, што тыя, хто прыме сакрамант хрысціянскай сталасці, асабліва моладзь, павінны будуць у далейшым як дарослыя людзі і сапраўдныя хрысціяне бараніць сваю веру, а перад усім жыць паводле гэтай веры. “Просім Бога, каб умацаваў іх на далейшай дарозе да глыбейшага пазнання Езуса Хрыста, да жыцця ў супольнасці з Ім”, — заклікаў да малітвы прысутных вернікаў іерарх.

Калі надышоў хвалюючы момант удзялення канфірмацыі, 77 кандыдатаў разам з усімі вернікамі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным вызнанні веры і жыцця паводле яе праўдаў.

На заканчэнне Імшы, словы былі скіраваны біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант, пробашчу кс. каноніку Мікалаю Ціхановічу за словы навукі і сакрамант споведзі, клерыку Яну Каськевічу за падрыхтоўку і малітоўную падтрымку. У гэты дзень свой юбілейны 50-ы дзень нараджэння адзначыў кс. канонік Эдвард Нарадоўскі і 12-ю гадавіну святарскага пасвячэння кс. Віталій Бяленік, якія таксама прынялі шчырыя віншаванні з гэтых нагод.

Марына Сінкевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі