9 лютага ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах адбылося першае ў новым 2023 годзе агульнае спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі.
Такія духоўныя сустрэчы з пастырам дыяцэзіі адбываюцца кожны месяц, каб супольна перажываць спатканне з Езусам.
Прыехаўшы на месца, святары адразу маглі вырашыць розныя пытанні з курыяльнымі супрацоўнікамі, выдавецтвамі “Pro Christo” і “Дыялог”, набыць розную літаратуру і часопісы. Затым усе накіраваліся на канферэнцыі. Для манаскіх сясцёр а. Анджэй Юхневіч OMI казаў пра стрэс і адпачынак. Святар даў некалькі прапаноў для лепшага адпачынку: правільнае дыханне, медытацыя над Божым словам, шпацыр, ароматэрапія і спа. Для святароў прамаўляў афіцыял біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі кс. Аляксей Ляшко. Ён закрануў тэму не духоўную, але больш практычную ў святарскім служэнні – пра інстытут сям’і і касцельнае права. Кс. Аляксей прывёў статыстыку, што ў Беларусі з заключаных за год 59 тыс грамадзянскіх сужанстваў, 40 тыс скасавана. А гэта 68 %. На жаль амаль падобная статыстыка з сужанствамі, заключанымі сакрамантальна. Біскупскі суд у адказ на пазоўныя скаргі вернікаў прызнае нядзейснымі каля 75 % шлюбаў. Святар звярнуў асаблівую ўвагу на патрэбу падрыхтоўкі маладых людзей да гэтага сакраманту.
Пасля канферэнцый адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта. У гэты час шматлікія ўдзельнікі скарысталі з магчымасці споведзі.
Святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі генеральны вікарый кс. канонік Францішак Кісель, канцлер курыі кс.канонік Віктар Місевіч і дзекан Пастаўскі кс. Павел Самсонаў.
Падчас казання біскуп Алег падняў тэму веры і духоўнасці і заахвоціў задумацца: наколькі наша вера ёсць моцная і ці мы яе развіваем. Бо “вера ёсць чымсьці, што здабываем, і нельга над гэтым затрымлівацца”.
9 лютага таксама споўнілася 4 гадавіна смерці кс. Казіміра Акушкі, які служыў у Віцебскай дыяцэзіі. Сабраты ў святарстве ахінулі сваёй малітвай душу памерлага святара.
На заканчэнне сустрэчы былі абвешчаны бліжэйшыя планы ў дыяцэзіі. Ардынарый нагадаў, што 18 лютага ў Росіцы адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 80-й гадавіны трагедыі, 29 красавіка ў Браславе сёстры-эўхарысткі адзначаць 100-годдзя заснавання кангрэгацыі, а ў 2024 годзе – Віцебская дыяцэзія адзначыць 25-годдзе свайго існавання.
Наступная сустрэча пройдзе 7 сакавіка ў Лепелі.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота