Гісторыя амаль трох дзесяцігоддзяў пантыфікату Яна Паўла II, у тым ліку яго 104 апостальскія падарожжы і 146 пастырскіх візітаў, была захавана ў 4,7 мільёнах фатаграфій. Гэтая выключная візуальная спадчына нарэшце будзе алічбаваная, каб падзяліцца ёю са светам!
У сувязі з 50-годдзем абрання святога Яна Паўла II у 2028 годзе запускаецца праект па алічбоўцы яго фотаархіва. Гэта ініцыятыва Дыкастэрыі па камунікацыях, і мэта праекта — захаваць і распаўсюдзіць незвычайную спадчыну з амаль 5 мільёнаў фотаздымкаў, якія дакументуюць і ўносяць свой уклад у гісторыю эпохі гэтага вялікага Папы.
Дыкастэрыя па камунікацыях вырашыла пачаць комплексны працэс захавання і распаўсюджвання каштоўнага фотаархіва. Праект, прадстаўлены 8 ліпеня ў зале Марконі ў штаб-кватэры Дыкастэрыі, з’яўляецца часткай значна больш шырокай праграмы, якая рэалізуецца Дырэкцыяй па тэхналогіях.
Над праектам алічбоўкі фатаграфіі пантыфікату Яна Паўла II будуць працаваць Франчэска Сфорца — фатограф і куратар, які прысвяціў сваё сэрца, позірк і аб’ектыў камеры служэнню Папам ад Паўла VI да Льва XIV, — а таксама лабараторыя па захаванні фільмаў «L’Immagine Ritrovata» на «Filmotec» у Балонні, якая адказвае за навуковую каардынацыю і рэстаўрацыйныя работы пашкоджаных матэрыялаў і кампанія Bucap, якая прадстаўляе тэхналогію алічбоўкі.
Партрэт трох дзесяцігоддзяў
Мэта праекта — падзяліцца са светам фатаграфічнымі запісамі 27 гадоў пантыфікату Яна Паўла II. Сярод іншага, гэта 104 апостальскія падарожжы і 146 пастырскіх візітаў. Архіў змяшчае больш за 4,7 мільёна фотаздымкаў, якія дакументуюць пантыфікат выключнай інтэнсіўнасці і міжнароднага маштабу. Гэтыя лічбы таксама сведчаць пра цэнтральную ролю, якую выявы адыгрывалі падчас служэння Папы-паляка.
Першая фотастудыя
Самыя старыя фотаздымкі ў гэтай калекцыі датуюцца 1977 годам. У той час, каб задаволіць патрэбы штодзённай газеты «L’Osservatore Romano», арганізавалі часовую фотастудыю ў двух невялікіх памяшканнях, адно з якіх знаходзілася пад лесвіцай. З гадамі быў створаны архіў, які сёння — дзякуючы мільёнам фатаграфій — распавядае гісторыю аднаго з найважнейшых перыядаў у гісторыі Касцёла.
Захаваць і падзяліцца
Праграма ахоплівае складаны працэс — ад алічбоўкі фотанегатываў, праз рэдакцыйны адбор, да рэарганізацыі, адпаведнай абароны арыгінальных матэрыялаў і іх кансервацыі, дзе гэта неабходна. Вынікам будзе лічбавы архіў, які будзе захоўваць і распаўсюджваць візуальную спадчыну, робячы яе даступнай для ўсіх.
У эпоху глыбокіх тэхналагічных пераўтварэнняў праект мае таксама сімвалічнае вымярэнне. Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыях Паола Руфіні падкрэсліў, што гэтая ініцыятыва з’яўляецца сведчаннем пераходу ад аналагавага да лічбавага свету — рэальнасці, у якой «памяць без вобразаў рызыкуе паступова знікнуць».
Руфіні таксама падкрэсліў важнасць захавання спадчыны тых, хто быў да нас, бо менавіта праз позірк у мінулае будуецца будучыня. У той жа час ён адзначыў, што тэхналогіі ніколі не павінны быць аддзелены ад чалавечага запалу і інтэлекту, асабліва калі гаворка ідзе пра фатаздымкі і выявы. Важна, каб нашы дамы і ўвесь наш вопыт былі інтэграваныя, каб мы маглі распазнаць прыгажосць, якая нараджаецца з таго, што мы ідзём у нагу з часам, падсумаваў прэфект.
stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!