Асветніцкую выставу «Два шляхі» правёў у Мінскім Чырвоным касцёле дабрачынны фонд абароны жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”.
Фонд, які быў зарэгістраваны ў 2009 годзе, мае свае прадстаўніцтвы ў Віцебску і Магілёве і карыстаецца дапамогай 60-і валанцёраў з Брэста, Гомеля, Баранавічаў, Паставаў, Полацка, Оршы. Дырэктарам фонду з’яўляецца Уладыслаў Валаховіч, кандыдат біблейскага багаслоўя, педагог, інструктар метаду распазнавання плоднасці.
Фонд праводзіць кансультаванне жанчын у гінекалагічных установах Віцебска і Магілёва, аказвае духоўную, псіхалагічную і матэрыяльную падтрымку жанчынам, якія адмовіліся ад аборту, праводзіць лекцыі на тэмы сямейных каштоўнасцяў, працуе з парамі, якія рыхтуюцца да вянчання па навучанні метаду распазнавання плоднасці.
Выстава “Два шляхі” закранае тэмы будавання справядлівых адносін у шлюбе і захавання чысціні да шлюбу, адказнага мацярынства і бацькоўства, павагі да жыцця ад самага зачацця.
Супрацоўнікі фонду пазнаёмілі з выставай моладзь у 350-і навучальных установах Віцебскай і Магілёўскай вобласці.
З прамовай да парафіян Чырвонага касцёла звярнуўся намеснік дырэктара фонду Іван Пузанаў. Ён псіхолаг па адукацыі, бацька дваіх дзяцей.
— Умацаванне сям’і, падтрыманне гарманічных адносінаў паміж сужэнцамі, адмова ад абортаў з’яўляецца сёння важнай грамадскай патрэбай. У пэўны момант свайго жыцця я адчуў неабходнасць разам з сябрамі памаліцца за тых, хто стаіць перад выбарам захаваць дзіця ці адмовіцца ад яго. Таму мы пачалі прыходзіць ў жаночыя кансультацыі ў Віцебску, каб размаўляць з жанчынамі і маліцца за іх.
для друку