Па ўсім свеце ў месяцы, асаблівым чынам прысвечаным Найсвяцейшай Панне Марыі, святкуецца Дзень маці. У Іспаніі і Партугаліі ён прыпадае на першую нядзелю мая. У другую нядзелю яго адзначаюць у Германіі, Аўстрыі, Венгрыі, Грэцыі. Завяршаюць майскія святкаванні Дня маці ў апошнюю нядзелю месяца ў Францыі.
Аб ролі жанчыны і яе месцы ў свеце размаўляем з кс. Віталіем Цыбульскім, пробашчам парафіі св. Казіміра ва Уселюбе (дэканат Навагрудак). У 2019 годзе ў мясцовым касцёле была асвечана фігура Маці Божай Новага Жыцця. Скульптура, якая паказвае Багародзіцу ў бласлаўлёным стане, з’яўляецца адзінай такой у Беларусі. З усіх куткоў краіны сюды прыязджаюць вернікі, каб выпрасіць у Бога на малітве дар мацярынства.
– Кс. Віталій, аднойчы ў Вас у парафіі праходзілі рэкалекцыі на тэму “Жаночасць – Божы дызайн”. Хочацца пачуць меркаванне Касцёла наконт таго, якой Бог задумаў жанчыну? Якімі асаблівымі якасцямі яе надзяліў?
– У першым раздзеле Бібліі гаворыцца, што жанчыны, як і мужчыны, створаны па вобразе Божым. Але з самага пачатку паміж імі ўстаноўлена адрозненне, у кожнага з іх – сваё прызначэнне. Так, Еву Гасподзь стварыў быць памагатай Адаму, сказаўшы, што нядобра быць чалавеку аднаму і што патрэбен “памочнік, адпаведны яму” (параўн. Быц 2, 18). Гэта не азначае, што жанчына ў саюзе знаходзіцца на другарадных ролях – мужчына і жанчына менавіта ўдваіх знаходзяць паўнату, дасягаючы гармоніі.
Жанчына падтрымлівае, клапоціцца, суцяшае… Яна можа быць надзейным сябрам, дарадцам. Жанчына нясе шчасце, любоў, разуменне. Яе пацалунак і абдымкі здольны вылечыць разбітае сэрца.
Жанчына сапраўды цудоўнае тварэнне Бога! У ёй ёсць сіла, якая здольна здзівіць нават мужчыну. Яна зладзіцца з усякай бядой, вынясе любыя нягоды. Яна ўсміхаецца, калі хочацца крычаць. Спявае, калі хочацца плакаць. Змагаецца за тое, у што верыць. Паўстае супраць несправядлівасці. І заўсёды знаходзіць сілы, каб працягваць жыць.
– Які сёння жанчына мае ўплыў? Якая роля ёй адведзена ў свеце?
– Жанчына валодае здольнасцю заўважаць і шанаваць прыгажосць, рабіць гэты свет лепшым. Пры яе ўдзеле хаос пераўтвараецца ў парадак, бруднае – у чыстае, пустое – у напоўненае.
Разам з тым, кожная жанчына надзелена непаўторнай прыгажосцю: як знешняй, так і ўнутранай. Яна нібы запрашае спазнаць, які вялікі Гасподзь. Вобразам ідэальнай жанчыны з’яўляецца Найсвяцейшая Панны Марыя, маці Езуса Хрыста.
Праз жанчыну Бог праяўляе сябе ў свеце. “Усё будзе добра”! Вось пасланне, якое ад яе зыходзіць у стане ласкі.
І, канешне, галоўнае прызначэнне жанчыны – рыхтаваць людзей да Бога. Наша агульная мэта – гэта збаўленне.
– Дар мацярынства закладзены ў прыроду кожнай жанчыны ці гэта заданне для выключных, выбраных жанчын? Сучасныя рэаліі такія, што далёка не ўсе могуць нарадзіць дзіця, не ўсе гатовыя да гэтага… Стаць маці – абавязковы пункт у жыцці жанчыны?
– У Бібліі нідзе не гаворыцца аб тым, што кожная жанчына павінна стаць маці. Але там знаходзім, што кожная жанчына бласлаўлёная на мацярынства.
– Калі так стаецца па жыцці, што жанчына не рэалізоўвае сваё пакліканне як маці, то ў чым тады яе місія? Жаноцкая.
– Так, не ўсе жанчыны здольныя фізічна быць маці, не ўсе пакліканы да гэтага. Але ўсе жанчыны пакліканы стаць духоўнымі маці і атуліць сваім клопатам патрабуючых. Напрыклад, хрысціянка, якая працуе настаўніцай, можа маліцца за сваіх вучняў і паказваць ім жывы прыклад любові і справядлівасці. Або ўспомнім св. Маці Тэрэзу. Яна не мела сям’і ў звычайным разуменні гэтага слова, аднак заўсёды знаходзіла тых, каму магла дапамагчы, тых, каму была патрэбна.
Часам адзінокія жанчыны шукаюць сябе ў падтрымцы шматдзетных маці, самотных і хворых асоб… Падобныя праявы жаночага клопату абдымаюць гэты свет рукамі мацярынскай любові, у якой ён так мае патрэбу.
– Пакліканне жанчыны – гэта заўсёды служэнне?
– У служэнні раскрываецца прыгажосць жанчыны. У Святым Пісанні знаходзім шмат прыкладаў прыгожых жанчын. Гэта і Сара, верная спадарожніца Абрагама, якая падзяліла з ім безумоўную веру і вандраванні; і Рэбекка, якая падалася ў чужую краіну, каб быць падтрымкай Ісааку; і Рут, якая пасля смерці мужа пасялілася са свякроўю, бо ў той нікога ўжо не засталося з блізкіх… Гэта ўсё пра самаахвярнасць і міласэрнасць, якія паказваюць сапраўдную прыгажосць жаночага сэрца. Побач з ім сэрцы іншых людзей ажываюць, ацаляюцца, спазнаюць самаго Творцу…
Пакліканне жанчыны – свяціць гэтаму свету сваёй прыгажосцю, несучы Божае пасланне любові нават без слоў. Жанчына створана для славы! Але не для чалавечай славы, а для Божай.
“Пакліканне жанчыны – свяціць гэтаму свету сваёй прыгажосцю, несучы Божае пасланне любові нават без слоў”.
– У вядомай прыказцы гаворыцца: “Рука, якая трымае калыску, кіруе светам”…
– І сапраўды! Гэтыя словы падкрэсліваюць наймацнейшы ўплыў жанчын-маці на сучаснае пакаленне. Мы маглі б заваяваць свет для Хрыста, калі б з самага ранняга дзяцінства вучылі ўсіх дзяцей жыць па запаведзях Божых.
– Сёння многія ставяцца да бацькоўства з асаблівай сур’ёзнасцю і адказнасцю. З гэтым звязана шмат страхаў, няўпэўненасць, сумненні адносна таго, “ці спраўлюся”, “ці хопіць мяне”. Грамадства выстаўляе планку за планкай, крытэрыі, якім неабходна адпавядаць. На што – галоўнае – трэба настройвацца ў мацярынстве? І якая роля бацькі ў гэтай справе, якая, насамрэч, для абодвух?
– Можа здавацца, што каб быць маці, патрэбны нейкія спецыяльныя навыкі. Аднак гэтае веданне ў крыві, яно перадаецца з памяццю пакаленняў. У Бібліі мы знаходзім грэцкае слова phileoteknos, якое азначае асаблівае пачуццё матчынай любові. Яго сэнс заключаецца ў аказанні падтрымкі дзецям, клопаце пра іх, выхаванні, задавальненні іх патрэб, дапамозе.
Вельмі важную ролю адыгрывае ў сям’і бацька. Ён з’яўляецца прыкладам любові да жонкі, маці сваіх дзяцей, прыкладам сумленнасці, вернасці, мужнасці, мэтанакіраванасці. Аднак на мужоў і бацькаў ускладзена як вялікая адказнасць, так і прывілей. Імкнучыся да Бога і ідучы за Ім, яны служаць сваім сем’ям і аддаюць гонар імені Хрыста.
– Як Касцёл сёння глядзіць на тое, што бацькоўства плануюць? Гэта нармальны, разумны разлік або чалавек тут нібы ідзе насуперак Божаму плану? Як гэта можна патлумачыць з пункту гледжання Провіду?
– Трэба шукаць залатую сярэдзіну. Канешне, тое, што людзі зараз, магчыма, больш свядомыя, больш адказна падыходзяць да будучыні, гэта добра. Аднак без фанатызма! На ўсё патрэбна Божая воля. Неабходна разумець, што бласлаўлёнае сужэнства павінна быць адкрытае на дар патомства. На гэта сужэнцы пагаджаюцца падчас удзялення сакраманту.
Вядома, Касцёл не прымушае да нараджэння дзяцей, але… запрашае! Дзеці – гэта працяг, дзеля чаго Бог і задумаў саюз мужчыны і жанчыны: праз іх перадаваць далей жыццё. Дзеці – гэта плён сужэнскай любові, гэта Божы дар.
Яшчэ хачу дадаць, што жыццёвае падарожжа, у якое нас бярэ Бог, з’яўляецца надзвычайным, непасціжным. І разуменне простага чалавечага шчасця часам можа не супадаць з тым, што аб гэтым думае Бог. Тут неабходны поўны давер Стварыцелю. Ён, канешне, ведае лепш.
– Часта можна пачуць пра Божае Айцоўства і мацярынства Касцёла. У якім вобразе Касцёл выступае як Маці?
– У Пасланні да Галатаў Касцёл называецца “маці” (Гал 4, 26), г. зн. маці ўсіх вернікаў. Існуе таксама апісанне Касцёла як “Жонкі Ягняці” ў Апакаліпсісе св. Яна (Адкр 19, 7).
Вельмі часта да мацярынства Касцёла сёння звяртаецца Папа Францішак. У сваіх пропаведзях Святы Айцец гаворыць, што яно павінна выражацца ў пакоры, дабрыні, прыняцці, прабачэнні, пяшчоце. І калі пазбавіць гэтага Касцёл, ён стане “строгай асацыяцыяй без чалавечага цяпла, сіратлівай”.
– Напэўна, у сучасным непрадказальным свеце асабліва моцна хочацца да мамы на рукі, каб адчуць супакой і цяпло…
– Касцёл прымае ўсіх: і добрых, і злых, і веруючых, і няверуючых… Яго сэрца, як маці, напоўнена бязмежнай любоўю. Па прыкладзе Касцёла ў духу мацярынства мы павінны вучыцца прымаць, прабачаць, давяраць. Будучы моцнымі ў веры, нам лягчэй супрацьстаяць жыццёвым цяжкасцям і выпрабаванням лёсу.
grodnensis.by, Ангеліна Пакачайла, «Слова Жыцця»
для друку