25 гадоў добрага зерня: парафія бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча ў Ветрыне адзначыла срэбны юбілей

Ва ўрачыстай святой Імшы 18 ліпеня парафіяне і госці дзякавалі Богу за чвэрць стагоддзя існавання парафіяльнай супольнасці ў гарадскім пасёлку Ветрына. Святую Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Ветрына — гарадскі пасёлак у Полацкім раёне, за 23 кіламетры ад Полацка. З сярэдзіны XVI ст. гэта мястэчка знаходзілася ў Полацкім ваяводстве. Менавіта тут, у невялічкай супольнасці, 21 чэрвеня 2001 года была зарэгістраваная парафія пад тытулам бласлаўлёнага Юрыя Матулевіча. А 18 ліпеня 2026 года гэтая парафія святкавала свой 25-гадовы юбілей.

Пачатак быў больш чым сціплым. Як узгадаў на пачатку ўрачыстай Імшы цяперашні пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Рацько, «на першую Імшу сабралася толькі сем чалавек». Першым пробашчам, які служыў тут да жніўня 2002 года, быў ксёндз Вячаслаў Барок. Арганізацыя парафіі легла на яго плечы. Гэтую справу працягнуў ксёндз Міхал Станчук з Седлецкай дыяцэзіі (Польшча), які быў пробашчам парафіі ў 2002–2004 гадах. Дзякуючы яму ў парафіі з’явілася капліца, пераробленая з былой мясцовай кнігарні. 11 ліпеня 2004 года святыню ўрачыста кансэкраваў біскуп Збігнеў Кернікоўскі з Седліцаў.

Праз гады парафія вырасла, зрабіла прыгожы касцёльны пляц, які з’яўляецца самым прывабным месцам у гарпасёлку. А сёння, у дзень юбілею, касцёл быў поўны. На ўрачыстую Імшу сабраліся святары, якія ў розныя гады служылі ў гэтай парафіі і госці-суседзі: генеральны вікарый ксёндз-прэлат Францішак Кісель, канцлер дыяцэзіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч, дэкан Глыбоцкі ксёндз-канонік Мікалай Ціхановіч, ксёндз-канонік Эдвард Нарадоўскі з Задарожжа, ксёндз Вячаслаў Адамовіч з Ідолты і ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Верхнядзвінска.

Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў, што «ласка Духа Святога не вяртаецца да Бога бясплённай». Ён нагадаў словы ксяндза Дзмітрыя пра сем чалавек, якія стаялі ля вытокаў, і заклікаў быць удзячнымі: «Заўсёды хацелася б болей, але павінны быць удзячнымі Пану Богу за тое, што маем. І гэта Ягоная воля і Ягоны план адносна кожнага з нас, адносна кожнай парафіі, дзе, калі і якім чынам гэты ўзрост Божага зерня будзе мець месца».

Адметным момантам свята стаў падарунак ад былога пробашча. Ксёндз Віктар Місевіч, які быў адміністратарам парафіі ў 2005–2007 гадах, падараваў супольнасці арнат з выявай Сэрца Езуса. У сваім звароце ён узгадаў свае першыя пастырскія крокі, якія рабіў менавіта ў гэтай парафіі, і падзякаваў парафіянам за шчырасць, падтрымку і сапраўды сямейную атмасферу.

Пасля Імшы святкаванне працягнулася на парафіяльным двары, дзе быў арганізаваны пачастунак для ўсіх прысутных. Атмасферу свята падтрымалі мясцовыя артысты з Ломашаў і Празарокаў, якія падарылі гасцям невялічкі канцэрт.

Гэты юбілей стаў не толькі нагодай падзякаваць Богу за мінулыя 25 гадоў, але і момантам, каб з упэўненасцю глядзець у будучыню. Бо з малога зерня, пасеянага калісьці, вырасла жывая супольнасць, якая працягвае сведчыць аб веры ў сэрцы Віцебшчыны.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку