Ці можа чалавек з дэменцыяй атрымаць прабачэнне грахоў?

У маёй бабулі хвароба Альцгеймера. Яна не ў стане скласці правільны сказ, не памятае сваёй сям’і і шмат чаго іншага. Хварэе ўжо некалькі гадоў і ўжо даўно не была ў споведзі. Як яна можа атрымаць прабачэнне грахоў? I ці можа ўвогуле?

На пытанне адказвае кс. Віктар Ханько.

Найперш трэба ведаць, наколькі асоба, да якой запрашаюць святара, каб паспавядаць, практыкавала да хваробы сваю веру.

Часта здараецца, што, калі святар прыходзіць да хворага, нават пасля інсульту, дзе ўсе медыцынскія паказчыкі кажуць, што мовы няма, але, калі пачынаем маліцца «Ойча наш», часта хворы прамаўляе ўголас разам са святаром. Так жа бывае і з хваробай Альцгеймера: у момант споведзі хворы прамаўляе малітву дакладна і ясна. Гэта і ёсць дзеянне Божай ласкі.

Родныя лепш ведаюць свайго хворага, і калі няма небяспекі, напрыклад, што той не выкіне святую Камунію, то цалкам варта паклапаціцца, каб блізкі чалавек у хваробе прымаў святыя дары.

Для дабра душы гэтага хворага было б вельмі добра запрасіць святара, нават калі чалавек не ў свядомасці або не да канца ўсведамляе з-за хваробы, хто да яго прыйшоў. Бо глыбіня духоўнага свету велізарная…

Святая Камунія, благаслаўленне святара з’яўляюцца духоўным пасілкам, і ён патрэбны, асабліва калі чалавек раней шукаў такі пасілак. Але калі чалавек усімі сіламі перад хваробай выказваў пратэст адносна сакрамэнтаў ці прыходу святара, то не варта рабіць гэта праз сілу, калі хворы не ў свядомасці. Пан паважае волю чалавека.

Канешне, калі чалавек доўгі час знаходзіцца не ў свядомасці, можна запрасіць святара, і святар ужо на месцы прыме рашэнне. Міласэрнасць заўсёды мае месца. За такога чалавека, безумоўна, трэба маліцца аб пакаянні і даручаць яго душу Божай Міласэрнасці. Мы павінны разумець, што не мы ратуем людзей, а Пан.

Таксама, канешне, калі быў момант, што хворы падаў знак або папрасіў аб духоўнай дапамозе, то сакрамэнт можа быць яму дадзены.

З пашанай, кс. Віктар.

grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі