Каталікі з супольнасці святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, і навяртання святога Паўла, у Друйску ў Браслаўскім райне, атрымалі перад Калядамі новы абраз. Непасрэдна ў парафіі, наведаўшы Друйск, яго стварыла мінская мастачка Таццяна Уласевіч.
У інтэрпрэтацыі мастачкі традыцыйны абраз набыў беларускія рысы праз выкарыстанне народных элементаў, прысутных на заднім фоне. Заслугоўвае ўвагі і рама, адмыслова пад гэты абраз выкананая Алесем і Алесяй Сакаловымі ў класічнай традыцыі аправы беларускага абраза.
“Святы Язэп, кампазіцыйна змешчаны павернутым да Дзіцяці, трымае Хрыста на сваіх руках, прыціскаючы да сябе, нагадвае пра значэнне бацькі і бацькоўства, апекі і засцярогі сям’і, выхавання і клопату, ахоўвання і падтрымкі, імкнення чалавека да Бога і ўзаемаадносінаў з Ім. У тварах святога і Хрыста прачытваюцца пазнавальныя рысы сучаснікаў, каб актуалізаваць імкненні да святасці тых, што праз абраз будуць звяртацца да Бога”, – распавядае пра працу мастачкі кс. Сяргей Сурыновіч з Друі, які апякуецца парафіяй.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!