Адпачываючы ці адпачывальнік? Атэль ці гатэль? Скідка ці зніжка? Як лепш сказаць па-беларуску?

З набліжэннем лета людзі традыцыйна маюць водпуск, ці, інакш кажучы, адпачынак. Многія выязджаюць у іншыя краіны (як, дарэчы, можна назваць тых, хто выязджае з мэтай там адпачыць: адпачываючыя? адпачывальнікі?), дзе на пэўны час пасяляюцца ў гасцініцах (атэлях? гатэлях?), часта карыстаюцца пэўнымі прэферэнцыямі (скідкамі? зніжкамі?). У сучасным беларускамоўным дыскурсе мы нярэдка бачым разыходжанні ў выкарыстанні прыведзеных вышэй назоўнікаў. Якія ж словы варта ўжываць найперш з пункту гледжання культуры маўлення? Паспрабуем разабрацца.

“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ, у 5 тамах, 1977-1984) для абазначэння таго, хто недзе адпачывае, падае толькі дзеепрыметнік адпачываючы ў значэнні назоўніка (Т.1, с.165). Але падобныя ўтварэнні неўласцівыя сучаснай беларускай мове, яны ўжываліся ў савецкі час і з’яўляюцца вынікам русіфікацыі беларускай лексікі. На пачатку ХХІ стагоддзя ў нашай мове трывала замацаваўся з гэтым значэннем назоўнік адпачывальнік, утвораны паводле прадуктыўнай мадэлі (параўнаем: настаўнік, будаўнік, кіраўнік, пісьменнік і г.д.). Айчынны друк рэгулярна выкарыстоўвае згаданую лексему: Адпачывальнікі са здраўніц “выпаўзаюць” у гадзін 10-11 (Звязда, 12.05.12); У параўнанні з мінулым летам колькасць адпачывальнікаў у Еўпаторыі знізілася амаль у чатыры разы (Народная воля, 19.09.14); Адпачывальнікі ўбачылі ў дзеяннях міліцыянераў парушэнне сваіх правоў… (Звязда, 10.01.17). Фіксуе гэты апелятыў і акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (2012, с. 56). Такім чынам, той, хто адпачывае, – гэта адпачывальнік, а не адпачываючы.

Адпачывальнікі загадзя клапоцяцца пра гасцініцу, або, іншымі словамі, пра гатэль. Менавіта гатэль, а не атэль. Слова гатэль прыйшло з французскай мовы: фр. hotel ад лацінскага hospitale – “прытулак”. Выдатны знаўца беларускай лексікі прафесар Павел Сцяцко заўважае, што ў нашай мове замацавалася форма гатэль “як вынік транслітарацыі пазычанага слова: hotel → гатэль” (Павел Сцяцко. Культура мовы. – Мінск, 2002. – с.211). І, што вельмі важна, форма з прыстаўным гукам пераважае ў штодзённай моўнай практыцы: Рака звалася на той час у грэкаў Эрыданам і ў памяць аб ёй назвалі ў Віцебску лепшы гатэль (Віцебскі кур’ер, 28.10.10); У элітным гатэлі прадугледжаныя 35 нумароў для гасцей… (Наша ніва, 22.06.11); Бутык-гатэль “ARTIS” (Наша ніва, 28.01.15); Першы гатэль з персаналам з робатаў адкрыецца ў Японіі (Звязда, 7.02.15). Адзначым таксама і рэгулярнае выкарыстанне памяншальна-ласкальнай формы назоўніка і ўтворанага на яго аснове прыметніка: Тут з тузін гатэлікаў і гасцявых дамоў (Наша ніва, 15.06.11); Прыемна тое, што сціплая сядзіба “Родны кут” перамагла сотні наварочаных гатэльчыкаў з мэталадахоўкаю і джакузі (Вольнае Глыбокае, 16.06.11); Тут будзе гатэльна-турыстычны комплекс (Наша ніва, 31.08.11); Перадзел гатэльнага бізнэсу (Наша ніва, 18.01.12).

Адпачывальнікі, замаўляючы месца ў гатэлі, спадзяюцца атрымаць нейкія зніжкі. Менавіта зніжкі, а не скідкі. Матывацыя назоўніка надзвычай празрыстая і асацыюецца з дзеясловам зніжаць. Назоўнік зніжка рэгулярна выкарыстоўваецца і ў вусным маўленні, і ў пісьмовай практыцы: Сацыяльныя зніжкі жыхарам Віцебска (Звязда, 12.10.10); У “Экамедсервісе”, калі прыйсці ўсёй сям’ёй, можна атрымаць зніжку (Наша ніва, 17.11.10); Зніжкам кожны рады. Асабліва на Каляды (Звязда, 30.11.11); Напярэдадні дзесяць мясцовых бізнэсоўцаў абвясцілі акцыю – той, хто будзе мець квіток з імпрэзы, атрымае зніжку на іх тавары і паслугі (Наша слова, 7.12.11); Камароўка – тэрыторыя зніжак (Звязда, 9.11.16). Як бачна, розныя выданні актыўна ўжываюць назоўнік зніжка на сваіх старонках. Гэтае слова даўно ўжо стала фактам літаратурнай мовы.

Такім чынам, распавядаючы сваім сябрам ці знаёмым пра планы на адпачынак, мы можам пабудаваць прыгожую беларускую фразу: Усе адпачывальнікі загадзя замовілі месцы ў гатэлі і атрымалі добрыя зніжкі. Гэта насамрэч гучыць шляхетна, густоўна і выдатна адлюстроўвае ўсю прыгажосць нашай мілагучнай мовы.

Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі