Адпустовая ўрачыстасць святога Яна адбылася ў Волме

Волма – маляўнічы аграгарадок у Дзяржынскім раёне. Калісьці ў другой палове XII стагоддзя  жыццё мястэчка ўтварылася каля аднайменнай ракі, а сёння трымаецца дзякуючы «ЭкаТэхнаПарку — Волма». Гэта сучасны інавацыйны цэнтр «зялёнай энергетыкі» і адукацыі.

У самым цэнтры вёскі ўзвялічваецца прыгожы храм. Сёння яго архітэктура сумяшчае адразу два стылі: мадэрн і нэаготыку.

Гісторыя касцёла сягае ў 1474 год, калі была пабудаваная першая святыня. Яе лёс драматычны: драўляны касцёл некалькі разоў перабудоўваўся, станавіўся ахвярай пажару, а ў часы ваяўнічага атэізму быў разбудаваны і страціў першапачатковы выгляд.

Сучасны храм імя Святога Яна Хрысціцеля быў кансэкраваны ў 2004 годзе. Сёння парафія – гэта сапраўдны цэнтр духоўнага жыцця мястэчка. Вось з раніцы 20 чэрвеня 2026 года ў святыню пачалі збірацца мясцовыя вернікі і госці з навакольных вёсак. У парафіі адзначалі ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля.

Імшу апоўдні ўзначаліў біскуп Юры Касабуцкі. Падчас гаміліі іерарх разважаў пра асобу святога Яна Хрысціцеля. Ён прыйшоў да пабожных і праведных людзей, каб падрыхтаваць іх да прыйсця Месіі. Людзі, якія прыходзілі да Яна, добра ведалі тэорыю, але гэтага было мала. Прарок заклікаў да пакаяння і навяртання.

Важным момантам яго жыцця сталі словы: “Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык Яго сандаляў”. Святы Ян добра разумеў, што толькі рыхтуе сцежку Езусу Хрысту.

Сёння мы вучымся ў святога Яна раўняць сцежкі нашага жыцця праз пакаянне, навяртанне і захаванне Божага Закону.

Напрыканцы адбылося набажэнства з літаніяй да святога Яна Хрысціцеля і Эўхарыстычная працэсія вакол святыні.

Пасля гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” біскуп Юры падзякаваў парафінам за цёплую сямейную атмасферу ўрачыстасці. А яшчэ ён заўважыў як прыгожа спявае кожны вернік у храме.

“Захоўвайце і надалей традыцыю супольнага спеву”, – пажадаў на развітанне іерарх.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку