Біскуп Алег Буткевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у Перстуні

8 красавіка ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні (Сапоцкінскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія) адзначалася адпустовая ўрачыстасць, паведамляе grodnensis.by.

На малітве ў гэты дзень сабраліся шматлікія вернікі парафіі, a таксама госці. Святую Імшу ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які наведаў гэтую парафіяльную супольнасць упершыню.

Пробашч парафіі кс. Павел Гедройць ад імя ўсіх, хто ўтварае гэтую невялікую, але вельмі актыўную парафіяльную сям’ю, прывітаў іерарха і папрасіў агарнуць малітвай усіх прысутных, асабліва пажылых і хворых людзей.

У гаміліі біскуп Алег адзначыў, што Звеставанне было і з’яўляецца таямніцай ласкі Бога, які аб’яўляе сябе. Таму, па словах іерарха, “трэба схіліць свае калені перад таямніцай, якую не разумееш”.

Пастыр Касцёла на Віцебшчыне заахвоціў вернікаў з радасцю прымаць Божую волю на ўзор Панны Марыі, іх галоўнай Апякункі. “Нам трэба пагаджацца на тое, што ў нашым штодзённым жыцці прапануе нам Бог”, – сказаў біскуп.

Святкаванне завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол парафіяльнага касцёла, які ў апошні час быццам атрымаў новае жыццё, дзякуючы старанна выкананаму рамонту. Парафіяне выказалі ўдзячнасць біскупу Алегу Буткевічу, які ўзбагаціў сваёй прысутнасцю іх сёлетнюю адпустовую ўрачыстасць.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі