Ці можна насіць крыжык і ружанец у якасці ўпрыгожвання? Тлумачыць тэолаг

На вуліцах і ў інтэрнэце мы можам бачыць людзей, якія выкарыстоўваюць хрысціянскія сімвалы ў якасці ўпрыгожванняў. Ружанец ці крыжык у якасці ўпрыгожвання — гэта добрая ідэя? Калі выкарыстанне хрысціянскіх сімвалаў можа быць грахом?

«Калі крыж выкарыстоўваецца не па рэлігійных прычынах, напрыклад, для таго, каб справакаваць або паказаць, што яго адпрэчваюць. Такая матывацыя існуе і сёння ў нашэнні ўпрыгожванняў з крыжам. Гэта сур’ёзнае злоўжыванне і, такім чынам, таксама можа быць грахом», — адказвае ксёндз прафесар Януш Крулікоўскі, дэкан тэалагічнага факультэта Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве, секцыі ў Тарнаве.

Кс. Януш, што значыць крыж для хрысціяніна?

— Перш за ўсё, гэта знак, які нагадвае пра збаўленне, здзейсненае Езусам Хрыстом. У гэтым сэнсе ён прамаўляе да нас як успамін пра падзею ўкрыжавання Хрыста, але таксама як крыніца сувязі, якая ўсталёўваецца паміж хрысціянінам і Збаўцам. Як знак выратавання, ён таксама з’яўляецца крыніцай духоўнага натхнення і тэалогіі.

Марцін Лютэр сказаў вельмі моцна, але таксама сугестыўна: «Крыж — наша адзіная тэалогія». Святы Тамаш Аквінскі значна раней сказаў: «Пакутаў Хрыста (крыж з’яўляецца іх сімвалам і як бы «сінтэзам») дастаткова, каб цалкам сфармаваць наша хрысціянскае жыццё». Крыж мае надзвычай шмат значэнняў і багаты рэлігійны сэнс.

Ці мэтазгодна ператвараць сімвал веры ў дэкаратыўны сімвал?

— Калі ўпрыгожванне прызначана для рэлігійных мэтаў, крыж таксама можа мець дэкаратыўнае значэнне. Нам добра вядомы такі тып выявы, калі грубаму крыжу дадаткова надаецца нейкі тэалагічны сэнс. Гэта можа быць, напрыклад, крыж, акружаны кветкамі, як выраз удзячнасці за збаўленне, або гэта можа быць крыж з зялёнымі пыпушкамі, які нагадвае, што гэта крыніца новага жыцця. Такія крыжы мы сустракаем на дарогах, такімі крыжамі мы ўпрыгожваем сцены сваіх дамоў. Усё залежыць ад таго, што мы хочам выказаць, паставіўшы крыж у тым ці іншым месцы. Праблема насамрэч ляжыць на ўзроўні чалавечых намераў.

На што варта звярнуць увагу, каб лепш разабрацца ў пытанні нашэння завушніц-крыжыкаў або крыжыка на шыі?

— Перш за ўсё трэба спытаць пра матывацыю нашэння такіх упрыгожванняў. Калі ў аснове ляжыць рэлігійная матывацыя, г.зн. дэкларацыя веры, то гэта цалкам апраўдана. Але, прызнаюся, у нашай культуры завушніцы-крыжыкі мяне чамусьці крыўдзяць, хоць у іншых культурах гэта абсалютна апраўдана, напрыклад, у эфіопаў гэта нешта цалкам натуральнае і нікога не здзіўляе. Яны нават выкарыстоўваюць татуіроўкі крыжа на лбе, каб выказаць сваю прыналежнасць да Хрыста. Важна, каб да крыжа не ставіліся толькі як да талісмана, амулета або гаджэта.

Сур’ёзнасць крыжа патрабуе сур’ёзнага стаўлення да яго як да рэлігійнага знака, незалежна ад таго, як і з чаго ён зроблены.

Выкарыстоўваць крыжык у выглядзе ўпрыгожванняў даволі модна — у інтэрнэце можна ўбачыць розныя фота і відэа і нават вядомых людзей. Ці можна насіць крыж як упрыгожванне?

— Паўтару свой адказ. Ключавое пытанне — рэлігійная матывацыя і мэта нашэння. Калі нашэнне крыжа павінна было вызначацца выключна модай, а гэта ў многіх выпадках так, то мы маем справу толькі са знешнім знакам. Можна з аптымізмам сказаць, што добра пачаць з чагосьці, гэта значыць насіць крыж у якасці ўпрыгожвання, але з улікам значэння крыжа гэтага далёка не дастаткова. З дапамогай крыжыка недастаткова толькі прыцягнуць увагу да сябе. Крыж павінен прыцягваць увагу тым, што ён сабой уяўляе.

Ці будзе чымсьці дрэнным, каб надзець завушніцы-крыжыкі на сустрэчу з сябрамі або на вечарыну? У рэшце рэшт, гэта можа быць нейкае мяккае вызнанне веры?

— Калі мы хочам вызнаваць веру, гэта, безумоўна, будзе дарэчы, але калі гэта будзе спалучацца і з канкрэтнымі справамі. Наша вера вызначаецца не толькі знешнімі прыкметамі, але глыбінёй нашага сэрца, выяўленай у нашых учынках і справах. «Па пладах пазнаеце іх», — кажа Пан Езус. Знакі павінны мабілізаваць тых, хто імі карыстаецца, каб вызнаваць веру. Вядома, я ўсведамляю, што ў многіх выпадках знак крыжа сам па сабе можа быць вялікім учынкам ці прызнаннем.

Вядома, усё залежыць ад абставін, але ці можна насіць ружанец на шыі?

— Я ведаю людзей, якія так іх носяць і робяць гэта вельмі пастаянна. І зноў жа — сутнасць справы — гэта малітва на ружанцы, а значыць, справа сэрца. Аднаго знака недастаткова. Ружанец прызначаны, вядома, для малітвы. Несумненна, сам знак таксама можа гаварыць, бо «адзін знак варты тысячы слоў», але гэта не заўсёды так. Я ўсё яшчэ памятаю дзяўчыну, якую сустрэў трыццаць гадоў таму ў аўтобусе ў Рыме, якая непрыкметна малілася на ружанцы. Як яна прамянілася! Усе гэта бачылі. Якое гэта было вызнанне веры!

pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі