“Чалавек малітвы”: біскуп Алег Буткевіч адзначыў дзясятую гадавіну біскупскай сакры

Дзесяць гадоў таму, 18 студзеня 2014 года біскуп Алег Буткевіч ў Віцебскай катэдры прыняў біскупскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці. Тады падчас урачыстасці была зачытаная папская була – спецыяльны дакумент на лацінскай мове. Пераклад булы на беларускую мову агучыў ксёндз-пралат Францішак Кісель. Папа Францішак у буле напісаў, што біскуп Алег Буткевіч “хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю [катэдрай Віцебскага Касцёла] кіраваць”.

18 студзеня 2024 года святары, браты і сёстры законныя, свецкія прадстаўнікі парафій Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў катэдральным касцёле, каб супольнай малітвай адзначыць знамянальную падзею.

Ужо на самым пачатку Літургіі біскуп Алег падзякаваў Богу за кожнага прысутнага, святара і верніка, законнага брата і сястру, бо біскуп нічога не можа зрабіць без прэзбітэрыя, біскуп не патрэбны ў пустым касцёле без вернікаў. Ардынарый падзякаваў усім, хто быў побач тады, 10 год таму, і з кім на працягу гэтага дзесяцігоддзя супрацоўнічае і служыць.

На ўрачыстай святой Імшы прысутнічалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які роўна праз тыдзень будзе адзначаць таксама гэтую памятную дату, апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Падчас гаміліі, якую прамовіў біскуп Юрый, іерарх паразважаў пра дар, які мае Віцебская дыяцэзіі – пра дар ардынарыя, які ў дадзены момант кіруе ёй.

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў». Біскуп Юрый паразважаў над гэтымі словамі ў перспектыве чытання з кнігі Самуэля, калі натхнёны аўтар распавядае пра выбар караля Давіда. «Чалавек бачыць па-свойму, Бог бачыць інакш, чалавек бачыць тое, што вонкавае, Бог пранікае сэрца чалавека», — падкрэсліў прамоўца і прыгадаў пра справу выбара 10 год таму новых біскупаў для Беларусі. «Нам цяжка сказаць, чаму быў такі выбар. <…> Нам было не зразумела, чаму менавіта нас Папа Францішак выбраў, чаму менавіта так усё адбываецца. Але Бог ужо тады хацеў паставіць пробашча парафіі святога Антонія ў Віцебску Алега Буткевіча біскупам Віцебскай дыяцэзіі. І, напэўна, выбраў яго яшчэ раней, калі мама і тата за ручку вадзілі ў касцёл. Але Бог праяўляе сваю мудрасць і адразу не раскрывае ўсе таямніцы. Бо калі б такі маладзенькі хлопчык даведаўся, што Бог ускладзе на яго плечы нясенне крыжа — быць біскупам, кіравання дыяцэзіяй, то напэўна чалавек адказаў: “Пане Божа, не! Я нават у семінарыю не пайду”».

Далей біскуп Юрый засяродзіўся над словамі, якія змешчаны на гербе біскупа Алега — «Няхай споўніцца Твая воля, Пане»  — гэта тыя словы, якія з перспектывы 10 гадоў біскупскай паслугі можна прасачыць у яго служэнні.

“Не толькі з перспектывы 10 гадоў біскупскага служэння, але з перспектывы часу семінарыйнага і святарскага, я магу смела адзначыць, што біскуп Алег Буткевіч – гэта чалавек малітвы, чалавек, які жыве Богам. Не сустракаецца з Хрыстом час ад часу, не сустракаецца з Богам толькі тады, калі прыходзіць у святыню на малітву, калі ёсць аказія, але жыве кожную хвіліну свайго жыцця. Хрыстос у яго жыцці – гэта той з Кім ён ідзе, трымаючыся моцна за руку. Гэта малітва, гэта трыманне, гэты давер Богу — з’яўляецца менавіта тым, што дазваляе біскупу Алегу быць той галінкай, якая прыносіць плод, той плод, які хоча Бог”, — падкрэсліў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі словы віншавання скіраваў біскуп Юрый Касабуцкі ад імя ўсёй канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, старшынёй якой з’яўляецца біскуп Алег, а таксама архімандрыт Сяргей Гаек.

Пацвярджэннем годнага выканання біскупам Алегам Буткевічам абавязкаў ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі, яго глыбокай духоўнай сувязі з вернікамі сталі сардэчныя і шчырыя віншаванні ад святароў, манаскіх супольнасцяў,  супрацоўнікаў курыі і прадстаўнікоў парафій дыяцэзій.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі