Анёл Панскі: Унебаўзяцце Багародзіцы дае надзею кожнаму

15 жніўня 2026 года Папа Леў XIV падчас малітвы «Анёл Панскі» растлумачыў духоўны сэнс Унебаўзяцця Марыі праз два гістарычныя іканаграфічныя вобразы.

Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі мае вялікае значэнне для каталіцкай тэалогіі і народнай набожнасці. 15 жніўня 2026 года Папа прапанаваў разважыць над гэтай таямніцай веры праз дзве мастацкія мадэлі.

Найбольш старажытны вобраз – гэта Успенне Маці Божай, дзе Уваскрослы Езус трымае Марыю і бярэ яе ў славу Божую. Сваім учынкам Збаўца ажыццяўляе абяцанне прыгатаваць месца верных Яму і ўзяць іх да сябе. Гэтую старажытную мазаіку вернікі сузіраюць у Рыме, у абсідзе Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ.

Створаная на Захадзе пазнейшая іканаграфія паказвае Марыю, акружаную святлом, анёламі і святымі. Гэты вобраз падкрэслівае, што Маці Божая была ўзятая ў неба з душой і целам – ва ўсёй паўнаце сваёй асобы. «Такая жанчына, якая на зямлі дала цела і кроў Уцелаўлёнаму Слову і ішла за Ім аж да дасканалага адзінства ў ахвяры любові, была Ім назаўсёды прыцягнутая ў славу», — заўважыў Папа Леў XIV.

Разважаючы пра Марыю, Касцёл можа ўбачыць і ўласны канчатковы лёс. Паводле Папы, паўната жыцця, якую сёння мы з радасцю сузіраем у Божай Маці, чакае і нас у канцы часоў, калі Хрыстус «пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела» (Філ 3, 21).

«Тады, з нашым целам, перамененым любоўю Адкупіцеля, мы будзем жыць вечна, у бясконцым свяце», — падкрэсліў Папа Леў XIV.

Папа заклікаў уславіць Пана, які ўчыніў вялікія справы ў сваёй і нашай Найсвяцейшай Маці.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку