На працягу амаль 150 гадоў цыстэрцыянскія манахіні з абацтва Боневаль, размешчанага ў самым цэнтры дэпартамента Аверон, культывуюць унікальную для Францыі традыцыю: вытворчасць шакаладу ад пачатку да канца. Будучы адзінымі французскімі законнымі сёстрамі, якія авалодалі гэтым поўным працэсам, яны вырабляюць дзве тоны шакаладу штогод, застаючыся вернымі спадчыне сваіх папярэднікаў і бенедыктынскаму прынцыпу «ora et labora».
«З таго часу, як я ў Боневалі, я ніколі не ела столькі шакаладу!» — смяецца сястра Анастасія. Цыстэрцыянскія сёстры штодня працуюць кандытарамі. Усё пачалося ў 1875 годзе, калі абацтва было зноў адкрыта пасля рэвалюцыі дзесяццю законнымі сёстрамі. Правіла святога Бенедыкта і яго «oration et labora» (ці ora et labora) фарміравалі жыццё законніц. Сёстры шукалі спосаб зарабіць на жыццё і чэрпалі натхненне ў абацтве Эгебель, якое ў той час ужо вырабляла шакалад. Гэтая дзейнасць афіцыйна пачалася ў 1878 годзе, што дазволіла ім заставацца ў кляштары, вернымі сваёй місіі.
Шакаладная фабрыка ў самым сэрцы абацтва
Цікава, што сёстры самі закупляюць сыравіну і вырабляюць шакалад. Яны — адзіныя французскія законніцы, якія робяць гэта нават сёння. Гэты працэс патрабуе мноства машын: «У нас у абацтве ёсць сапраўдная шакаладная фабрыка. Гэта невялікі вытворчы цэх!» — тлумачыць сястра Бернадэт. Спачатку сёстры працавалі вельмі рамесна і выраблялі вельмі мала. Сёння ўсё механізавана, у тым ліку ўпакоўка, якая займае шмат часу. Два кандытары працуюць з сёстрамі, каб забяспечыць бесперабойную вытворчасць.
Супольнасць з дваццаці трох цыстэрцыянскіх законніц з Боневаля, якія паходзяць з Францыі, Польшчы і Габона, прапануе каля пятнаццаці розных відаў шакаладных плітак, якія можна набыць у краме абацтва, на іх сайце або ў рамесных крамах кляштара. Нядаўна гэты асартымент быў пашыраны дзякуючы імпарту какавы з Перу, Сан-Тамэ, Мадагаскара і Эквадора.
«Большасць зерняў паступае з Ганы і Кот-д’Івуара», — падкрэслівае сястра Бернадэта. «Мы купляем цукар у Францыі, і ў залежнасці ад рэцэпту дадаем малако або фундук». Аднак прадукт, якім абацтва славіцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з’яўляецца malakoff. Гэтая плітка з праліне працягвае радаваць наведвальнікаў Боневаля. Гэта старадаўні рэцэпт, які ўдасканальваўся дзесяцігоддзямі, сакрэт якога вядомы толькі сёстрам.
Трэці флагманскі прадукт: маленькія шакаладныя пліткі з лікёрам. «Цукеркі, якіх вы не знойдзеце больш нідзе, у адрозненне ад класічных „Mon Chéri“!», — запэўнівае сястра Анастасія. Сёстры зараз распрацоўваюць новыя смакі і эксперыментуюць з віскі і нават Chartreuse.
Сярод нядаўніх інавацый — пясочныя ружы, спрэды і «вытанчаныя неапалітэны» — маленькія, вельмі тонкія квадрацікі шакаладу з падсмажаным рысам, пакрытыя фундуком або фісташкамі.
Рэпутацыя з гадамі расце і прыцягвае новых наведвальнікаў. «Мы не робім нічога асаблівага для рэкламы саміх сябе. Многія людзі спецыяльна прыязджаюць за нашым шакаладам, што заўсёды нас здзіўляе», — прызнаецца сястра Анастасія. У пачатку 20-га стагоддзя сёстры нават удзельнічалі ў кірмашах, каб прадэманстраваць свой шакалад, атрымліваючы сімвалічныя ўзнагароды. Аднак, нягледзячы на гэты поспех, сёстры часам адчуваюць трывогу.
«Мы залежым ад коштаў на какава, і, на жаль, нам даводзіцца іх павышаць. Дзякуючы нашаму паўрамеснаму вытворчаму працэсу, нашы шакаладкі становяцца амаль прадметам раскошы», — кажа сястра Бернадэта. «Мы вырабляем каля дзвюх тон шакаладу ў год!» — падсумоўвае сястра Анастасія: «Гэта прадукт, якім мы вельмі ганарымся. Гэта спадчына працы нашых старэйшых сясцёр і ўсяго інжынернага духу, які яны развілі».
pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

