17 кастрычніка біскуп Віцебскай дыяэцзіі Алег Буткевіч падпісаў Дэкрэт, якім уводзіцца шэраг новых прадпісанняў у сувязі з ростам захворванняў COVID-19.
Духавенства і вернікі Віцебскай дыяцэзіі
Віцебск, 17.10.2020г.
ДЭКРЭТ
У сувязі з далейшым распаўсюджваннем эпідэміі каранавірусу COVID-19 i высокай лічбай захворванняў, якая ў восеньска-зімовы перыяд можа павялічыцца, а таксама беручы пад увагу клопат пра здароўе і жыццё жыхароў нашай краіны, пастанаўляю:
- Згодна з кан. 87 § 1, кан. 1245 і кан. 1248 § 2 Кодэксу Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, удзяляю дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў святой Імшы ў нядзелі і прадпісаныя ўрачыстасці вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, што імі апякуюцца, і тым, хто адчувае боязь перад небяспекай заражэння.
- Заахвочваю вернікаў, якія карыстаюцца дыспенсай, прыняць удзел у суботняй вечаровай cвятой Імшы або ў cвятых Імшах у іншыя дні.
- Адначасова заахвочваю тых вернікаў, якім дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца, да ўдзелу ў нядзельных і святочных Імшах і іншых набажэнствах.
- Святары павінны паінфармаваць вернікаў аб значэнні дыспенсы, а таксама растлумачыць сэнс духоўнай камуніі і заахвоціць да яе практыкавання.
- Пробашчы і адміністратары парафій павінны прыкласці ўсе намаганні для таго, каб у святынях і іншых месцах супольнай малітвы захоўваліся асноўныя правілы гігіены: настойліва прасіць вернікаў насіць ахоўныя маскі або шчыткі, пры ўваходзе ў святыню змясціць дэзінфекцыйныя сродкі, нагадваць аб неабходнасці захавання сацыяльнай дыстанцыі і рэспіраторнага этыкету.
- Святары, якія ўдзяляюць cвятую Камунію вернікам, а таксама цэлебруюць іншыя сакраманты, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці да вернікаў, павінны карыстацца ахоўнымі маскамі і праводзіць дэзінфекцыю рук.
- Пробашчы парафій, настаяцелі іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама законных супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі павінны разважліва і адказна падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных і катэхетычных сустрэч, а таксама іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання мэтазгоднасці іх правядзення падчас эпідэміі і з улікам магчымасці іх адмены або пераносу на пазнейшы час.
- Нагадваю душпастырам пра абавязак заставацца на месцы свайго служэння і быць даступнымі для людзей, асабліва хворых і тых, хто мае патрэбу.
- Гэтая пастанова абавязковая да яе адмены.
Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у штодзённым жыцці, так і ў выкананні рэлігійных практык, давяраю ўсіх вас апецы Маці Божай Браслаўскай і святога Язафата Кунцэвіча з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца бласлаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
