Чаму дзяўчаты ідуць у манастыр? Інтэрв’ю з будучай манахіняй-беларускай

“Каталіцкі Веснік” паразмаўляў з беларускай Вікторыяй Радзюкевіч, якая праходзіць фармацыю ў сясцёр-салезіянак у Рыме. Дзяўчына падзялілася думкамі пра сваё пакліканне да манаскага жыцця, а таксама распавяла пра жыццё і вучобу ў адным з найстарэйшых гарадоў свету.

Вікторыя, адкуль Вы родам?

– Я нарадзілася і жыла ў вёсцы Малое Мажэйкава (зараз аграгарадок Мажэйкава) Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Таксама цікавая рэч, што непадалёк знаходзіцца мясцовасць Радзівонішкі, станцыя “Курган”, дзе быў першы на беларускіх землях у эпоху Рэчы Паспалітай касцёл салезіянскага святога Яна Боска.

– А як і дзе адбылося Ваша знаёмства з салезіянскай супольнасцю?

– Гэта вельмі цікавае знаёмства… Яно адбывалася ўрыўкамі, невялікімі крокамі, з перапынкамі. Першае маё знаёмства адбылося ў 2015 годзе на сустрэчы ДДМ у Смаргоні, дзе я ўбачыла ўпершыню выяву св. Яна Боска, якая дакранулася да майго сэрца. Пасля ў гэтым жа годзе мы з сяброўкай вырашылі наведаць першы раз капліцу св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы ў Мінску, дзе я ўбачыла салезіяніна кс. Паўла Шчарбіцкага. Яго незвычайная ўнутраная радасць пакінула след у маім сэрцы.

Потым знаёмства працягнулася на сустрэчы моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе, дзе я была з супольнасцю палатынаў. Але разам з намі быў малады чалавек-салезіянін, які распавядаў з такой гарачынёй пра гэту сям’ю і св. Яна Боска, што мне вельмі захацелася бліжэй пазнаёміцца з іх супольнасцю. Пазней хацела пазнаёміцца з кс. Паўлам, але, на жаль, ён быў у Смаргоні. Тады таксама я не мела адвагі. І больш чым год прайшоў, калі я другі раз вярнулася ў Серабранку, пасля таго, як даведалася, што сюды, на служэнне вярнуўся гэты святар. І вось тады распачалося сапраўднае знаёмства з гэтай супольнасцю, з харызмай, з моладдзю. На той момант я адчувала нешта неверагоднае ў маім жыцці. А таксама і тое, што Бог дае надзею на пошук чагосьці сапраўднага, таго, чаго мне не хапала.

– Калі і як з’явілася жаданне пайсці ў кляштар?

– Насамрэч ніколі не мела гэтага жадання, але адказала Богу на тое, што пачула, што ўбачыла праз малітву – знакі, штодзённасць, а таксама праз намер і жаданне сэрца сапраўды споўніць волю Айца. Самы першы крок зрабіў да мяне Бог, калі даў вялікае жаданне маліцца адной малітваю пад назвай “Адданне сябе Богу”, у якой гаварыла: “… Дай мне толькі Тваю любоў і ласку, і буду я дастаткова багатая і нічога больш шукаць не буду”. Не памятаю, ці была дастатковая свядомасць у гэтым, але вялікае жаданне сэрца і давер да Яго паўтаралі гэтыя словы доўгі час. Пэўныя думкі ўзнікалі таксама на сустрэчы для дзяўчат, якія адбываліся ў салезіянскім араторыі ў Серабранцы. Далей было наведванне араторыя, сустрэчы аб пакліканні, разважанні над Словам Божым, Адарацыя, на якую я нават прыходзіла на ўсю ноч, пілігрымкі і розныя спатканні, духоўнае кіраўніцтва. Ва ўсім гэтым я была адкрытая, каб пачуць, які крок неабходна зрабіць наступным.

Таксама прапанова, на каторую я адказала “так”, была ад сястры Ірыны Барцэвіч, што параіла мне паехаць у Грузію. Там я атрымала вопыт жыцця разам з сёстрамі, была валанцёрам і дапамагала з дзецьмі, а таксама мела сапраўдны вопыт размовы з Богам і адкрывала Яго аблічча як Айца, Каторы любіць.

– Раскажыце пра сваю цяперашнюю фармацыю. Што асаблівага ў гэтым перыядзе?

– Зараз я праходжу перыяд аспірантата (PVO) – час праверкі і арыентацыі. Знаходжуся ў Рыме і жыву ў супольнасці сясцёр салезіянак. Гэта вельмі прыгожы час, каб сапраўды закласці моцны падмурак і ісці наперад у служэнні Богу і іншым, а таксама ў выратаванні сваёй душы і моладзі. Гэта час, каб больш узрасці ў пазнанні сябе і сваёй сталасці, а таксама праверыць жаданні свайго сэрца і яго арыентацыю. Уся ж фармацыя складаецца з трох этапаў: аспірантат, пастулат і навіцыят. І ўвогуле доўжыцца чатыры гады, але бывае па-рознаму і залежыць ад розных умоў.

– Як выглядае Вашае навучанне?

– Каб распачаць вучобу ў салезіянскай кангрэгацыі я выказала ў пісьмовай форме сваю просьбу і матыў да галоўнай сястры нашай візітаторыі, чаму хачу ўступіць. Вучоба ў асноўным зараз адбываецца ў супольнасці, дзе ў адведзеным для гэтага памяшканні вывучаем салезіянскую харызму, катэхізацыю ў больш глыбокім напрамку, асновы псіхалогіі. Таксама ёсць сустрэчы адзін раз на месяц на тэму пазнання сябе на аснове псіхалогіі, але толькі разам з Богам (я + Бог = быць, станавіцца), сустрэчы з сястрой-дырэктаркай, каб ісці ў правільным напрамку, асістэнцыя ў араторыі і школах, сустрэчы з моладдзю. Са мной ёсць пяць аспірантак: тры з Італіі і адна з Албаніі. Я не, але астатнія наведваюць таксама ўніверсітэт па дзвюх дысцыплінах.

– Ці ведалі Вы італьянскую мову да таго, як паехаць вучыцца?

– Так, але зусім крыху. Магла чытаць і засвоіла самы першы ўзровень, але практыкі не было. Цяпер таксама яшчэ складана з мовай, але шукаю тое, што патрэбна для закладання падмурка камунікацыі.

А якія культурныя адрозненні асабліва адчуваеце, знаходзячыся ў Італіі?

– Гэта, напэўна, спосаб гаварыць, выказвацца з жэстамі, спосабы прывітання і звяртацца на “ты’ ў асноўным. Таксама заўважаю больш радасці, прастаты і лёгкасці ў штодзённасці. Канешне, вельмі адрозніваецца ежа, дзе амаль заўсёды на абед – паста (макароны) з рознымі падліўкамі, складнікамі. Таксама асацыяцыя з Італіяй – гэта піца. Ежа разнастайная, гэта залежыць ад рэгіёна, але вельмі смачная. Забылася пра галоўную рэч – гэта кава!!!

– Як праводзіце вольны час?

– Мы збіраемся разам, каб наведаць цікавыя месцы ў Рыме, гуляем у настольныя гульні. Я шмат чытаю, таксама адводжу час, каб пагаварыць на роднай мове.

– Як выглядае Ваша духоўнае, рэлігійнае жыццё зараз?

– Так, так, шукаю, каб сапраўды было духоўным!!! Гэта жарт, але…

Кожны дзень – Эўхарыстыя, Літургія гадзін раніцай і вечарам, духоўнае чытанне, ружанец і ўвесь астатні дзень, як малітва, але ў дзеяннях. Бо так выглядае салезіянская харызма.

– Што для Вас на дадзены момант галоўнае ў жыцці?

– Гэта ўзрастаць у любові і імкнуцца да святасці. Гэта значыць, працаваць над сабою разам з Богам у прысутнасці Святога Духа, праз Якога адчуваеш натхненне да глыбокіх і сапраўдных рэчаў. І праз усё гэта быць прыкладам і жывым Хлебам для іншых!

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку