Даваць сведчанне жыцця ў прастаце, радасці і адзінстве, не баяцца адказаць на Божае пакліканне і рабіць свой унёсак у аднаўленне Касцёла заклікаў Папа ўдзельнікаў францішканскай сустрэчы моладзі ў Асізі.
6 жніўня 2026 года Папа Леў XIV прыбыў на радзіму святога Францішка, дзе на сустрэчы “GO! Franciscan Youth Meeting” сабраліся больш за дзве тысячы юнакоў і дзяўчат з розных краін Еўропы. Першым пунктам візіту стаў дыялог з моладдзю на плошчы перад базілікай Маці Божай Анёльскай, падчас якога Папа адказаў на тры пытанні маладых людзей.
Першае пытанне задала дзяўчына з францішканскай парафіі ў Харватыі. Яна спыталася, як заставацца сапраўднымі вучнямі Хрыста і несці надзею сваім аднагодкам, не губляючы радасці Евангелля, прастаты сэрца і той блізкасці да людзей, якая робіць кожнае хрысціянскае сведчанне пераканаўчым.
Папа Леў XIV заклікаў маладых людзей заставацца вернымі духу святога Францішка, жывучы Евангеллем праз прастату, братэрства, блізкасць да людзей і служэнне іншым. Ён падкрэсліў, што ў свеце, дзе ўсё часцей узнікаюць падзелы, а рэлігію часам выкарыстоўваюць для супрацьстаяння, хрысціяне павінны быць міратворцамі, будаваць прымірэнне і не паддавацца культуры сілы.
Святы Айцец таксама адзначыў, што сапраўднае сведчанне веры нараджаецца ў жывой супольнасці, дзе людзі разам моляцца, разважаюць пра Бога і падтрымліваюць адно аднаго. Паводле яго слоў, прыклад святога Францішка вучыць, што радасць Евангелля, пакора і адкрытасць да іншых маюць больш пераканаўчую сілу, чым словы, і менавіта такая радасць становіцца найбольш дзейсным спосабам абвяшчэння Хрыста.
Другое пытанне Святому Айцу задаў юнак з Італіі. Ён спытаўся, як без страху і ваганняў адказаць на Божае пакліканне. Папа Леў XIV адказаў, што сёння многім маладым людзям цяжка прымаць рашэнні на ўсё жыццё, бо сучасная культура вучыць нас, што ўсё можна змяніць і нічога не павінна быць канчатковым. Аднак сапраўдная свабода заключаецца не ў тым, каб заўсёды мець магчымасць адступіць, а ў здольнасці з любоўю і даверам зрабіць выбар і быць яму верным. Адважнае “так” Богу не абмяжоўвае чалавека, а адкрывае шлях да паўнаты жыцця, — сказаў Пантыфік.
Папа таксама падкрэсліў, што кожнае пакліканне – гэта шлях, на якім Бог суправаджае чалавека. Ён прызнаўся, што Бог ніколі не пакідаў яго аднаго, а заўсёды пасылаў людзей, якія дапамагалі яму ісці наперад.
“Прымаючы ўнікальную Божую задуму адносна кожнага з нас, мы адкрываем, што галоўнае пакліканне, запісанае ў сэрцы чалавека – гэта пакліканне да еднасці. Яно гучыць не адзін раз, а кожны дзень. Грэх зацямняе гэтае разуменне, нараджаючы недавер, суперніцтва і падазронасць. Але, дзякуй Богу, кожнае пакліканне становіцца таксама шляхам адкуплення і аздараўлення. Заклік Езуса ісці за Ім адкрывае нам нашу годнасць і вучыць шанаваць годнасць іншых, давяраць і быць вартымі даверу. Гэтая свабода настолькі вялікая, што вартая ўсёй нашай адданасці”, — сцвердзіў Папа Леў XIV.
Яшчэ адно пытанне Папу задаў юнак з Сіцыліі. Ён спытаўся, як захоўваць любоў да Касцёла, калі бачым яго супярэчнасці і ўнутраныя крызісы. Пантыфік адзначыў, што з-за чалавечых слабасцяў і памылак многія людзі могуць быць параненыя або расчараваныя Касцёлам. Але сапраўдны Касцёл – гэта не толькі яго праблемы, а супольнасць, у якой людзі вучацца быць братамі і сёстрамі, пераадольваючы падзелы і няроўнасць.
Папа Леў XIV нагадаў прыклад святога Францішка, які не асуджаў Касцёл, а імкнуўся яго аднавіць праз служэнне, пакору і любоў: не панаваў, а служыў; не захопліваў, а прымаў; не назапашваў, а раздаваў.
Спаслаўшыся на словы “Ідзі і адбудуй дом Мой”, якія пачуў Асізскі Бядняк, Пантыфік падкрэсліў, што “кожны з нас мае сваю ролю ў гэтай пастаянна адкрытай будоўлі”. “Мы маем розную адказнасць і пакліканні, але ідзём разам, натхняючы, падтрымліваючы і выпраўляючы адзін аднаго. Важна зрабіць сваю частку”, — сказаў Папа, заклікаючы моладзь не імкнуцца паказваць сябе лепшымі, чым мы ёсць, а дазволіць Уваскросламу Хрысту дзейнічаць у нашым жыцці і ў гісторыі кожнага з нас.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!