Чаму ўшанаванне Багародзіцы такое важнае для кожнага верніка?

“Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 26-27).

Гэтымі словамі Пан Езус давярае Марыі Касцёл, а супольнасці вернікаў давярае апеку і заданне годнага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна становіцца і нашай Маці праз усынаўленне нас як Божых дзяцей. Здаецца, што не трэба вучыцца, як любіць нашую нябесную Маці, але менавіта таму, што Яна з’яўляецца Маці Божай, адносіны да Яе маюць асаблівы, ні з чым непараўнальны характар. З дапамогай нам прыходзіць навучанне Касцёла, а асабліва рымскіх папаў, якія ў сваіх тэкстах звяртаюць увагу супольнасці вернікаў на адпаведную паставу ў адносінах да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Адной з такіх крыніц з’яўляецца Апостальская адгартацыя Папы Паўла VI Marialis cultus. Хоць яна напісаная ў 1974 годзе і скіраваная да біскупаў як да тых, каму давераны клопат пра належнае ўшанаванне Пана Бога, але і цяпер кожны вернік з гэтага дакумента Касцёла можа зачэрпнуць штосьці для паглыблення веры.

Перадусім Папа Павел VI звяртае ўвагу на тое, што пакланенне Маці Божай мае хрыстацэнтрычны характар.

Яна не забірае ўвагу на сябе, але ўсю хвалу аддае свайму Сыну і Богу, Езусу Хрысту. З гэтым звязана тое, што нават ва ўрачыстасцях і ўспамінах, якія носяць марыйны характар, мы ўшаноўваем не саму Панну Марыю, але Хрыста разам з Ёй і праз Яе. Яна вучыць нас быць блізка да Хрыста на працягу ўсяго літургічнага цыклу ад Беззаганнага Зачацця, праз перажыванне мукі на крыжы разам са сваім Сынам, да радасці Уваскрасення і Спаслання Духа Святога.

Калі мы так перажываем Літургію, звяртаючы ўвагу не на саму Марыю, а на Таго, да Каго Яна нас набліжае, на Езуса, нашае пакланенне Марыі становіцца больш адпаведным.

Чым большую пашану атрымлівае Сын, тым большай годнасцю цешыцца Яго Маці.

Калі ж нас больш прыцягвае набажэнства, а на Святую Імшу мы застаёмся, бо яна і так ёсць пасля, то ў нашым духоўным жыцці няправільна пастаўленыя акцэнты. Набажэнства мае рыхтаваць нас да сапраўднага перажывання Эўхарыстычнай ахвяры. Вельмі лёгка страціць такую ўражлівасць.

Павел VI, узгадваючы рэкамендацыі Другога Ватыканскага сабору, звяртае ўвагу на захаванне разумнага падыходу ў аддаванні пашаны Найсвяцейшай Панне Марыі, не пераацэньваючы Яе ролі ў гісторыі Збаўлення, але і не змяншаючы. Папа звяртае ўвагу, што марыйны культ мае не проста ўздзейнічаць на нашыя пачуцці, але і глыбока ўплываць на нашае духоўнае жыццё, якое патрабуе сталага і трывалага клопату для развіцця. Марыю Павел VI называе ўзорам Касцёла. Яна ёсць нашай Настаўніцай, Якая вучыць уласным прыкладам, як аддаваць належную пашану Пану Богу.

Найперш, Марыя ёсць Паннай, Каторая слухае. Варта нам асабіста зрабіць рахунак сумлення, як часта мы слухаем Бога падчас Адарацыі ці разважаючы над Божым словам. А калі слухаем, то ці чуем, ці прымаем Яго слова так, як гэта робіць Марыя? Яна – Панна, Якая моліцца не толькі, калі гучыць яе Magnificat, але і падчас вяселля ў Кане Галілейскай, калі звяртаецца з просьбай да свайго Сына. Праз паслухмянасць Богу Марыя ёсць Паннай, Якая нараджае.

Касцёл, таксама паслухмяны Богу, праз хрост нараджае сваіх духоўных дзяцей. Пытанне, ці наш уласны хрост зрабіў нас дзецьмі Божымі? Ці ўсведамленне таго, што мы называем Бога Айцом, уплывае на нашыя жыццёвыя рашэнні і абуджае прагненне, каб і іншыя адкрылі Божую любоў? Нарэшце, Марыя ёсць Паннай, Якая ахвяруе Богу ўсё, што мае найдаражэйшага, – Сына, у святыні і на Кальварыі. Праз гэта вучыць і нас, перажываючы Найсвяцейшую Эўхарыстычную Ахвяру, прымаць Божую волю і з радасцю, ахвотна на яе адклікацца.

Марыя з’яўляецца не толькі ўзорам Касцёла, але і прыкладам цнотаў для кожнага верніка, якія мы можам набываць і развіваць праз заступніцтва нашай нябеснай Апякункі. Адгартацыя пералічвае іх, падаючы месцы з Евангелля, якія падобныя якасці апісваюць. Гэта “вера і воля, уважлівыя на Божае слова (пар. Лк 1, 26-38; 1, 45;11, 27-29; Ян 2, 5); велікадушная паслухмянасць (пар. Лк 1, 38); шчырая пакора (пар. Лк 1, 48); клапатлівая любоў (пар. Лк 1, 39-56); разважлівая мудрасць (пар. Лк 1, 29. 34; 2, 19. 33. 51); пашана да Бога, якая заахвочвае да спаўнення рэлігійных абавязкаў (пар. Лк 2, 21. 25-40. 51), да праяўлення ўдзячнасці за атрыманыя даброты (пар. Лк 1, 46-49); да складання дароў у святыні і малітвы ў супольнасці Апосталаў (пар. Дз 1, 12-14); моц духа ў выгнанні ( пар. Мц 2, 13-23); у болю (пар. Лк 2, 34-35. 49; Ян 19, 25); убогасць, поўная годнасці і даверу да Бога (пар. Лк 1, 48; 2, 24); чуйны клопат пра Сына, пачынаючы ад пакоры ясляў да ганьбы крыжа (пар. Лк 2, 1-7; Ян 19, 25-27); лагодная прадбачлівасць (пар. Ян 2, 1-12); паненская чыстасць (пар. Мц 1, 18-25; Лк 1, 26-38); моцная і чыстая сужэнская любоў”(MC 57). Гэтыя цноты маюць стаць духоўнымі пладамі ўсіх тых, хто ўзіраецца ў Найсвяцейшую Панну Марыю, ушаноўваючы Яе падчас Літургіі і набажэнстваў. Няхай Яна, поўная ласкі, дапамагае нам разам з Ёй імкнуцца лепш пазнаць і палюбіць Хрыста!

Айцец Павел Мажэйка ОР

для друку для друку