13 лістапада на святой Імшы а 11-й гадзіне адбылося заканчэнне Святых Місій. Ва ўрачыстай працэссі на мужчынскіх плячах быў занесены і пастаўлены крыж, як сімвал нашага збаўлення і памяці аб Святых Місіях.
Айцы-рэдэмптарысты на заканчэнне Місій горача заахвоцілі вернікаў палымнець жаданнем абвяшчэння Божага Валадарства ў штодзённасці.
Місіі – гэта не проста традыцыйныя рэкалекцыі, Місіі – гэта штосьці значна больш глыбокае, што дазволіла нам паглядзець на сваё жыццё з іншага боку. Гэта абвяшчэнне Божага Валадарства, валадарства прабачэння, любові і спакою, якое абвяшчаў сам Езус.
Місіі ў Браславе – гэта, перадусім, быў час даваць сведчанне. Айцы місіянеры штодзённа на простых жыццёвых прыкладах сведчылі пра тое, што Бог зрабіў у іх уласным жыцці. Расказвалі пра веру, надзею і любоў, якія выплываюць з толькі аднаго рашэння ў жыцці кожнага, што Езус з’яўляецца Панам іх жыцця.
На працягу васьмі дзён вернікі мелі магчымасць адшукаць і пазнаць нанова Бога, адкрыць Яго любоў і распазнаць Яго волю ва ўласным жыцці. Таксама гэта быў час аднаўлення адносінаў з людзьмі, з якімі жывём, працуем, якіх кахаем, а, магчыма, і не ўспрымаем. Сустрэчы для дзяцей, моладзі, сем’яў, пажылых і хворых людзей спрыялі ўсяму гэтаму.
Місіі – гэта час малітвы і святых сакрамантаў: асабліва пакаяння, Эўхарыстыі, а таксама намашчэння хворых. На працягу трох дзён ішла падрыхтоўка да святой Споведзі праз місійныя казанні, пакутнае набажэнства, дзе ксёндз пробашч, лежачы крыжом, перапрашаў за ўсе грахі парафіянаў. Вернікі ж перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце маглі зрабіць своеасаблівы рахунак сумлення. Людзі не хавалаі сваіх слёз, асабліва, калі кс. Станіслаў перапрашаў сваіх парафіян.
Незвычайнай падзеяй стаў Крыжовы шлях па вуліцах горада. Упершыню вернікі маглі такім чынам разам даць сведчанне веры ў Хрыста. Нягледзячы на марознае надвор’е і позні час, вялікая колькасць людзей малітвай, спевам, разважаннямі і папросту сваёй прысутнасцю сведчыла, што Езус – Валадар і Збаўца.
Адмысловым днём стала пятніца — дзень, прысвечаны сям’і. Прыкметным было тое, што шмат мужчын прыйшло ў святыню разам са сваімі жонкамі і дзеткамі, каб аднавіць сужэнскія абяцанні. Хочацца спадзявацца, што гэты дзень застанецца не толькі ў памяці, а адновіць і ўмацуе сем’і нашай парафіі.
Місіянеры імкнуліся данесці кожнаму простыя рэчы, запрашалі нас разважаць разам з імі над любоўю Бога да чалавека, над нашым збаўленнем, верай і навяртаннем, над нашым стаўленнем да іншага чалавека, уменнем прабачаць і заахвочвалі не трымаць зло ў сэрцы…
Каля падножжа Маці Божай Валадаркі азёраў сямейнай атмасферай напаўнялася вечаровае набажэнства – Марыйны заклік, калі вернікі мелі магчымасць скончыць дзень разважаннямі і малітвай у гонар Маці Божай.
Безумоўна, хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць айцам-рэдэмптарыстам, якія на працягу Місій з’ядналіся з парафіяй, а праз сваю малітву і тлумачэнне Божага Слова – наблізілі нас не толькі да Бога, але і да бліжняга.
Хочацца верыць, што Святыя Місіі сапраўды адновяць не толькі аблічча і рэлігійнае жыццё парафіі, але і кожна веруючага чалавека. “Што заспакояць сэрцы парафіян і дапамогуць усвядоміць, што Бог не толькі ведае імя кожнага чалавека, але і моцна яго кахае такім, які ён ёсць: стомленым, змучаным, з рознымі жыццёвымі клопатамі і перажываннямі. Мы толькі павінны аддаць сваё жыццё ў рукі Бога, ахвяраваць сябе Марыі…” – зазначыў айцец Валерый.
Варта падкрэсліць, што час Святых Місій не быў толькі часам эмацыянальнага ўздыму, але, перадусім, духоўнага.
Анжаліка Пілат, тэкст
Ірына Гайдамовіч, фота