Чым грэка-каталіцкая абраднасць адрозніваецца ад рыма-каталіцкай?

Словамі цяжка патлумачыць, чым візантыйскі абрад, якога трымаецца Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, адрозніваецца ад лацінскага, абраду Рыма-Каталіцкага Касцёла. Абрад – гэта знешняе выражэнне нашай веры, усё тое, што можна пабачыць, пачуць альбо нават адчуць на смак ці пах. Таму, каб поўнасцю ўбачыць адрозненні, варта проста наведаць набажэнства ў бліжэйшай грэка-каталіцкай парафіі.

Абрад Грэка-Каталіцкай Царквы бярэ свой пачатак у Візантыі – дзяржаве, якая існавала ва ўсходняй частцы Міжземнамор’я амаль тысячу гадоў, з V па XV стагоддзе ад Нараджэння Хрыстовага. Для культуры Візантыі былі характэрны багацце формаў, мастацкага выражэння, своеасаблівая любоў да раскошы ды доўгіх пышных цырымоній. Гэта знайшло адбітак і ў царкоўным абрадзе. У адрозненне ад лацінскага, які з’яўляецца больш лаканічным, у Літургіі візантыйскага абраду і да сёння шмат спеваў, паўтораў розных літаній, у якіх, акрамя адмысловых просьбаў, паўтараюцца часта агульныя: за Царкву, Святога Айца, нашу краіну і г.д. Напрыклад, у Літургіі св. Яна Залатавуснага (гэта асноўнае набажэнства, падчас якога здзяйсняецца Эўхарыстыя) напачатку моляцца літанію за супакой, у якой прадстаўляюць Богу ўсе просьбы, потым некалькі малых літаній, затым літанію ўзмоцненага малення з патройным “Госпадзе, змілуйся”, далей літанію за прынесеныя дары – хлеб і віно, што неўзабаве стануць Целам і Крывёй Хрыста, потым, пасля кансэкрацыі, – за ўжо кансэкраваныя дары, а пасля Прычасця – за тых, хто яго прыняў.

Істотная рэч, якая адрознівае абрад грэцкі ад рымскага, – выкарыстанне кваснога хлеба і чырвонага віна для Эўхарыстыі (а не прэснага хлеба і белага віна). Квасны хлеб – гэта хлеб, падобны да таго, які мы спажываем звычайна, ён пячэцца з выкарыстаннем дрожджаў. Толькі ў эўхарыстычны хлеб не дадаецца нічога, акрамя мукі, дрожджаў і вады, выпякаюцца спецыяльныя булачкі – прасфоркі. Кавалачкі, якія святар, чытаючы адмысловыя малітвы, выразае з прасфоры, пасля кансэкрацыі становяцца Целам Хрыстовым, а перад прычасцем (камуніяй) апускаюцца ў чашу з Крывёй Хрыстовай. Святар прычашчае вернікаў Целам і Крывёй Госпада пры дапамозе лыжачкі.

Адрозненні можна ўбачыць і ў знешнім выглядзе святыні. У грэка-католікаў шмат абразоў, але іх мастацкі стыль адрозніваецца ад таго, што мы бачым у касцёлах. Выявы Хрыста, Багародзіцы ці святых – гэта не проста іх “партрэты”, гэта іконы, кожная дэталь на якіх (колер вопраткі, літары, дадатковыя выявы і г.д.) мае глыбокае сімвалічнае значэнне.

Варта дадаць, што ў Беларусі сёння толькі некалькі грэка-каталіцкіх парафій маюць уласныя святыні, большасць моліцца ў прыстасаваных памяшканнях – капліцах, якія знаходзяцца ў парафіяльных будынках, дзе месцяцца таксама памяшканні для катэхезы. Не заўсёды ў гэтых капліцах можна поўнасцю паўтарыць урачыстыя цырымоніі, характэрныя для хрысціян усходняга абраду ў даўнейшыя часы. Таму візантыйская пышнасць у беларускіх грэка-католікаў саступае месца практычнасці. Тым не менш мы імкнемся захоўваць нашую літургічную спадчыну, вывучаць яе ды практыкаваць у штодзённым жыцці.

а. Андрэй Крот, Grodnensis.by

для друку для друку