Беларускі кругасветчык: “Самыя гасцінныя святары – у Замбіі і Новай Гвінеі”

Аляксей у «тлусты» Чацвер падчас мыльна-водных гульняў, Балівія

Два падарожжы вакол свету за апошнія дваццаць гадоў здзейсніў Аляксей Язылец з Мядзела (Мінская вобл.). У вандроўках мужчына праводзіць ад шасці да васьмі месяцаў, а здараецца, і круглы год. У вольны ад падарожжаў час ён працуе гідам у краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

На дадзены момант Аляксей наведаў сто тры краіны. Большасць шляху – гэта аўтаспын, часам – гідраспын і пералёты. Калейдаскоп уражанняў у чалавека неабсяжны: ад назіранняў за сотняй гіганцкіх чарапах на Галапагоскіх выспах, дзе Дарвін адкрыў сваю тэорыю, да ўдзелу ў св. Імшы ў Сірыі на арамейскай – мове, на якой размаўляў Хрыстос.

– Аляксей, падзяліцеся, калі ласка, каторае з усіх падарожжаў узгадваеце як найбольш экзатычнае?

– Такіх вандровак шмат. Напрыклад, у 2019 годзе ў калядны перыяд я адправіўся караблём з выспы Ява на выспу Новая Гвінея. За восем дзён перасёк пяць мораў, акіян. Беларускі пярэдадзень Новага года сустракаў у кабіне капітана – гэта была шостая раніцы мясцовага часу, якраз узыходзіла сонца. Моцна ўразіла само падарожжа па заходняй частцы Папуа Новай Гвінеі. Трапіў у вёску, дзе людзі жывуць практычна першабытным ладам. Жанчыны амаль неапранутыя. Мужчыны носяць толькі катэкі (катэка – своеасаблівы футурал для палавога органа, які традыцыйна носяць мужчыны некаторых этнічных груп у Новай Гвінеі, каб прыкрываць геніталіі – заўв. аўт.). Дарослыя займаюцца збіраннем агародніны і садавіны.

Мяне запрасілі на пачастунак у будыначак з саломы, дзе гаспадар у імгненне вока распаліў вогнішча без запалак і запальнічкі.

На жаль, няведанне мовы – а іх на выспе каля двухсот – перашкодзіла даведацца падрабязна пра мясцовых жыхароў. Затое мне давялося спыніцца ў гасцях у ксяндза – у самым цэнтры Новай Гвінеі (каталікі на выспе складаюць 30 % насельніцтва – заўв. аўт.). На нядзельную св. Імшу сабралася вялікая колькасць людзей – усе яны адмыслова апрануліся, каб прыгожа выглядаць. А пэўны сталы чалавек прыйшоў толькі ў кашулі і …катэцы – гэта рабіла дзіўнае ўражанне… Нягледзячы на значныя адлегласці паміж святыняй і вёскамі, папуасы знаходзяць час, каб прыходзіць у касцёл. Некаторыя пераадольваюць пешшу больш за дзесяць кіламетраў. У нашым заходнім свеце мы часта скардзімся, што нічога не паспяваем, а ў Папуа кажуць: “Вы маеце гадзіннікі, а мы – вольны час”.

– Вам даводзілася пабываць і ў гарачых кропках свету, і ў дзікай прыродзе. Ці здараліся рызыкоўныя сітуацыі, пасля выхаду з якіх Вы можаце сказаць: ”Гэта быў Божы Провід!”?

– На той жа выспе Новая Гвінея мы разам з сёстрамі-францішканкамі вырашылі паплыць лодкай па возеры, каб дасягнуць аддаленых папуаскіх вёсак. Набліжаючыся да селішча, мы ўбачылі, як з берага людзі пагражаюць нам і паказваюць, каб уцякалі адсюль. Калі вярнуліся назад, у горад, то сустрэлі вайскоўцаў, каторыя сказалі, што калі б мы сустрэлі прадстаўнікоў гэтага племені на вадзе, то яны пачалі б страляць у нас з лука. Я таксама атрымаў паведамленне ад сваіх сяброў, што гэтыя папуасы ўзялі іх у палон і хацелі забіць, але войска вызваліла. Аказалася, што племя лічыць бераг святым і не прымае, калі іншаземец знаходзіцца на іх тэрыторыі.

Аляксей на Галапагоскіх выспах побач з гіганцкай чарапахай

– Падчас вандровак Вы ўваходзіце ў цесны кантакт з мясцовымі: назіраеце розныя светапогляды, ідэі, веравызнанні. Ці не ўзнікаюць сумневы адносна Вашых хрысціянскіх перакананняў?

– Калі ўласныя погляды, думкі сфармаваныя, то можна спакойна слухаць меркаванні іншых і пры гэтым заставацца пры сваіх. На маю веру паўплываць складана.

Бог нас вучыць любіць свет, паважаць іншых і сябе. Таму з прадстаўнікамі іншых культур я паводжу сябе належным чынам. Стаўлюся да людзей так, як хацеў бы, каб яны ставіліся да мяне.

– А хто з людзей, з якімі Вам давялося паразмаўляць, уразіў Вас як пэўны духоўны аўтарытэт?

– Мяне прывялі ў захапленне святары ў Замбіі і Новай Гвінеі – самыя гасцінныя ў свеце. Я таксама некалькі разоў ездзіў у Лондан, дзе сустракаўся з а. Аляксандрам Надсанам (беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы – заўв. аўт.). Размовы з айцом запалі мне глыбока. Я захапіўся ягонай нацыянальнай свядомасцю, ахвярнасцю, клопатам пра беларускую спадчыну. Дзякуючы яго намаганням у Лондане паўсталі бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны, адкрытыя для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай. З а. Аляксандрам мы шмат размаўлялі пра гісторыю беларусаў і беларускай эміграцыі. Але больш за ўсё мне запомніліся ягоныя духоўныя настаўленні: “Трэба сумленна выконваць свае абавязкі ў грамадстве. Выкарыстоўваць фізічныя і духоўныя якасці, якімі надзяліў Бог, дзеля дапамогі Беларусі. Выпрабаванні, якія сустракаюцца на шляху, – прымаць, але памятаць, што Госпад вядзе нас па жыцці”.

– Вам давялося трапіць на адкрыццё Святых Дзвярэй у базіліцы св. Пятра ў Ватыкане ў Год Міласэрнасці. 24 снежня Вы ўдзельнічалі ва ўрачыстай св. Імшы ў базіліцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме. Якія яшчэ назіралі важныя для хрысціянскага свету падзеі?

– Толькі дзякуючы Богу трапіў на святочную Літургію ў Бэтлееме, бо праход у храм адбываўся толькі па папярэднім запісе. Безліч людзей з усяго свету!.. Шмат відэакамер – трансляцыя вядзецца на сто краін свету…

Мне ўвогуле падабаецца назіраць, як праходзяць галоўныя каталіцкія святы ў розных рэгіёнах. Напрыклад, у сталіцы Балівіі (Паўднёвая Амерыка) моладзь і дзеці, пачынаючы з “тлустага” чацвера і заканчваючы аўторкам перад Папяльцовай серадой, удзельнічаюць у масавых гульнях з пенай і вадой на плошчы перад базілікай св. Францішка. Пальмавая нядзеля ў гэтай краіне называецца Damingo de Ramos, што ў перакладзе з іспанскай – “Букетная нядзеля”. Вернікі робяць вялізныя букеты з кветак, чапляюць да іх пачастункі і нясуць на асвячэнне ў касцёл. На працягу Вялікага Тыдня вернікі вырушаюць у пілігрымку з Ла Паза ў Капакабану, ідуць 150 км да мясцовага санктуарыя Маці Божай. Аднак больш за ўсё ў Балівіі мяне ўразіла працэсія, каторая адбываецца ў Вялікую Пятніцу. З кожнай парафіі выходзяць людзі і крочаць галоўнай вуліцай горада. Наперадзе нясуць крыж, пасля – драўляную платформу з труной Хрыста і фігурай Марыі. Затым ідуць біскупы і афіцыйныя асобы. Замыкае шэсце аркестр.

Вельмі дзіўную традыцыю бачыў у Перу (Паўднёвая Амерыка). Там існуе меркаванне: калі Хрыстос быў укрыжаваны, то не бачыў, што адбываецца навокал, таму ў Вялікую Пятніцу ў краіне моцна распаўсюджаныя крадзяжы. Калі, напрыклад, у селяніна ў гэты дзень знікне авечка, то ён і звяртацца нікуды не будзе. Зразумела, шчырыя каталікі не вераць у гэта, займацца падобным не будуць. Аднак, як і ў нас, у Перу шмат ахрышчаных, але не вернікаў-практыкаў.

Увогуле Вялікая Пятніца ў некаторых частках свету – дзень больш статусны, чым урачыстасць Уваскрасення, нават выхадны людзям даюць.

– Вы бачыце вельмі шмат неверагодных рэчаў, але амаль імі не дзеліцеся: Вашыя акаўнты ў сацсетках абнаўляюцца надта рэдка. Разам з тым працы Вы прысвячаеце менш часу, чым вандроўкам. Які сэнс Вы надаяце вандроўкам?

– Я шчаслівы ў дарозе. У падарожжах спачатку спалучаў хобі – наведванне футбольных матчаў у розных краінах, і працу – правядзенне экскурсій. Пасля гэта перарасло ў стыль жыцця. Для мяне важна падчас вандровак распавядаць пра Беларусь – займацца асветай. Еўрапейцам гавару пра мову, што мы маем сваю і яна адрозніваецца ад расійскай. Калі застаюся ў кагосьці на начлег, то раблю і частую людзей дранікамі, знаёмлю з беларускай кухняй у цэлым. На афрыканскім кантыненце ці ў Інданэзіі (Азія), дзе зусім мала ведаў пра Беларусь, выступаю ў школах, дзялюся асноўнай інфармацыяй: распавядаю пра дзесяць тысяч азёраў, пра багны – “лёгкія Еўропы” – і буслоў. Апошнія, дарэчы, выбіраюць месца, дзе самае чыстае паветра.

Аляксей у кабіне капітана падчас плавання паміж выспамі Інданэзіі

Ну і, канешне, сэнс вандровак – пазнаваць свет. Шпацыр уздоўж акіяна ці ў гарах – такога не зробіш дома.

– А пазнаць сябе ў гэтых падарожжах атрымліваецца?

– Я пазнаў свае фізічныя магчымасці, некалькі разоў узыходзіў на горы-пяцітысячнікі. З першых вандровак зразумеў, што не такі гасцінны, як, напрыклад, жыхары Сярэдняй Азіі. Выправіўся – пачаў у сябе прымаць больш людзей, сяброў і незнаёмых. Вельмі часта спаў на падлозе, аддаючы лепшае месца гасцям. Пасля стаў заўважаць, што за добрыя справы Бог аддзячвае. Напрыклад, аднойчы мяне запрасілі начаваць у “Мarriott” (міжнародная сетка пяцізоркавых гатэляў – заўв. аўт), а іншым разам – у гатэль-палац, дзе я меў ванную з камінам у адным пакоі.

Збіраю свае ўражанні і назіранні ў дзённік. Спадзяюся, у будучыні атрымаецца кніга.

– Калі казаць пра эстэтычны бок сусвету, якое месца самае прыгожае?

– Аляска! З вышыні адкрываецца від на акіянскі праліў, возера, за ім – яшчэ адно. І горы навокал, а на іх – крыху снегу, а трошкі далей ужо відаць кветкі. Побач ходзіць мядзведзь. Кароткае паўночнае лета…

Ангеліна Марцішэўская

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі