Два новыя святары і дыякан ёсць у Гродзенскай дыяцэзіі

17 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў пасвячэнне прэзбітэрату двум дыяканам і пасвячэнне дыяканату аднаму семінарысту. Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Прэзбітэрамі Касцёла на Гродзеншчыне сталі дыяканы Раман Вайцяховіч i Эрнэст Мікалайчык. Дыяканскае пасвячэнне прыняў Віталій Валюк.

neaprezbitery 4

Урачыстая святая Імша, падчас якой былі ўдзелены пасвячэнні, сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, адкуль яны паходзяць, з Гродна, Ліды, Крамяніцы.

Дар для ўсёй супольнасці

У гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што дзякуючы служэнню, якое святары спаўняюць у асобе Хрыста, Яго адзіная і непаўторная Ахвяра, складзеная на дрэве крыжа, працягвае ўвасабляцца на алтарах усяго свету, каб Божы народ мог як мага больш шчодра чэрпаць з гэтай крыніцы збаўлення.

“Святарства – ласка не толькі для самога прэзбітэра: гэта дар для ўсёй супольнасці Касцёла, – сказаў іерарх.  – Падобна як кансэкраваныя хлеб і віно ў Эўхарыстыі становяцца жыццядайным пасілкам для ўсяго Божага народу, так і святар, кансэкраваны праз сакрамэнт пасвячэння, становіцца слугой Касцёла, каб, верна спаўняючы сваё пасланніцтва, ён вёў сваіх братоў і сясцёр у веры да Хрыста – Даўцы жыцця вечнага”.

Біскуп заўважыў, што тыя, каго Хрыстус абірае і адорвае ласкай сакрамэнтальнага святарства, павінны быць слугамі. “Нельга ніколі разумець святарства ані як нагоду для ўзвышэння над іншымі, ані як спосаб здабывання прызнання і прывілеяў, ані як крыніцу якойсьці іншай зямной карысці”, – патлумачыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

neaprezbitery 14

Іерарх падкрэсліў, што святарства не дадзена толькі для асабістага задавальнення пакліканай асобы, таму ўсё, што святар робіць, павінна спаўняцца з вялікай верай і пакорай, з найвялікшай стараннасцю і руплівасцю, з пачуццём абавязку і асабістай адказнасці.

Прылада для здзяйснення справы збаўлення

“Святар – гэта слуга Хрыста, бо дае Яму ўласны голас, уласныя сілы і здольнасці, уласныя жэсты, каб Сын Божы, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле, карыстаючыся святарствам як прыладай, працягваў здзяйсняць справу збаўлення”, – адзначыў біскуп.

Звяртаючыся да кандыдатаў да пасвячэнняў, іерарх выказаў надзею, што іх штодзённае служэнне будзе поўным самапрысвячэння і адчування служэння Богу, Касцёлу і людзям. “Трывайце ў любові Хрыста Пана, нястомна паглыбляйце сваё сяброўства з Ім праз малітву і клопат аб уласным духоўным жыцці, а таксама праз руплівае і вернае спаўненне абавязкаў, якія Касцёл вам даручае”, – сказаў ён.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам, а таксама братам і сёстрам, дзядулям і бабулям, сваякам тых, якія прынялі пасвячэнні, за “жыватворчую, ураджайную глебy – верy, якую новапасвячаныя прэзбітэры і дыякан вынеслі з родных дамоў”. Новапрэзбітэры і дыякан, у сваю чаргу, скіравалі словы ўдзячнасці ўсім, хто падтрымліваў іх на шляху, які вядзе да Хрыстовага алтара, і прасілі аб далейшым малітоўным спадарожнічанні.

Новапасвячаныя прэзбітэры былі пакліканы да трайной місіі ў Касцёле: святарскай, настаўніцкай і пастырскай. Яны павінны ў імя Хрыста складаць Яго ахвяру, а таксама разам з Ім складаць у ахвяру саміх сябе і абвяшчаць Евангелле, каб кожны чалавек праз іх служэнне мог знайсці шлях да Бога.

neaprezbitery 35

Дыякан быў пасвячаны на служэнне Касцёлу і пакліканы да нястомнага развіцця сваіх паводзінаў на ўзор Хрыста, а як слуга – пакліканы да таго, каб адзначацца вернасцю, чыстым сумленнем, любоўю без заганы, шчырым і руплівым сведчаннем жыцця, а таксама клопатам пра іншых.

Сёння Пан Бог пасылае новых працаўнікоў на сваё жніво, адорваючы іх моцай Духа Святога, верай і любоўю. Будзем жа маліцца аб ласцы руплівасці і трываласці для новых прэзбітэраў і дыякана. Няхай яны будуць верныя Хрысту і Касцёлу і верна захоўваюць той вялікі дар, які атрымалі ад Бога.

Kсёндз Раман Вайцяховіч нарадзіўся 30 студзеня 1994 г., паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).

Kсёндз Эрнэст Мікалайчык нарадзіўся 1 лютага 1994 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе.

Дыякан Віталій Валюк нарадзіўся 26 чэрвеня 1991 г., паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы.

Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі