Ці можна памагаць бацькам па гаспадарцы ў нядзелю?

“Хвала Хрысту! У мяне такое пытанне пра працу ў нядзелю. Я рэдка прыязджаю ў вёску да бацькоў, і часам здараецца, што ёсць неабходнасць працы ў нядзелю. Раніцай мы ўсёй сям’ёй ідзём у касцёл. А пасля Імшы я хачу дапамагчы бацькам па гаспадарцы. Ці мушу я з гэтага спавядацца? Дзякуй за адказ. Наталля“

– Паважаная Наталля! Дзякую за пытанне, якое, магчыма, цікавіць шмат каго з вернікаў! Яно закранае некалькі вымярэнняў маральнага жыцця хрысціяніна, які выражае сябе, між іншым, праз працу, адпаведнае перажыванне нядзелі, урачыстасцяў і святочных дзён, а перадусім праз штодзённыя маральныя выбары, здзейсненыя ў сумленні. Менавіта правільна выхаванае, праўдзівае і праведнае сумленне дапамагае чалавечай асобе належным чынам пазнаваць Божую волю і жыць паводле яе.

Святкаванне нядзелі

Праца, святкаванне і адпачынак цесна ўзаемазвязаныя як у рэлігійным, так і агульначалавечым вымярэнні. Народная мудрасць, якая ў сваю чаргу ёсць выражэннем натуральнага закону і здаровай традыцыі, кажа, што той, хто ўмее адпачываць, умее і працаваць, і наадварот. Мае бацькі, якіх фарміравала хрысціянская вера і традыцыя, часта паўтаралі, што чалавек, які шануе Бога, і працуе, і адпачывае дзеля Яго славы.

У Святым Пісанні неаднойчы гаворыцца пра волю Бога адносна працы і адпачынку. Ужо ў першай кнізе Бібліі Бог даў чалавеку наказ працаваць. Сёмы ж дзень, у які адпачыў, блаславіў і ўчыніў яго святым (пар. Быц 1 — 2). Адпачынак Бога ў сёмы дзень нельга разглядаць толькі ў катэгорыі заканчэння справы стварэння, але як захапленне ўсім учыненым (пар. Ян Павел ІІ, Dies Domini, 11). Такім чынам, перажыванне нядзелі – гэта не проста ўстрыманне ад працы, а сузіранне Бога як галоўнай крыніцы жыцця і ўсякай дзейнасці чалавека.

У часы Новага Запавету, ад хрысціянскай старажытнасці, нядзеля лічылася асаблівым і важным днём культу ўваскрослага Езуса Хрыста. Паколькі да часоў Канстанціна Вялікага нядзеля была працоўным днём, то хрысціяне вымушаныя былі збірацца для супольнай цэлебрацыі і малітвы перад узыходам сонца. Пасля прызнання Міланскім эдыктам рэлігійнай свабоды хрысціяне атрымалі магчымасць адкрыта абвяшчаць веру, маліцца і належным чынам святкаваць нядзелю.

Пра ўшанаванне і перажыванне нядзелі Катэхізіс Каталіцкага Касцёла піша ў нумарах 2168 – 2195. Нумар 2185 кажа, што “ў нядзелю і святочныя дні вернікі павінны ўстрымацца ад працаў і заняткаў, якія перашкаджаюць аддаваць належную пашану Богу, перажываць уласцівую для дня Пана радасць, здзяйсняць учынкі міласэрнасці і адпачываць як духоўна, так фізічна”. Касцёл вучыць таксама, што “дапускаюцца дзеянні, звязаныя з сямейнымі абавязкамі або з паслугаю дзеля значнай грамадскай карысці, калі толькі гэта не вядзе да шкодных звычак адносна святкавання нядзелі, сямейнага жыцця і здароўя” (пар. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 453). Дарэчы, кампендый даступны па адрасе http://catholic.by/2/libr/homilies/104139-kampendyj.html – ён можа дапамагчы вернікам адказаць на шматлікія пытанні, а таксама пашырыць рэлігійныя веды.

Хтосьці мог бы памылкова меркаваць, што дзеля ўшанавання Бога ў нядзелю дастаткова прыняць удзел у Святой Імшы, найлепш з самай раніцы, а пазней заняцца чым заўгодна. Нядзеля – гэта святы дзень, дзень адпачынку і аднаўлення духоўных і фізічных сіл, сустрэчы з сям’ёй ды блізкімі людзьмі і ўзрастання ў хрысціянскай любові ва ўсіх яе вымярэннях, дзень яднання з Богам і бліжнімі. Вернік, які прагне па-сапраўднаму камуніі з Богам і паглыблення свайго духоўнага жыцця, сам будзе імкнуцца ўстрымацца ў нядзелю ад усяго, што не спрыяе гэтай мэце.

Дапамога бацькам

Дапамога бацькам у гаспадарцы – гэта клопат пра іх, які вынікае з натуральнага права. Гэтаму вучыць таксама Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў разважаннях пра чацвёртую запаведзь: “Адносна бацькоў дзеці абавязаны выказваць пашану (сыноўнюю любоў), удзячнасць, пакору і паслухмянасць, садзейнічаючы такім чынам, а таксама праз добрыя адносіны паміж братамі і сёстрамі, узрастанню гармоніі і святасці ўсяго сямейнага жыцця. У выпадку, калі бацькі апынуліся ў беднасці, хваробе, адзіноце, старасці, дарослыя дзеці павінны дапамагаць ім маральна і матэрыяльна” (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 459). Добра разумеем, што калі мы дапамагаем бацькам, то такім чынам славім таксама Бога, Які нам іх даў і даверыў у іх слабасці і старасці. Дзеці імкнуцца бачыць тыя сферы, у якіх бацькам або камусьці з родных патрэбная дапамога. Са свайго боку, бацькі хочуць як мага даўжэй дапамагаць сваім дзецям і ўнукам як матэрыяльна, так духоўна (вельмі важнай дапамогай ёсць малітва), што заўсёды варта заўважаць і быць за гэта ўдзячнымі. Асаблівым чынам бацькі клапоцяцца пра гаспадарку, якая “корміць” іх саміх і іх родных. Гэта ў першую чаргу датычыць жыхароў вёсак ці аграгарадкоў, аднак не абмяжоўваецца толькі імі.

Праца ў нядзелю

Вышэй было сказана, што ў нядзелю і святочныя дні вернікі павінны ўстрымацца ад працаў і заняткаў, каб гэты дзень прысвяціць сустрэчы з Богам і адпачынку ў коле сям’і. Аднак здараюцца сітуацыі, калі сапраўды немагчыма зрабіць усё у будныя дні, бо, напрыклад, дзеці ці ўнукі не могуць ніяк прыехаць да любых мамы і таты або бабулі і дзядулі ў іншы дзень, а яны самі хворыя ці ўжо не маюць сілы працаваць. У такім выпадку можна лічыць, што праца па гаспадарцы ў нядзелю – гэта неабходнасць (няма іншых магчымасцей, напрыклад, не хапае сродкаў, каб наняць кагосьці на працягу тыдня або няма каго наняць). Аднак нельга апраўдаць парушэнне трэцяй Божай запаведзі, калі хтосьці адкладваў некаторыя працы менавіта на нядзелю, хоць можа зрабіць гэта ў будні дзень. У такім выпадку трэба паспавядацца, каб з чыстым сэрцам прыняць Святую Камунію.

Варта памятаць і пра тое, што грахом ёсць не толькі неабавязковая праца ў нядзелю, але і лянота наогул. Застаецца таксама нявырашаным пытанне пра неабходнасць і мэтазгоднасць трымаць гаспадарку чалавеку, які сам не ўстане яе даглядаць. У асобных выпадках такі стан рэчаў можна б лічыць таксама грахом супраць бацькоў і супраць дзяцей. Разумею, што асабліва старэйшым людзям складана прызнаць, што надышоў час адпачынку. Гэта яшчэ адна праблема нашага маральнага жыцця, якую разважліва трэба вырашаць усёй сям’і.

Наталля пытаецца, ці павінна спавядацца з дапамогі бацькам у нядзелю. Навучанне Касцёла, хоць яно зразумелае і змястоўнае, але не разглядае ўсе магчымыя жыццёвыя выпадкі. Касцельны заканадаўца часта пакідае вернікам прастору для асабістага разгляду дадзенай сітуацыі. Такі стан рэчаў вынікае з мноства абставін, якія нясе жыццё. Католік заўсёды пакліканы разглядаць свае ўчынкі з пункту погляду на іх прадмет, мэту і акалічнасці. Калі ўсе тры элементы чалавечага чыну добрыя, тады і чын лічыцца добрым. Бывае, аднак, і так, што прадмет чыну добры (напрыклад, праца, дапамога іншым), але акалічнасці памяншаюць яго маральную вартасць (скажам, неабавязковая праца ў нядзелю). Найгорш, калі маральная вартасць чыну знішчаецца або памяншаецца мэтаю (хтосьці дапамагае бліжняму на паказ або робіць нешта, каб праявіць непашану да веры ці асобы). Удзел у Святой Імшы ў нядзелю не з’яўляецца поўным выкананнем трэцяй запаведзі. Хачу ў гэтым месцы дадаць, што згодна з навучаннем Касцёла, вернік выконвае наказ удзелу ў нядзельнай Святой Імшы, калі ўдзельнічае ў ёй ці непасрэдна ў святочны дзень, ці напярэдадні вечарам (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1248, § 1). Магу з упэўненасцю сказаць, што варта пазбягаць працы ў нядзелю, і калі б хтосьці пры магчымасці дапамагаць бацькам па буднях спецыяльна адкладваў заняткі па гаспадарцы на нядзелю, то павінен з гэтага спавядацца. Калі ж інакш не атрымліваецца, а працу неабходна выканаць дзеля любові родных, то гэта не будзе цяжкі грэх.

Вельмі прыгожае і захапляльнае сведчанне пра святкаванне нядзелі даў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Узгадваючы сваё дзяцінства, Папа сказаў, што нядзеля ў яго сям’і заўсёды была прынцыповай справай: “Нядзеля распачыналася ўжо ў суботу пасля поўдня. Бацька чытаў нам нядзельныя літургічныя тэксты з вельмі папулярнай на той час кніжкі, у якой яны тлумачыліся (…). На наступны дзень мы ішлі на святую імшу (…), а пазней у хаце важны быў, безумоўна, супольны вялікі абед. Мы таксама шмат спявалі разам (…). Спявала ўся сям’я. Гэта незабыўныя моманты. Пазней мы абавязкова шпацыравалі. Мы жылі недалёка ад лесу, і шпацыр па лесе быў прыгожы: прыгоды, гульні і г. д. Адным словам, ядналі нас адно сэрца і адна думка, шмат супольных перажыванняў. Нават у вельмі цяжкія часы вайны (…) панавала між намі ўзаемная любоў, радасць праз простыя рэчы” (пар. Бэнэдыкт XVI, Пастырскі візіт у Міланскай архідыяцэзіі і VII сусветная сустрэча сем’яў (1 – 3 чэрвеня 2012 г.), http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/speeches/2012/june/documents/hf_ben-xvi_spe_20120602_festa-testimonianze.html).

Святкаванне нядзелі ва ўсіх вымярэннях, асабліва ў сям’і – гэта не толькі адказ на Божы заклік, але і свайго кшталту праўдзівая школа хрысціянскага жыцця. Спадзяюся, што адказ на пастаўленае пытанне дапаможа Наталлі ды іншым чытачам “Каталіцкага Весніка” ў вырашэнні падобных пытанняў.

З павагай, Аркадзь Куляха OCD

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі