Фотарэпартаж з Будслава

Па меншай меры 20 арганізаваных пілігрымак прыбылі сёлета на Будслаўскі фэст. У іх, па падліках арганізатараў, узялі ўдзел 1757 асобаў, паведамляе catholic.by.

Геаграфія сёлетніх пілігрымак з’яднала з Будславам розныя мясціны сінявокай Беларусі: Полацк, Браслаў, Глыбокае, Варапаева, Паставы, Віцебск, Росіцу, Смаргонь, Баранавічы, Мінск, Нарач, Вілейку, Жодзіна, Ракаў, Мядзел і Маладзечна. З некаторых населеных пунктаў выходзіла некалькі пілігрымак.

Так, з Мінска ў Будслаў сёлета скіраваліся тры групы пілігрымаў: традыцыйная пешая пілігрымка, посная пілігрымка пакаяння на чале з ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком і пілігрымка на роварах.

Самай шматлікай групай у Будслаў прыйшлі пілігрымы з Маладзечна. У чатырохдзённай пешай юбилейнай 30-й пілігрымцы да Маці Божай на чале з братамі капуцынамі разам крочылі 250 чалавек.

Найбольш працяглымі былі пілігрымкі з Баранавічаў, у якой 93 пілігрымы за 9 дзён пераадолелі пешкі амаль 300 кіламетраў, і з месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных марыянаў з Росіцы: 45 яе ўдзельнікаў за 8 дзён прайшлі амаль 200 кіламетраў.

Асаблівай увагі заслугоўваюць і дзве аднадзённыя пілігрымкі. Першая з іх была арганізавана душпастырствам цвярозасці, а другая — рухам сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame, у якой сёлета ішлі 70 сем’яў разам з дзецьмі агульнай колькасцю 284 чалавекі.

Акрамя таго, на Будслаўскі фэст былі арганізаваны чатыры пілігрымкі на роварах: з Мінска, Мядзела і Віцебска. Агульная колькасць арганізаваных велапілігрымаў сёлета склала больш каля 40-а чалавек.

Па традыцыі пры ўваходзе ў Нацыянальны санктуарый пілігрымаў сустракаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Такім чынам, сёлетні фэст стаў выразным сведчаннем таго, што за два «каранавірусныя» гады традыцыя пілігрымак не знікла, што яна жыве і, як можна меркаваць, будзе працягвацца ў будучыні.

Леанід Юрык, вялікі фотарэпартаж глядзіце па спасылцы>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі