Дыякан Андрэй Юхнік прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне

23 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыякану Андрэю Юхніку.

Урачыстасць, якая сабрала шматлікае духавенства і свецкіх вернікаў, у тым ліку бацькоў, родных і сяброў новага прэзбітэра, адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Прыбылі вернікі лідскіх парафій Святой Сям’і, адкуль паходзіць малады святар, і Узвышэння Святога Крыжа, дзе ён нядаўна праходзіў літургічна-душпастырскую практыку. Таксама прысутнічалі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродна.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч разважаў пра святарскую годнасць. Іерарх падкрэсліў, што прынятае пасвячэнне абавязвае нястомна спаўняць задачу служэння як настаўнік у веры, святар і пастыр. Кандыдата да пасвячэння біскуп заахвоціў старацца ў моцы Духа Святога “злучаць вернікаў у адну сям’ю”. “Заўсёды май перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, а каб служыць, а таксама шукаць і збаўляць тое, што загінула”, – дадаў іерарх. Біскуп падкрэсліў, што святарства – найперш служэнне тым людзям, да якіх пасылае Касцёл.

Згодна з традыцыяй пастыру дыяцэзіі прадставіў кандыдата да пасвячэння рэктар семінарыі ў Гродне кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі.

У канцы Імшы неапрэзбітэр падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго фармацыі і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці.

У заключным слове біскуп яшчэ раз нагадаў ксяндзу Андрэю заўсёды памятаць, што ён быў узяты з людзей і прызначаны для людзей, каб дапамагаць ім у імкненні да Бога. “Выконвай службу Хрыста Святара з пастаяннай радасцю і сапраўднай любоўю, шукаючы не ўласнай карысці, але Яго хвалы”, – сказаў іерарх.

Біскуп выказаў шчырую падзяку рэктару, усім мадэратарам і выкладчыкам гродзенскай семінарыі і семінарыі ў Элку (Польшчa), дзе ксёндз Андрэй апошні год праходзіў вучобу і фармацыю.

Словы ўдзячнасці, найперш за дар веры, штодзённае сведчанне любові да Бога і вернасці Касцёлу, былі выказаны таксама бацькам новапасвячанага прэзбітэра.

Усіх прысутных у катэдры іерарх заахвоціў маліцца ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, а таксама папрасіў агарнуць малітвай тых студэнтаў гродзенскай семінарыі, якія рыхтуюцца прыняць пасвячэнне.

Ксёндз Андрэй Юхнік нарадзіўся 13 верасня 1998 г. у Лідзе, паходзіць з лідскай парафіі Святой Сям’і. Дыяканскае пасвячэнне ўдзяліў яму біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч 3 верасня 2022 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродна. Aпошні год семінарыйнай вучобы і фармацыі правёў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Элку (Польшчa).

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі