Падзея адбылася ў нядзелю, 29 студзеня.
Трэба адзначыць, што візітацыя пачалася днём раней, калі біскуп сустрэўся з дзецьмі і моладдзю і наведаў шпіталь. Другі дзень візітацыі распачаўся ў дзесяць гадзін раніцы з Імшы ў друйскім касцёле.
Для Бога няма нічога немагчымага
Перад пачаткам богаслужэння ўсе вернікі выйшлі з храма, каб урачыста сустрэць свайго пастыра. Увайшоўшы ў святыню, адбылася малітва за біскупа, якую прачытаў пробашч парафіі ксёндз Сяргей Сурыновіч. Пасля гэтага святар коратка распавёў пра гісторыю друйскай парафіі, якая налічвае ўжо амаль чатыры стагоддзі.
Потым прадстаўнікі парафіі прывіталі іерарха і падаравалі яму карціну з відам касцёла ў Друі. Напачатку Імшы біскуп узгадаў, што парафія ў Друі дарагая яго сэрцу тым, што менавіта тут ён прымаў удзел у рэкалекцыях для будучых святароў. Біскуп адзначыў, што друйскія вернікі маюць не толькі цвёрдасць духа, але і загартаванасць цела, бо ў касцёле было даволі холадна.
У сваім слове да вернікаў ён адзначыў важнасць Божага слова як фундамента ў жыцці. Іерарх узгадаў няпростую гісторыю друйскай парафіі ў ХХ стагоддзі, калі святары пераследаваліся як з боку нямецкіх акупацыйных уладаў, так потым і савецкіх. Дарэчы, апошнія не толькі пераследавалі святароў, але і адабралі ў вернікаў храм у 1948 годзе. Больш за чатыры дзесяцігоддзі ён выкарыстоўваўся то як склад, а то наогул стаяў занядбаны.
Але для Бога няма нічога немагчымага. Часы змяніліся, і ў храме ў Друі зноў гучыць слова Божае. Вядома, шмат яшчэ што тут трэба зрабіць, будынак касцёла патрабуе далейшага рамонту, але з Божай дапамогай усё магчыма. Бо “хрысціянства існуе ўжо дзве тысячы гадоў і за гэты час ніхто не змог яго знішчыць.”
У якасці прыкладу цвёрдасці веры біскуп узгадаў святароў, якія служылі ў свой час у Друі. Гэта і ксяндзы Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, якія дабраахвотна пайшлі на мучаніцкую смерць разам са сваімі вернікамі, і ксёндз Люцыян Паўлік, які патаемна служыў тут у 50-х гадах ХХ стагоддзя, пасля адбыцця тэрміну ў сталінскіх лагерах.
Узгадаў іерарх і бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча, заснавальніка ордэна сясцёр-эўхарыстак. Прадстаўнікі гэтай манаскай супольнасці зараз нясуць службу ў Друі. У гэтым годзе, калі спаўняецца 90 гадоў з дня смерці біскупа Матулевіча, распачаты працэс яго кананізацыі.
“Сёння ўжо не бураць касцёлы, — адзначыў іерарх, — але існуе іншая небяспека, калі чалавек сябе самога лічыць ідалам”. Маўляў, я сам усё магу зрабіць, і Бог у маім жыцці ўжо непатрэбны. Але ўся гісторыя вучыць нас, што гэта не так, і толькі з Богам мы можам дасягнуць шчасця і жыцця вечнага.
Пасля Імшы біскуп сустрэўся з парафіянамі і прадстаўнікі парафіяльнай рады.
Толькі з верай чалавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівым
Далей шлях біскупа ляжаў у Друйск, дзе вернікі яго сустрэлі ў капліцы святога Юзафа. Перад пачаткам Імшы яны распавялі біскупу пра жыццё ў парафіі і паказалі фотаздымкі.
Капліца святога Юзафа з’явілася ў Друйску адносна нядаўна, яна пераробленая са звычайнай вясковай хаты. З гэтай нагоды біскуп узгадаў, што раней храмы перараблялі пад склады, клубы, жылыя дамы, а зараз ідзе адваротны працэс.
Перад пачаткам Імшы біскуп асвяціў абраз святога Юзафа, які стварыла мінская мастачка Таццяна Уласевіч і падаравала мясцовай парафіі.
І хаця ў капліцы было даволі цесна ад таго, што шмат народу сабралася на святую Імшу з удзелам біскупа, але тут было вельмі цёпла. Прычым не толькі цёпла ў самім памяшканні, але цяпло зыходзіла таксама і ад людскіх сэрцаў.
Таму і сваё казанне біскуп пабудаваў у форме дыялога з вернікамі. І хаця яно працягвалася больш за сорак хвілін, нікога гэта не стаміла. Ардынарый звярнуў увагу вернікаў на сэнс жыцця, растлумачыў, з якой мэтай Бог стварыў чалавека.
Матэрыялісты сцвярджаюць, што свет узнік з Вялікага Выбуху, а потым усё ўзнікла ў выніку выпадковасцяў і эвалюцыі. Але гэта не так. У якасці прыкладу біскуп зняў з рукі свой гадзіннік, паказаў яго вернікам і сказаў: “Калі я разбяру яго на часткі, укіну іх у банку, і буду трэсці, то колькі часу спатрэбіцца, каб у выніку выпадковасцяў увесь механізм зноў быў сабраны?”
Для таго, каб сабраць такі механізм, патрэбны разумны майстра. Так і ў стварэнні Сусвету павінна быць напачатку нечая разумная воля.
Біскуп Алег адзначыў, што толькі вера дае чалавеку стрыжань у жыцці. А вялікі ўзровень алкагалізму, наркаманіі, узрастанне выпадкаў самагубстваў якраз і сведчыць аб недахопу веры. Таму толькі з верай чалавек можа быць па-сапраўднаму шчаслівым.
Гістарычны дзень для дзеткаўскай святыні
Пасля абеду, які прыгатавалі вернікі ў Друйску, шлях біскупа ляжаў у Дзеткаўцы. Тут у 90-я гады мінулага стагоддзя на могілках паўстала капліца Маці Божай Вастрабрамскай. І хаця яна з’яўляецца самай аддаленай у друйскай парафіі, кожную нядзелю тут збіраюцца вернікі на малітву.
Візіт біскупа стаў гістарычным для святыні, бо ўпершыню ў яе завітаў ардынарый дыяцэзіі.
Біскуп памаліўся разам з вернікамі за памерлых, распытаў іх пра жыццё.
Касцёл у чыстым полі
З Дзеткаўцаў біскуп Алег разам з ксяндзом Сяргеем накіраваліся ў в. Малькі. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і святой Агаты быў пабудаваны коштам уладальніка фальварка ў Малькаўшчызне Яна Шаўмана ў 1792 годзе. Будынак драўляны, пабудаваны ў класічным стылі. Зараз ён стаіць у полі, сярод вёсак і хутароў, навокал яго няма ніводнага будынку. Некалі запоўнены людзьмі, зараз ён пустуе. Толькі некалькі разоў на год тут адпраўляецца святая Імша.
У святыні захаваўся алтар канца 18 ст., выкананы ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых альбо ляпных барэльефаў.
Мясцовыя памятаюць, як блаславёны айцец Юры Кашыра рыхтаваў тут дзяцей да Першай святой споведзі, як прамаўляліся тут казанні па-беларуску.
На жаль, святыня таксама зведала шмат драматычных старонак. Пасля вайны яна была забраная ад вернікаў і перароблена на склад. У 90-х гадах была адноўленая, але зараз тут амаль не засталося вернікаў. Сустрэлі біскупа ў храме толькі дзве жанчыны-пенсіянеркі. Але ў іх вачах было шмат радасці ад таго, што кіраўнік дыяцэзіі наведаў іх святыню, якая з-за няспраўнага даху ўжо зараз разбураецца. Таму задача каталіцкай супольнасці агульнымі намаганнямі выратаваць унікальны храм ад разбурэння.
Зноў у Друю
Завяршылася візітацыя на могілках у Друі. Год таму тут паўстала капліца Міхала Арханёла. Паўстала яна на месцы знішчанай у гады савецкай улады каталіцкай святыні. Кожную першую суботу месяца збіраюцца тут вернікі на малітву.
Вось і зараз, каб памаліцца разам са сваім пастырам, сюды прыйшло каля паўтара дзясятка чалавек.
Заряршыўся візіт біскупа ўжо пасля заходу сонца. Больш за трыццаць кіламетраў было праехана па друйскай парафіі. Хочацца верыць, што візіт кіраўніка дыяцэзіі стане штуршком для далейшага развіцця парафіі і ўмацавання веры на старажытнай друйскай зямлі.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, відэа
