16 сакавіка 2022 года, у другой палове дня, Папа Францішак меў размову з Патрыярхам Кірылам. Яна была сканцэнтравана вакол тэмы вайны ва Украіне.
Пантыфіка і Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы суправаджалі адпаведна кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату.
Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў, што цэнтральнай тэмай віртуальнай сустрэчы стала “вайна ва Украіне і роля хрысціян і іх пастыраў у тым, каб зрабіць усё для таго, каб панаваў мір”.
Пантыфік пагадзіўся з Патрыярхам, што “Царква павінна карыстацца не мовай палітыкі, а мовай Езуса». “Мы з’яўляемся пастырамі таго ж Святога Народа, які верыць у Бога, у Найсвяцейшую Тройцу, у Святую Багародзіцу, таму мы павінны аб’яднацца ў намаганні дапамагчы ў рэалізацыі міру, дапамагчы тым, хто пакутуе, павінны шукаць шляхі міру і спынення агню”, — адзначыў Папа Францішак.
Суразмоўцы падкрэслілі «выключную важнасць бягучага перамоўнага працэсу”, паколькі, як падкрэсліў Пантыфік, самую вялікую цану на гэтай вайне плацяць салдаты і людзі, якія гінуць пад бамбёжкамі.
“Як пастыры, мы абавязаны заставацца побач і дапамагаць усім людзям, якія пакутуюць ад вайны. Калісьці ў нашых Касцёлах таксама гаварылі аб святой ці справядлівай вайне. Сёння мы не можам так казаць. Развіваецца хрысціянскае ўсведамленне важнасці міру”, — працягнуў Святы Айцец.
Папа Францішак і Патрыярх Кірыл пагадзіліся з тым, што “Цэрквы пакліканы спрыяць умацаванню міру і справядлівасці”. Пантыфік заключыў: “Войны заўсёды несправядлівыя. Бо той, хто плаціць, – гэта народ Божы. Нашыя душы не могуць не плакаць бачачы дзяцей, забітых жанчын, усіх ахвяр вайны. Вайна ніколі не можа быць шляхам. Дух, які нас яднае, просіць нас, як пастыраў, дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад вайны”.
Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку