«Будзьце добрай прыладай у Божых руках». Такія словы біскуп Юрый Касабуцкі прамовіў на святой Імшы для пілігрымаў, якая распачалася 18 жніўня ў 18 гадзін.
Богаслужэнне распачалося з урачыстага ўваходу ў святыню міністрантаў, святароў і кандыдатаў да бежмавання.
Напачатку ўсіх святароў і пілігрымаў прывітаў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд. Ён паведаміў, што сёлета ў Браслаў прыйшлі тры пешыя пілігрымкі: з Глыбокага, Мёраў і Далёкіх, і дзве роварныя: з Параф’янава і Паставаў. Самай шматлікай была пілігрымка з Глыбокага, якая налічвала 77 пілігрымаў.
Ксёндз Станіслаў выказаў просьбу да біскупа ўзначаліць гэту святую Імшу, падчас якой будзе ўдзелены сакрамант канфірмацыі, або хрысціянскай сталасці некалькі дзясяткам вернікаў.
У сваім слове да вернікаў біскуп Юрый нагадаў ім аб дарах Духа Святога і ўзгадаў тыя часы, калі апосталы збіраліся пасля Унебаўшэсця Хрыста і маліліся. Але яны маліліся за зачыненымі дзвярыма, бо баяліся гневу габрэяў. І вось праз дзесяць дзён пасля Ўнебаўшэсця на іх зышоў Дух Святы, і яны атрымалі дар прамаўляць да людзей, несці ім Божае Слова і не баяцца быць пакаранымі за гэта. Яны змаглі даверыцца Богу, і Ён спаслаў на іх Духа Святога.
Святы Дух неабходны кожнаму чалавеку, каб мы маглі пераадолець нашы слабасці, перамагчы сваё чалавечае я.
“Кожны чалавек павінен быць сведкам Езуса Хрыста, – падкрэсліў іерарх, – кожны па-свойму павінен несці Божае Слова.” Прайшло ўжо амаль дзве тысячы гадоў з таго часу, калі жылі апосталы. І гэтыя дзве тысячы гадоў у розных кутках нашай Зямлі абвяшчалася Божае слова. Але і зараз, у ХХІ стагоддзі, шмат людзей нічога ці амаль нічога не чулі пра Добрую Вестку. Таму наша задача і палягае на тым, каб несці гэту Вестку да людзей, кожны па-свойму і кожны на сваім месцы.
Пілігрымка – гэта дарога да Бога і таксама сведчанне іншым людзям пра сваю веру. Іерарх успомніў свае першыя пілігрымкі, калі яны самі без святароў, бо іх тады не хапала, арганізоўваліся і хадзілі ў пілігрымкі. Яны, гэтыя пілігрымкі, былі школай хрысціянскага жыцця, вучылі хрысціянскай любові, пачуццю ўзаемадапамогі. Таму ўсім нам трэба быць добрым прыкладам для іншых людзей.
Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый пажадаў вернікам быць добрай прыладай у Божых руках.
Пасля казання і вызнання веры біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB удзялілі сакрамант канфірмацыі больш за паўсотні вернікам.
Потым адбылася працэсія з дарамі, дзе іерарху паднеслі запаленую свечку, букет кветак, Біблію, хлеб, гостыю, вінаград, віно і ваду.
Затым вернікі падзякавалі святарам за ўдзелены сакрамант і падаравалі ім кветкі.
Перад блаславеннем да вернікаў і святароў звярнуўся Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч. Ён падзякаваў біскупам Юрыю і Аляксандру за ўдзелены праз іх рукі сакрамант, падзякаваў святарам, асабліва тым, хто прыйшоў у Браслаў пешшу разам з пілігрымамі, і ўсім вернікам, хто прыбыў у гэтыя дні ў Браслаў. Ён заклікаў усіх правесці гэты час з карысцю для сябе і для Бога.
А напрыканцы святой Імшы вернікі атрымалі блаславенне адразу ад трох біскупаў, што прысутнічалі на богаслужэнні. Літургія скончылася, а браслаўскія ўрачыстасці толькі пачаліся.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
для друку